«Вы ўжо згубілі рэшткі свайго палітычнага і сацыяльнага капіталу папярэднімі бязглуздымі ўчынкамі»

Грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Мацкевіч праз фэйсбук звярнуўся да Міколы Статкевіча, Анатоля Лябедзькі і Уладзіміра Някляева з просьбай больш не ладзіць акцыі накшталт пікету, што адбыўся ўвечары 10 верасня.

«Мы ўсе добра ведаем, што вы супраць рэжыму, даўно і пасьлядоўна. Вы гэта не аднойчы даказвалі.

Ведаем, што вы супраць гэтых выбараў, хай сабе і са спазьненьнем.

Не трэба гэта больш дэманстраваць. Дэманстраваць навязьліва, патасна, карцінна.

І бязглузда.

Абрыдла ўжо!

Вы лідары ці лузеры?

Навошта вы робіце тое, што можа зрабіць Паша Вінаградаў, што можа зрабіць любы падлетак з некалькімі сябрамі?

Чаго вы дамагліся, і чаго дамагаліся?

Бо нічога, акрамя "карцінкі" не атрымалася. Той маленькі натоўп, што атрымаўся на "карцінцы" не варты часу, энэргіі і намаганьняў лідараў нацыянальнага ўзроўню.

"Карцінка" квёлая атрымалася, але гэта ўсё ж станоўчы вынік. Маленькі, але станоўчы.

Але яго пераважвае вялікі адмоўны вынік! Вы падаграеце цікавасць да гэтых "выбараў". Вы ствараеце шоў, якое патрэбна Лукашенке і Ярмошынай, Вы працуеце на іх PR.

Кожнае такое шоў, кожны такі фарс, кожны скандал, кожная "карцінка" дадае пэўную колькасць тых, хто прыйдзе на ўчасткі 11 кастрычніка.

Кемлівыя і разважлівыя людзі ўсё зразумелі пра гэтыя "выбары", і адвярнуліся ад іх.

Засталіся экзальтаваныя, рамантычныя, наіўныя. Вы дадаеце ім марнай надзеі і адштурхоўваеце ад сябе кемлівых і разважлівых.

Экзальтацыя пройдзе, яна заўсёды хутка праходзіць. А высновы пра вас, як пра патасных правадыроў экзальтаваных падлеткаў, у разважлівых застануцца. І вам гэта яшчэ адгукнецца.

Хоць, якая вам розніца! Вы ўжо згубілі рэшткі свайго палітычнага і сацыяльнага капіталу папярэднімі бязглуздымі ўчынкамі.

Вы не ведаеце, што рабіць далей. Гэта бачна!

Бачна па мітусні "ўдзел-неудзел", "збіраем подпісы-не збіраем", "здымаемся-не здымаемся".

Бачна па незмястоўных і невыразных словах і заявах.

Бачна па гэтым пікеце, які вы сёньня ўчынілі.

Я не вінавачу вас у гэтым. Разумею, чаму ў вас няма ніякага пляну ні на доўгую, ні на кароткую перспектыву.

Але вы хоць крок да таго, каб яго зрабіць, здольныя зрабіць?

Ці вашага розуму хапае толькі на тое, каб бузіць пад дзьвярыма ўнівермагу?

Мне няма справы да таго, як вы марнуеце свой імідж, аўтарытэт і палітычны капітал. Гэта належыць вам, і вы маеце права рабіць з сабой, з тым, што маеце, ўсё што заўгодна!

Мне ёсць справа да Радзімы, свабоды, будучыні.

Пытаньне толькі ў тым, з вамі, ці на вас ужо цалкам трэба ставіць крыж? Залічыць вас у поўныя лузеры?» – пытаецца Уладзімір Мацкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)