26.11.2007
Таццяна Гусева
Угодкі Слуцкага збройнага чына святкавалі паасобку

Першымі памяць слуцкіх паўстанцаў 24 лістапада ўшанавалі ўдзельнікі паездкі па мясцінах, дзе адбывалася паўстанне, арганізаванай рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, партыяй БНФ і грамадскім аргкамітэтам па ўвекавечванню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

У падарожжы, якое пралягала па маршруту вёскі Грозава і Семежава (Капыльскі раён) — Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) — Слуцк — Старыя Дарогі, прынялі ўдзел каля ста чалавек. У Старых Дарогах на адкрыццё памятнага знака героям Слуцкага збройнага чына да іх далучыліся жыхары Слуцка і Салігорска.

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў прыватным музеі Анатоля Белага. На ім таксама прысутнічала аташэ амбасады Чэхіі ў Беларусі Яна Паўлава. Гаспадар, які, дарэчы, з’яўляецца аўтарам памятнага знака сумесна са сваім братам Міхаілам Белым і мастаком-афарміцелем Уладзімерам Каравацкім, у размове з журналістам “Салідарнасці” сказаў, што ідэя стварэння помніка слуцкім паўстанцам была агучана ім ў прэсе яшчэ ў 1992 годзе.

“Быў аб’яўлены конкурс, у якім прыняў удзел адзіны скульптар Міхаіл Інькоў. Ён стварыў рабочую мадэль помніка. На жаль, той праект не быў выкананы з-за адсутнасці грошай. Зараз я шчаслівы, што ажыццявіў сваю даўнюю задуму”, — гаворыць Анатоль Белы.

Памятны знак уяўляе сабой выцінанку па металу (пласкасную скульптуру) памерам 3 на 2,5 метры, усталяваную на вышыні сем метраў на даху дома-музея. На шасціканцовы крыж святой Еўфрасінні Полацкой пакладзена выява паўстанца. Ён пагібае, але рукой засланяе старажытны беларускі герб "Пагоня", змешчаны ў цэнтры пячаткі "Часовай рады Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі". У аснаванні знака напісана: "Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына".

Каб ускласці вянок і кветкі да знака, маленькаму хлапчуку Вітаўту прыйшлося ўзбірацца па лесьвіцы. Анатоль Белы звярнуўся да слуцакоў з прапановай паклапаціцца знайсці ў горадзе сядзібу і ўсталяваць на ёй такі помнік.

На наша пытанне, ці вёў спадар Белы гаворку пра гэтае з адміністрацыяй Слуцкага райвыканкама, суразмоўца адказаў: “Я да іх не звяртаўся. Некалькі гадоў таму я перадаў у Слуцк помнік слуцкім ткачыхам, і па сённяшні дзень, як кажуць: “ни ответа, ни привета”. Яны хацелі ўсталяваць яго на месцы, дзе стаяў помнік Жукаву, але я на гэтае згоды не дам. На месцы, дзе вітае дух палача беларускага народу, паставіць помнік брэнду Слуцка — гэта супраць майго сумлення”.

Памятны знак — не адзіны экспанат у Старадарожскім музеі, які прысвечаны падзеям 1920 года на Случчыне. У экспазіцыі прадстаўлены каля 90 партрэтаў паўстанцаў, створаных масткамі Анатолем Крывенка і Алесем Цыркуновым.

Грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык выказаў задавальненне вандроўкай: “27 лістапада, дзень Слуцкага збройнага чына, ўжо даўно замацаваўся ў нацыянальным календары Беларусі. І вельмі добра, што ёсць традыцыя найноўшага часу, калі беларускія патрыёты наведваюць крыжы, пастаўленыя ў 1990-х гадах у памяць аб змагарах Слуцкага збройнага чына ў Грозава, Семежава і Вызна. Святкуючы гэтую дату, мы не толькі ўшаноўваем памяць нашых продкаў, мы яшчэ закладаем вельмі добры падмурак пад будучыню, бо случакі паўсталі, каб жыла Беларусь”.

Святар незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы пратаіерэй Леанід Акаловіч асвяціў памятны знак і сядзібу музея.

На наступны дзень 25 лістапада ў Слуцку каля будынка мясцовага краязнаўчага музея актывісты Кансерватыўнай хрысціянскай партыі БНФ разам з Салігорскай суполкай “Маладога фронта” правялі свой мітынг, прысвечаны 87-ым ўгодкам Слуцкага збройнага чына. Іх акцыя была не такой масавай, як у мінулым годзе. Удзел у ёй прынялі каля шасцідзесяці чалавек разам з мясцовымі жыхарамі. Прадстаўнікі мясцовага Таварыства беларускай мовы раздавалі мінакам буклеты пра падзеі 1920 года, калі больш за 10 тысяч паўстанцаў змагаліся супраць бальшавікоў за волю і незалежнасць Беларусі.

Увечары, калі сцямнела, у Слуцку прайшла яшчэ адна акцыя, якую арганізавалі актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс”. За будынкам музея яны зрабілі салют, а пасля прайшлі пад сцягамі да перакрыжавання вуліц Леніна і Жукава.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0.1 (оценок:302)