.

Спецпроект:
03.06.2015
Руслан Гарбачоў
«Калі яго каманда прайгравала, Лукашэнка псіхаваў. Біў супернікаў па нагах»

Лідар рабочага руху 90-х і дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Антончык у інтэрв’ю «Салідарнасці» прыгадаў, як гуляў з Аляксандрам Лукашэнкам у футбол, чаму навучыўся ў Зянона Пазьняка, і як паміраў Генадзь Карпенка.

– На мінулым тыдні мы не змаглі з вамі сустрэцца, бо вы сказалі, што ў Мінск прыехала сям’я Генадзя Карпенкі, і вам трэба было ім дапамагчы.

– Так, прыязджала яго ўдава Людміла і сын. Яны ўжо атрымалі грамадзянства Германіі, таму спакойна прыехалі пад абаронай нямецкай краіны. Наведалі магілу Генадзя, вырашылі іншыя пытанні.

– Як склалася ваша сяброўства з Карпенкам?

– Я гуляў у футбол у чэмпіянаце БССР за мінскі «Спутнік», куды мяне запрасіў трэнер Валодзя Курнеў. А Генадзь быў суддзёй. Пасля мы больш блізка пазнаёміліся ў 1990-м, калі БНФ праводзіў першы мітынг на стадыёне ў Маладзечна. Узяў там слова і Генадзь, як дырэктар заводу парашковай металургіі. Камуністы чакалі, што ён выступіць на іх баку, але з яго словаў усе падумалі, што ён падтрымлівае БНФ (усміхаецца).

Генадзь Карпенка на «Чарнобыльскім шляху-1996»

Пасля мы абодва сталі дэпутатамі ў Вярхоўным Савеце... І адчулі блізкасць на духоўным узроўні. Калі людзі сябруюць? Калі ёсць паразуменне на духоўным узроўні. Гэта так жа цяжка растлумачыць, як растлумачыць, чаму мужчына пачынае кахаць нейкую жанчыну. Затым мы і ў грыбы разам хадзілі, і сем’ямі сустракаліся.

Рабочыя выступы. 1990 год. З мегафонам — Сяргей Антончык. Фота svaboda.org

Мітынг на плошчы Леніна падчас рабочых страйкаў. 1991 год. Фота Уладзіміра Кармілкіна, vytoki.net

Мінскі гарадскі страйкам, 1991 год. Фота Уладзіміра Кармілкіна, vytoki.net

– Дэпутат Лукашэнка якое ўражанне на вас рабіў?

– Па-першае, у яго не было ніякіх сяброў. Па-другое, ён не быў вельмі разумным чалавекам. Рэальна. Але меў добрую памяць, дакладней – злапомнасць.

– Напрыклад?

– Напрыклад, як у футбол гулялі, і яго каманда прайгравала, то Лукашэнка абавязкова павінен быў ці даць па нагах, ці ўшчыпнуць лепшага нападаючага з супернікаў.

– Вы гулялі з ім у футбол?

– Канешне. Існавала парламенцкая каманда, мы пастаянна гулялі ў спорткомплексе ва Ўруччы. Прыходзіла чалавек 20, і мы дзяліліся на дзве каманды. Лукашэнку ніхто першы не выбіраў. Па-першае, гуляў ён так сабе. Па-другое, як прайграваў, то псіхаваў. Ён не мог дагуляць да канца, калі яго каманда саступала. Казаў, што спіна баліць ці яшчэ што.

У дэпутацкім асяроддзі Лукашэнка нейкімі здольнасцямі не вылучаўся, паводзіў сябе як нарцыс, які пастаянна кудысьці лезе. Ёсць людзі, якія не адчуваюць сур’ёзнасць пытанняў, якія ставяцца перад імі. Людзі, якія мала што разумеюць і таму бяруцца за самую цяжкую працу. А разумны ў гэтай сітуацыі думае: не, відаць, я з гэтай справай не спраўлюся. Уявіце, каб мяне зараз запрасілі: давай, папрацуеш з намі над атамным рэактарам. Як разумны чалавек, я адкажу: хлопцы дзякуй, але мне не хапае для гэтага ведаў і досведу. Але ж шмат дурняў на маім месцы адказалі б: окэй, які там заробак, давайце паспрабуем.

– – Гэта вы падводзіце да таго, што Лукашэнка не пасаромеўся вылучыцца ў прэзідэнты?

– Падводжу да таго, што ён такі па псіхалогіі. Ён вырашае пытанне, толькі калі нешта здараецца. Вось рухнуў рубель, ён пачаў круціцца, зваць усіх экспертаў: ой, хлопцы, такое адбылося, выпраўце мне сітуацыю, а то пасажу. Выправілі – зараз будзе сядзець да наступнага выбуху.

Маё перакананне: Лукашэнка сам па сабе не вельмі разумны чалавек. Гэта зараз з яго ўжо зрабілі дэмана. У першы час прэзідэнцтва Лукашэнка яшчэ не быў дыктатарам. Вясковы хлопец стаў прэзідэнтам, нічога не разумеючы. Нармальныя людзі ў яго каманду не ішлі. Ішлі альбо кар’ерысты, альбы такія ж нарцысы, якія хацелі ўлады і пакрасавацца.

Не сакрэт, што Ганчар і іншыя ўспрымалі яго як бульдозер, які расчысціць ім шлях. Але яны пацярпелі з-за таго (Ганчар нават загінуў), што не ўлічвалі: за Лукашэнкам стаіць Расія. Стаўшы прэзідэнтам, ён у першую чаргу пачаў шукаць падтрымкі ў яе спецслужб.

Некалькі гадоў таму я працаваў кіроўцам, ездзіў у камандзіроўкі і падбіраў людзей на дарогах – мне 10 гадзін ехаць, цікава з кім-небудзь пагаварыць. І вось едзем мы з адным і ён кажа: вось бачыш, Лукашэнка не такі ўжо дурны – як-ніяк 20 гадоў пры ўладзе. То бок у людзей ідзе атаясамленне: калі ён столькі часу пры ўладзе, значыць, хапіла ў яго мазгоў неяк пратрымацца.

Людзі не разумеюць: Лукашэнка быў бы разумным, калі б прывёў краіну да росквіту. А давесці дзяржаву да таго, што мы зараз маем, любы дурань зможа.

А наконт таго, што ён змог утрымаць уладу, дык пастаўце сябе на яго месца. Вось ён, Лукашэнка, стаў прэзідэнтам. Стаў чаму? Бо на Кебіча бочкі кацілі, наменклатуру пляжылі. Таму перад ім паўстала задача: зрабіць так, каб супраць яго не выступалі, не здзяйснялі, як ён кажа, гвалт. А тут дарадцы з Расіі: Аляксандр Рыгоравіч, не бойся, мы з табою, ты павінен прыжаць нацыяналістаў, забараніць нацыянальныя сімвалы і мову.

Сама дыктатарская сістэма ўлады падказвае, як трэба дзейнічаць. Чалавек нешта кажа супраць мяне – падаю ў суд. Суд на яго баку, бо ён правы? Падграбаю суд пад сябе, суддзю сам прызначаю, лепш за усё, каб на яго быў кампрамат.

Гэта азіяцкая сістэма ўлады, ніякага розуму тут не трэба. Розум трэба, калі ў цябе вялікая сям’я і ты хочаш з кожным знайсці паразуменне. А калі ты проста кулаком па сталу і бізуном па людзях – розуму не трэба.

– Як вы ацэньваеце Зянона Пазьняка, з якім вы працавалі ў фракцыі БНФ у парламенце?

– Ён вельмі сумленны і разумны чалавек. Для яго вельмі важныя жыццёвыя прынцыпы. Сёння, калі прынцыпы размываюцца ў людзей, калі грамадства апусцілася, напэўна, нават цяжка зразумець такога чалавека.

– Эпізод, які, на вашу думку, яго характарызуе?

– З адным дэпутатам Вярхоўнага Савета (не хачу называць яго прозвішча) мы неяк ездзілі разам у камандзіроўку, і ён за чаркай у прыватнай размове са мною пакрытыкаваў Лукашэнку, які тады ўжо быў прэзідэнтам. А праз некалькі тыдняў ён пабег да яго і стаў на калені. І калі ў Вярхоўным Савеце ён выступіў за Лукашэнку, я быў так узрушаны, што ў мяне вырвалася: як вы так можаце – вы ж мне нядаўна расказвалі, які ён дрэнны!

Пазьняк мне за гэта пасля зрабіў заўвагу: «Ведаеш, калі чалавек табе даверыўся, хай ён і вораг, але ты не можаш гэта выкарыстоўваць».

– Ведаючы лёс Пазьняка, гэта чарговае пацверджанне таго, што палітыка – справа амаральных людзей.

– Палітыка можа быць маральнай. Але палітыка – гэта зрэз грамадства. І калі ў грамадстве іншыя каштоўнасці – падмануць, урваць – то і палітыка будзе адпаведнай. А Пазьняк пад грамадства не мяняўся.

– Пісалі, што ў снежні 94-га, калі вы зачытвалі антыкарупцыйны даклад пра атачэнне прэзідэнта, ён публічна плакаў.

– Так, у канцы майго дакладу Лукашэнка заплакаў, зашморгаў носам, дастаў вялікую насоўку. Гэта была гістэрыка. Мая версія: ён баяўся, што я прывяду факт карупцыі, звязаны з яго бліжэйшымі сваякамі. Але сказаць пра гэты факт я не мог, бо ў мяне не было дакумента для пацвярджэння.

– У жніўні 1995-га ў мінскім метрапалітэне адбыўся страйк рабочых, якія выступілі супраць парушэння адміністрацыяй працоўнага заканадаўства. У выніку 58 чалавек было звольнены, а вас выкралі на некалькі дзён. Што з вамі адбылося?

– Метро не працавала некалькі дзён, у цэнтры быў транспартны калапс. Калі пачаўся страйк, я знаходзіўся на адпачынку ў Лагойску. Але праз два дні кіраўнікі Свабоднага прафсаюза, які яго ініцыяваў, страцілі кантроль над сітуацыяй: не было ні стратэгіі, ні тактыкі паводзін.

Мне пазванілі хлопцы: Сяргей Антонавіч, прыедзьце дапамажыце, не ведаем што рабіць, у вас жа досвед, вы ж праводзілі страйкі на пачатку 90-х. Сапраўды, у свой час я быў арганізатарам рабочага руху, дапамагаў ствараць Свабодны прафсаюз.

Я прыехаў у Мінск і пачаў наводзіць элементарны парадак. Да прыкладу, заходжу ў офіс прафсаюза, а там сядзяць невядомыя. У гэты момант кіраўнікі Свабоднага прафсаюза былі ўжо затрыманы. Прыехаў міністр унутраных спраў Агалец, мы яго выціснулі з офіса, паколькі ніякіх папер на ператрус ці яшчэ што ў яго не было.

А пасля выходжу на вуліцу, да мяне падыходзяць два афіцэра ўнутраных войскаў: хочам з вамі пагаварыць. Зайшлі мы за вугал, пад’язджае ваенны УАЗік – мяне туды.

Спачатку вывезлі у воінскую частку, пасля ў турму, затым на базу спецназа. Тры дні чакалі пасыльнага з адміністрацыі прэзідэнта, не ведалі, што са мной рабіць. А ў гэты час Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк паднялі вэрхал: скралі дэпутата. Мяне вырашылі не забіваць, а проста прывезлі ў будынак КДБ, паведамілі, што на мяне ўзбуджана крымінальная справа за дзеянні на метрапалітэне, і адпусцілі.

Што запомнілася: нейкі час ахоўвалі мяне ў распранальні спортзалі 6 амонаўцаў у масках з аўтаматамі. Вечарам прынеслі ложак. Ноччу я лёг. А яны пасядзяць, ды падыйдуць усе разам і глядзяць на мяне зверху. Я вока адно прыадкрыю і думаю: сапраўдныя гарылы.

– А ў 91-м, калі па краіне пракаціліся страйкі, улада ішла на кантакт?

– Мы мелі доступ да тэлебачання, кожны дзень па 15 хвілін выступалі! Усе патрабаванні нашы выконваліся. Каб вы зразумелі: ніхто не чакаў выступу рабочых у самай саветызаванай і камуністычнай рэспубліцы СССР!

Калі памятаеце, заўсёды казалі, што партыя камуністаў – гэта партыя рабочых і сялян. Амаль любы рабочы мог спакойна ўступаць у партыю, а на інжынераў і кіраўнікоў была разнарадка.

Мітынг на плошчы Леніна падчас рабочых страйкаў у траўні 1991-га. Фота Уладзіміра Кармілкіна, vytoki.net

І калі рабочыя падняліся і выступілі супраць партыйнай наменклатуры – гэта быў настолькі моцны удар па камуністах, што яны ў нас так і не падняліся, у адрозненне ад Украіны і Расіі.

– Чаму сёння пры трохдзёнках рабочыя на выходзяць на плошчу?

– Зараз зусім іншая сітуацыя. Сёння рабочы ў самым нізе грамадскай іерархіі. На прадпрыемствах засталіся працаваць сотні чалавек, а не тысячы, як раней. Рабочыя сядзяць на кантрактах. Лукашэнка 20 гадоў разбураў грамадства і яму гэта ўдалося – рабочая салідарнасць адсутнічае.

Да таго ж які-небудзь трактарны завод працуе тры дні на тыдзень, а людзі атрымоўваюць заробак па 6-7 млн – дык чаго ім баставаць? Ім ёсць што страчваць.

Палітыкі думаюць: вось стане горш, вось яшчэ крыху і людзі павыскокваюць на вуліцу. Якраз наадварот. Калі чалавек атрымоўвае добрыя грошы, то яго запыты пачынаюць расці. А калі чалавек бедны, ён вечарам наеўся, лёг спаць і думае: госпадзі, добра што не галодны засыпаю. У 90-х страйкавалі найбольш аплачваемыя заводы і фабрыкі.

– Генадзь Карпенка памёр пасля інсульта ў 1999-м. Вы і сёння лічыце, што там было не ўсё так проста?

– Канешне. Ён рыхтаваўся да прэзідэнцкіх выбараў-2001. І простыя людзі, і паслы, і спартоўцы, і людзі культуры яго падтрымлівалі. Мы ўсе чакалі: вось яшчэ недоўга засталося, ён прыйдзе да ўлады і краінай зоймуцца прафесіяналы. У Лукашэнкі на той момант яшчэ не была пабудавана ні эканамічная, ні палітычная структура ўлады, у яго было толькі хваравітае жаданні назаўсёды застацца на пасадзе прэзідэнта.

Калі глядзіш дэтэктыў, то следчыя заўсёды шукаюць матывы. Калі возьмем 20 гадоў улады Лукашэнкі, то мы пабачым, што галоўныя яго апаненты ці забітыя, ці з’ехалі, ці сядзяць у турмах (нехта ужо сядзеў, нехта яшчэ сядзіць). Карпенка на момант смерці быў самым галоўным апанентам Лукашэнкі.

У Генадзя, як у любога гіпертоніка, патэнцыйна мог быць інсульт. Але напярэдадні сваёй смерці ён вельмі добра сябе адчуваў, мы гулялі ў футбол і г.д. Урачы, якія рабілі яму пасля аперыцыю, казалі, што ніколі не бачылі такога інсульту – каб у галаве лопнулі ўсе сасуды.

Геннадий Карпенко: человек, который мог стать новым президентом

На пахаванне Генадзя прыйшлі тысячы людзей, народ яго любіў. Хоць міліцыя гэта забараняла, мы, яго сябры, паднялі гроб і панеслі па праязжай частцы праспекта ад Акадэміі навук, дзе праходзіла грамадзянская паніхіда, у бок Усходніх могілак.

– Сяргей Антонавіч, кім вы зараз працуеце?

– Возчыкам цялежак.

– У гіпермаркеце?

– Так. З маім палітычным багажом нідзе не возьмуць на працу. Плюс узрост – 59 гадоў. У цяперашніх рынкавых умовах цяжка нешта знайсці.

– Праз год на пенсію?

– Я ўжо на пенсіі, бо працаваў у цяжкіх умовах працы (20 гадоў гальванікам на “Белвары”). Але пенсія маленькая – зараз два мільёны складае. Тады як людзі з маёй брыгады атрымоўваюць па 3,2-3,4 млн.

– Колькі вы за жыццё месцаў працы змянілі?

– А няшмат. 8 гадоў у Леспрамгасе. 20 гадоў прапрацаваў на заводзе “Белвар”. 7 гадоў кіроўцам. І вось зараз у меня чацвёртая праца.

– Людзі вас пазнаюць сёння?

– Не. Гэта ж з тых падзей 20-25 гадоў прайшло. З майго пакалення шмат людзей ужо памерла. Палова пад’езда, якая галасавала за мяне, сышла з жыцця.

Гэта ў вёсцы ўсе ведаюць адзін аднаго і усё памятаюць. А ў горадзе ўвесь час міграцыя.

Ну і апошнія гады я, як кажуць, не лезу на трыбуну. А палітыка – як шоў. Калі сыходзіць адзін палітык, прыходзіць іншы. Як пеў Фрэдзі Мэрк’юры, «show must go on».

– Чаму вы ў палітыцы не засталіся?

– А няма з кім. Такіх фігур, як Карпенка, Пазьняк зараз няма.

Параза апазіцыі – гэта, у першую чаргу, параза інтэлектуальная. Цяпер, калі апазіцыя ўжо знішчана, калі яна пераўтварылася ў дысідэнцтва, калі людзі сядзяць у турмах і з’ехалі, то, канешне, цяжка кінуць камень у яе агарод. Але яшчэ 10 гадоў таму было шмат магчымасцяў!

Атрымалася як у футболе: ёсць асноўны склад, а ёсць дублёры. І калі паставіць дублёраў на гульню, яны прайграюць матч. Так адбылося і з апазіцыяй.

Чаму я яшчэ не застаўся? Бо не адчуваю патрэбу грамадства ў ва мне, не бачу сацыяльнай замовы. Ёсць нарцысы, якія усё роўна лезуць, ім сам статус падабаецца – лідар партыі. Хаця які ты лідар – ты кіраўнік партыі.

Мая выснова: сёння трэба шукаць іншыя шляхі аб’яднання беларускай эліты.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:87)