Общество
Павел Печанько, фота аўтара

Як заапарк выявіў адну з балючых праблем Мінска

Як толькі ў раёне са сфарміраванай інфраструктурай і шчыльнай забудовай з’яўляецца новы аб’ект масавага карыстання, пачынаюцца цяжкасці з паркоўкай. Як гэта выглядае ў Чыжоўцы — глядзіце ў фотарэпартажы «Салідарнасці».

Праблема з месцамі для паркоўкі ў вялікім горадзе знаёмая амаль кожнаму ўладальніку аўто. З’ява гэтая актуальная для любога раёна горада — ад «спальнікаў» на ўскраінах да цэнтра з яго шматлікімі офісамі і афіцыйнымі ўстановамі. Колькасць аўтамабіляў расце хутчэй, чым будуюцца стаянкі і паркінгі. І нават там, дзе гэтыя паркінгі ўжо ёсць, навакольныя двары ўсё адно шчыльна застаўленыя машынамі — шмат хто з «прыезджых» не жадае плаціць грошы за парковачнае месца, ствараючы дадатковыя нязручнасці мясцовым жыхарам.

Сітуацыя ўскладняецца, калі ў раёне з цалкам сфарміраванай інфраструктурай і шчыльнай забудовай з’яўляецца новы аб’ект масавага карыстання — гандлёвы-забаўляльны ці медычны цэнтр, кавярня. Як правіла, паркоўку для кліентаў новай установы ў такім раёне пабудаваць праблематычна.

У лепшым выпадку гэта будзе невялікая стаянка на паўтара-два дзясяткі месцаў. Рэшта наведнікаў вымушаная будзе «напружваць» жыхароў навакольных двароў.

З падобнай праблемай сутыкнуліся жыхары вуліцы Убарэвіча ў Чыжоўцы. Дакладней, таго адрэзка вуліцы, які размяшчаецца насупраць гарадскога заапарка.

Заапарк карыстаецца сярод жыхароў і гасцей сталіцы вялікай папулярнасцю. А падчас школьных вакацыяў тут назіраецца сапраўдны ажыятаж.

Колькасць наведнікаў узрасла на парадак (калі не ў разы) пасля таго, як на тэрыторыі заапарка пачаў працаваць дэльфінарыюм «Нэма». А сёлета адчыніліся яшчэ і экзатарыюм з «Дынапаркам». Вядома, дадатковых парковак адмыслова пад новыя забаўляльныя пляцоўкі ніхто не будаваў.

Удзень стыхійная паркоўка ўздоўж праезнай часткі па Убарэвіча расцягваецца сама мала на паўкіламетра.

Падобная карціна назіраецца ўздоўж заапарка на вуліцы Ташкенцкай у бок вуліцы Машынабудаўнікоў. Там у некаторыя дні аўтамабілі стаяць да самай дамбы. Але ў тым месцы яны асабліва нікому не замінаюць.

На Убарэвіча ж стыхійная стаянка ўздоўж праезнай часткі істотна ўскладняе ў першую чаргу сам аўтамабільны рух: увесь час нехта спрабуе прыпаркавацца альбо выехаць. Натуральна, пакінуўшы аўто, наведнікі заапарка ў большасці сваёй тут жа і пераходзяць дарогу, не марнуючы час на кругасветнае падарожжа да падземнага перахода.

Наземны пешаходны пераход насупраць дома №2 (і дарогі да «Дынапарка») часта ў парушэння правілаў ПДР амаль усутыч застаўлены аўтамабілямі ці аўтобусамі.

Пераходзіць дарогу ў такія моманты трэба надзвычай асцярожна, асабліва з малымі дзеткамі.

Тыя, хто не здолеў прыпаркавацца непасрэдна каля заапарка, шукаюць вольныя месцы ў навакольных дварах. Чым выклікаюць абгрунтаваныя нараканні мясцовых жыхароў: парковачных месцаў і без гэтага хапае далёка не ўсім «сваім», да таго ж перагружаныя двары робяцца недасяжнымі для спецтранспарту — машын «хуткай дапамогі», пажарных, смеццявозаў і прадуктовых фургонаў.

У тым жа доме №2 размяшчаецца харчовая крама «Пчолка», пад’езд да склада якой знаходзіцца ва ўнутраным двары-кішэні. Мясцовыя жыхары ведаюць пра гэтую акалічнасць, таму ўдзень стараюцца пакідаць свае аўтамабілі ў іншых месцах.

Ужо неаднойчы даволі габарытныя райпоўскія фургоны пры спробе выезду з двара пашкоджвалі неабачліва прыпаркаваныя легкавікі. Супрацоўнікі крамы ўвесь час сварацца з наведнікамі заапарка, якія пакідаюць тут свае машыны, часам каля самай рампы.

Але адмысловага знаку, які б забараняў паркоўку, чамусьці дагэтуль няма. Ёсць толькі паперка на дзьвярах склада крамы, якая папярэджвае пра непажаданасць паркоўкі ў гэтым месцы. Вось і даводзіцца грузчыку крамы перагароджваць заезд у двор пустымі скрынямі ці паддонамі.

Неяк давялося быць сведкам спрэчкі кіроўцы з супрацоўнікамі крамы. Пасля да дыскусіі далучыўся супрацоўнік ДАІ. Скончылася ўсё адносна проста: мужчына з’ехаў без штрафу. Яму нават прапанавалі на будучыню пакідаць аўто на стаянцы каля «Чыжоўка-Арэны», якая «стаіць зусім пустая».

Як аказалася, на той стаянцы насамрэч дастаткова месцаў для паркоўкі. Відаць, не ўсе пра яе ведаюць. Альбо банальна лянуюцца ісці адтуль паўкіламетра пешшу.

На сайце заапарка ёсць мапа, на якой пазначаныя ўсе аб’екты ўстановы, у тым ліку і паркоўка. Яна зусім малая і яўна не спраўляецца з размяшчэннем аўтамабіляў наведнікаў. Чаму б на тым жа сайце не размясціць інфармацыю пра паркоўку каля Арэны?

Глядзі таксама:

Як выглядае Мінск з борта рачнога трамвая

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)