Общество
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

«Праз два гады я стану першым даляравым мільярдэрам Беларусі»

Я прыходжу на ўчастак №69 на вуліцы Пімена Панчанкі за некалькі гадзін за закрыцця. Да старшыні камісіі, мільянера Паўла Тапудзідзіса якраз прыехала здымачная група АНТ.

Уласнік «Тытунь-Інвеста» расказвае пра свабоднае выяўленне волі народа. Журналіст, які выконвае ролю трымальніка мікрафона, маўкліва пагаджаецца з бізнесменам.

Праз некалькі хвілін гасцінны гаспадар заводзіць гасцей у кабінет чарчэння. Тут накрыты багаты стол з далікатэсамі ад «Кароны». Тапузідзіс налівае сабе і журналісту АНТ каньяк (аператар адмаўляецца) і ўздымае тост: «Ну, за Беларусь!». Да ўсіх прысутных ён звяртаецца на «Вы».

Побач з мільянерам сядзіць Аляксандр Скубакоў, былы намеснік адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Цяпер гэты немалады палыселы мужчына — адзін з падначаленых Тапузідзіса. Шэф ласкава называе яго «мальчуган». Да мяне Скубакоў на «ты».

Некалькі разоў за размову Тапузідзіс перапытвае ў сваіх калег незразумелыя яму словы, але ў цэлым разумее па-беларуску.

Аднойчы нават прадэманстраваў веданне прымавак. Вы ведаеце, які адпаведнік мае фраза «над крылечком дым колечком»? А грэк Тапузідзіс ведае. «Над ганкам дым абаранкам», — пратэсціраваў ён мяне і сяброў камісіі.

«Я не стаў мяняць прозвішча мяняць з Тапузідзіса на Тапурыдзэ»

Першае пытанне да Тапузідзіса выглядае рытарычным: «Ніхто іншы — ні Чыж, ні Машэнскі — не сядаюць, не лічаць бюлетэні. А вы вось праяўляеце сваю грамадзянскую пазіцыю... Чаму?».

Тапузідзіс аджартоўваецца: «Я добра ведаю Чыжа. Я думаю, яму хапае, як праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю. Асабліва яму. А Машэнскі яшчэ малады».

«Мне проста цікава на самой справе, — тлумачыць Тапузідзіс. — Удзел у прэзідэнцкіх выбарах – гэта, з аднаго боку, грамадзянская пазіцыя, а з іншага — грамадзянская адказнасць».

«А вы б не хацелі ў дэпутаты ці сенатары ісці, гэта ж яшчэ большая грамадзянская пазіцыя?» — удакладняю ў яго.

«Я зарабляю грошы. Мая праца — бізнес. Мая задача — зрабіць усё, каб дзясяткі тысяч работнікаў працавалі спакойна, атрымлівалі два разы на месяц зарплату, і не баяліся, што заўтра іх выганяць на вуліцу. Гэта мой першы абавязак. Калі трэба для гэтага ў сенатары пайсці... Ну я ж не Шакуцін. Аляксандр Міхайлавіч — своеасаблівы чалавек. Яму трэба, каб у яго значок быў», — адказвае мільянер.

Тут Тапузідзіс паказаў на свой пінжак, да якога быў прышпілены значок з выявай савецкага сцяга.

«І што вы хацелі гэтым сказаць? — разгубіўся я. — Некалькі хвілін таму вы падымалі тост за Беларусь. А самі ў касцюме не са сцягам Беларусі, а з СССР?»

«Гэта нельга параўноўваць. Па-першае, я нарадзіўся і вырас у Савецкім Саюзе. Я прыехаў у Беларусь, бо ў Грузіі як грэк мог паступіць хіба што ў які-небудзь кулінарны тэхнікум. Трэба было прозвішча мяняць, з Тапузідзіса на Тапурыдзэ. Такія былі часы. Пры гэтым я абсалютна шчыра пісаў заяву, каб паехаць у Афганістан... Капіталізм мы лічылі ворагам! — узгадвае Тапузідзіс. — Па-другое, я нашу значкі не для таго, каб паказаць, што камусьці сімпатызую. Проста калекцыяную. На кожным касцюме свой значок».

Звольнілі, бо зашмат зарабляў

Тапузідзіс расказвае пра трагічны лёс свайго народа і сваёй сям’і.

У пачатку ХХ стагоддзя дзясяткі тысяч грэкаў быў вымушаны сысці з роднай зямлі (цяпер гэта тэрыторыя Турцыі). Частка насельніцтва пагадзілася перайсці ў іслам, і таму засталася, а вось продкі Тапузідзіса апынуліся ў цяперашняй Грузіі.

У Беларусі будучы мільянер займаўся будаўніцтвам мастоў, але ў 1987 годзе быў звольнены, бо «ў тыя гады нельга было шмат зарабляць». Тады ў Рудзенску ён заснаваў кааператыў па вытворчасці пахавальных кветак.

Аднак асноўнае багацце Тапузідзіс зрабіў на вытворчасці тытуню і сетцы гіпермаркетаў «Карона».

Паколькі на цыгарэтным рынку працуюць толькі Тапузідзіс і дзяржаўная гродзенская фабрыка «Нёман», паўстае лагічнае пытанне: ці можна лічыць, што ягоны бізнес паўстаў дзякуючы дзяржаве ці прынамсі з маўклівай згоды ўладаў?

Бізнэсмен запэўнівае, што гэта не так. Ён расказвае, як яшчэ ў пачатку 1990-х годзе стварыў прадпрыемства «Прыма» і выпускаў цыгарэты «Беламор-Канал». Такая вытворчасць стала першай на рынку. Гісторыю стварэння Тапузідзіс апісвае проста — гандляваў цыгарэтамі і падумаў: чаму б не рабіць іх самому? Праўда, пасля ўвядзення дзяржаўнай манаполіі бізнес быў знішчаны.

Другая спроба адбылася ў 1996 годзе, калі Тапузідзіс атрымаў ліцэнзію на выпуск цыгарэт. Такі дакумент, кажа ён, мог атрымаць любы ахвотны.

У чым тады быў феномен Тапузідзіса? Мільянер пачынае пералічваць складнікі свайго поспеху: хацець, разумець, быць цярплівым і каб былі грошы. Маўляў, трэба, каб усё гэта супала.

«Каб рабіць гэты бізнес, трэба было проста ўзяць яго — і зрабіць, — тлумачыць ён. — Людзі ў асноўным тады займаліся гандлем, не вытворчасцю. А ў мяне перад тытунём былі і пахавальныя кветкі, і цацкі, і самалёцікі... Вось вы мадэлямі захапляецеся?»

Да мадэлявання я стаўлюся абыякава. Кажу, што больш падабаецца футбол.

«А я не люблю спорту, — прызнаецца Тапузідзіс. — Я на яго столькі грошай патраціў, дзясяткі мільёнаў! Я пабудаваў тры хакейныя палацы».

«А што, не хацелі?» — удакладняю я.

«Што за пытанне? — узрываецца мільянер. — Вось вы цярпліва мяне слухаеце. Нават калі я пачну абражаць вас, вы ўсё адно будзеце мяне слухаць. Таму што гэта ваша праца і вы хочаце нешта спытаць. Тое самае і бізнес. Калі вы хочаце яго прасоўваць, трэба — вы пабудуеце і лядовы палац... Я абсалютна добраахвотна купляў у раддом апарат для пералівання крыві, калі ў 1990-я паміралі нашыя немаўляты. І ў любой краіне так. Мае прыяцелі — і немцы, і галандцы — таксама ў чымсьці ўдзельнічаюць».

«Пабудаваў для сябе, ну і што?»

Тапузідзіс кліча ўдзельнікаў дыскусіі на перакур. Папярэджваю, што не куру.

«Дарма. Вы ж тады нам не прыносіце прыбытак!», — жартуе бізнесмен.

Стаяць з цыгарэтай на ганку Тапузідзіс не хоча, таму ўводзіць грамаду за рог школы.

Калі вяртаемся, на ўваходзе ў школу бачым грузавік «Гіпа», у які загружаюць непрададзены за дзень выбараў тавар. Чаму не «Карона», а сетка-супернік?

«Нехта прыняў рашэнне гандляваць гарэлкай. А я сказаў, што не магу прывесці сюды «Карону» і на вуліцы разліваць алкаголь. Дурныя рэчы я не выконваю. Я гатовы адстойваць сваю пазіцыю на любым узроўні, нават перад прэзідэнтам. Напрыклад, апошняя нарада, калі нам забаранілі гандляваць півам і гарэлкай да 22.00, — прыводзіць прыклад Тапузідзіс. — Я ўстаў і сказаў: Аляксандр Рыгоравіч, гэта няправільна. І ён адразу ж са мной пагадзіўся, і рашэнне было адменена. Ці пра сертыфікаты. Я казаў: людзей трэба прывучаць, спажывец, купляючы куртку, павінен быць упэўнены ў якасці тэрмаапрацоўкі. І там адстаяў, і там адстаяў. А як па-іншаму?»

«У мяне няма бізнесу, які я атрымаў ад дзяржавы. Ніводнага квадратнага метра, пабудаванага дзяржавай, я не купіў і не атрымаў рашэннем прэзідэнта», — неаднаразова пад час размовы падкрэсліў ён.

«Вядома, немагчыма. А навошта?»

Летась «Наша Ніва» пісала пра рэзідэнцыю Тапузідзіса на возеры Мядзел. «Тытунь-Інвест» пабудаваў там аздараўленчы комплекс, але адпачыць турысту там немагчыма.

— Вядома, немагчыма. А навошта? — шчыра не разумее ён.

— Дык для якіх гэта турыстаў? — удакладняю я.

— Гэта для сябе я пабудаваў. А што ў гэтым дрэннага?

— Гэта ж няроўныя ўмовы. Вы ўзялі для сябе зямлю, а іншыя не могуць.

— Я ж таксама не звычайны грамадзянін. Калі б вы аказалі дапамогі мільёнаў на 30—40... Вы трошкі блытаеце паняцці. Калі вы станеце вялікім журналістам, вам таксама, можа, дадуць зямлю, і вы пабудуеце сабе домік.

Ад патэнцыйнага падарунка я адмаўляюся, а Тапузідзіс тлумачыць, што такая самая практыка ёсць і ў іншых краінах.

Мільянер мае катэдж у Драздах, але да выдзялення элітнай зямлі чыноўнікам мільянер ставіцца з негатывам. Маўляў, ён на свой дом зарабіў, а яны?

«Трэба, каб з’явіўся выбар»

Ці праўдзівыя лічбы яўкі на выбарах?

Тапузідзіс запэўнівае, што людзі актыўна ідуць на ягоны ўчастак. Разыходжанняў у афіцыйных лічбах і лічбах назіральніка ад «Гавары праўду» насамрэч не было. Выніковая яўка склала 75% (29% прагаласавалі датэрмінова — гэта сярэдняя лічба па Мінску). Тапузідзіс пытаецца, чаму я не пайшоў на выбары.

«Няма кандыдата, за якога мне не было б сорамна», — адказваю яму.

«Менавіта вам? То бок трэба кандыдата менавіта пад вас падабраць? Так жа таксама нельга. Калі ў вас няма, за каго галасаваць, трэба было прыйсці і прагаласаваць «супраць усіх», — раіць Тапузідзіс.

Сам ён прагаласаваў датэрмінова. Кажа, што цэніць стабільнасць.

Размаўляем пра палітычную альтэрнатыву. «Трэба, каб з’явіўся лідар, які б спадабаўся ўсім, і людзі пойдуць за гэтым лідарам. У 1994 годзе я быў на выбарах памочнікам старшыні камісіі, і бачылі, як людзі галасавалі не «за», а «супраць» улады», — разважае мільянер.

Узгадваю гісторыю Віктара Ганчара, якога ў сярэдзіне 1990-ых многія лічылі лідарам. І дзе ён зараз, пахаваны ў лесе?

«Гэта ўсё казкі», — перабівае Аляксандр Скубакоў. «Гэта не тое месца, дзе такія рэчы гавораць», — нагадвае Тапузідзіс.

Грэчаскі мільянер і беларуская мова

Да мільянера плынню ідуць хадакі, ён не хавае, што большасць з іх нешта просіць для сябе. Калі да канца галасавання застаецца паўгадзіны, Тапузідзіс нарэшце сядае на сваё месца на чале стала. Выбарцаў нямнога, таму завязваецца яшчэ адна дыскусія.

Тапузідзіс пытаецца, які новы закон мусіць прыняць дзяржава. Я прапаную меры падтрымкі беларускай мовы. Дзікунская статыстыка: ва ўніверсітэтах краіны на беларускай жа мове навучаецца ўсяго 300 чалавек, фактычна гэта толькі філалагічныя групы плюс нешматлікія групы гістфака.

Тапузідзіс не можа паверыць у гэтыя лічбы: «Вы хочаце сказаць, што на журналістыцы ў БДУ няма беларускага аддзялення?». Няма.

Бізнесмен прапануе пазваніць каму-небудзь з рэктараў універсітэтаў і спраўдзіць.

Дыскусія наконт стану беларускай мовы працягваецца доўга. На адным баку ўяўнага рынга аказваюцца былы чыноўнік Аляксандр Скубакоў і цётка-назіральніца, якая, здаецца, працуе настаўнікам у гэтай школе. На іншым знаходжуся я, але з цягам часу мяне пачынае ўсё больш актыўна падтрымліваць Тапузідзіс.

«Што вам перашкаджае? — уступае ў дыскусію назіральніца. — Скончыце філфак і працаваць журналістам», — «раіць» назіральніца.

«А калі я іду ў медыкі, мне таксама скончыць філфак? — абураюся я. — Вы разумееце, што нават у чалавека, які прыехаў з іншай краіны, цвярозае ўспрыманне сітуацыі, а ў вас не?»

«Кожны чалавек, які адчувае сябе беларусам, павінен вывучаць сваю мову. Размаўляць на ёй, пісаць на ёй», — кажа Тапузідзіс.

Ён прыводзіць прыклад Літвы, дзе ўсё справаводства вядзецца па-літоўску, хоць бізнес часткова вяртаецца да рускай мовы.

«Калі б дзяржава паставіла ўмовай валоданне беларускай мовай, я б пабег вучыць наперадзе ўсіх беларусаў», — афарыстычна абяцае бізнесмен.

Сам ён адчувае сябе грэкам, найчасцей выкарыстоўвае рускую мову, але можа падтрымаць размову з прадстаўнікамі многіх нацый: «Я выдатна размаўляю на старагрэчаскай мове, горш — на навагрэчаскай. Ведаю азербайджанскую, турэцкую, магу на англійскай, грузінскай і трошкі на армянскай».

Тапузідзіс мяркуе, што гвалтоўна насаджаць беларускую мову не трэба, а заахвочваць — чаму б і не?

«Я б, напрыклад, прыняў бы масу ўсялякіх законаў. Хочаце, каб па-беларуску навучыліся? Значыцца, заканчваеце беларускую школу і паступаеце без конкурсаў ва ўніверсітэт. Можна зрабіць прэферэнцыі, каб з двух кандыдатаў у выканкам браць таго, хто размаўляе па-беларуску. Калі вы чыноўнік, ні храна не робіце і кіруеце ўсімі, то будзьце ласкавы, здайце экзамен», — прапануе грэк.

«Шура, вось ты размаўляеш па-беларуску?»

— Шура, вось ты размаўляеш па-беларуску? — запытвае Тапузідзіс у Скубакова.

— Не-а, — адказвае адстаўны чыноўнік.

— Чаму?

— Таму што не хачу... Не навучыўся. Чаму мяне хтосьці павінен прымусіць? У нас ёсць усё, каб прапагандаваць беларускую мову — і культура, і тэатры...

— Ён жа не пра гэта кажа! — спасылаецца на мяне Тапузідзіс. — А пра тое, што дзяржава абавязаная прымушаць вас як грамадзян любіць беларускую мову!

— І хто мяне прымусіць?

— Я цябе прымушу. Выдам загад і прымушу.

Тапузідзіс узяў падначаленага за гальштук, які нечым выпацкаўся і прыцягнуў «допыт».

— Вось твая ўнучка размаўляе па-беларуску?

— Ёй больш падабаецца вывучаць на рускай мове.

— Ты мяне не падманвай. Гэта дзіця. Яго якой мове навучыш, на такой і будзе.

Ён усё ведае

Тапузідзіс узгадвае Аршанскую бітву, кажа пра Кастуся Каліноўскага. «Хто вашай нацыі больш за ўсё псаваў нервы і больш за забіў мужыкоў — гэта рускія, — нагадвае ён. — Ні разу з палякамі вы не ваявалі, ні разу з літоўцамі. З украінцамі — толькі з Хмяльніцкім, які хацеў насадзіць тут рускіх.

«Трэба пісаць гісторыю з нацыянальнага пункту гледжання», — падсумоўвае Тапузідзіс.

Напрыканцы размовы ён расказвае пра сваю мару — стварыць сетку рэстаранаў з беларускай кухняй. Тапузідзіс прызнае, што займацца піцамі прасцей, аднак бачыць перспектыву ў драніках і мачанцы.

«Праз два гады я стану мільярдэрам», — прагназуе ён. «А больш у нас няма мільярдэраў?» — пытаюся Тапузідзіса. «Пакуль што няма», — сцвярджае бізнесмен.

Тапузідзіс запэўнівае, што не баіцца за свой бізнес, бо сплачвае ўсе падаткі і не бярэ нічога ад дзяржавы: «Я б мог сысці ў афшоры, і кожны дзень пару мільёнаў адкладаць. Але не раблю гэтага».

Тут усе мае людзі

...А што з падлікам галасоў? Пасля заканчэння галасавання старшыня камісіі Павел Тапузідзіс падышоў да назіральнікаў і папрасіў заставацца на сваіх месцах — за дзясятак метраў ад стала з падлікам бюлетэняў. Тыя не спрачаліся пра свае правы. Усё, што бачылі назіральнікі — спіны сяброў камісіі. Зрэшты, многія з «прадзяржаўных» назіральнікаў паспелі напісаць справаздачу аб адсутнасці прэтэнзій яшчэ да сканчэння галасавання.

Праз гадзіну падлікаў намесніца Тапузідзіса агучыла вынікі. Паводле іх, за Лукашэнку прагаласавалі 65% выбарцаў, Караткевіч 5,5%, Гайдукевіч і Улаховіч па 4%. Супраць усіх — 20%.

Тапузідзіс шчыра здзівіўся такой вялікай лічбе пратэстнага галасавання, але пераправяраць нічога не стаў.

«Там усе мае людзі, — патлумачыў ён, паказваючы на камісію. — Я тут, бо б’юся за свой бізнес».

За ўвесь час падліку галасоў Тапузідзіс не ўзяў у рукі ніводнага бюлетэня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)