05.08.2014
«Нясвіжскі час» больш не выходзіць

Унітарнае прадпрыемства «ІнтэксПрэс-Рэгіён» прыпыніла ў ліпені выхад газеты «Нясвіжскі час», якая на працягу амаль дванаццаці гадоў распаўсюджвалася ў Нясвіжы і Нясвіжскім раёне.

Як расказаў галоўны рэдактар Аляксей Белы, да закрыцця выдання прывялі, перш за ўсё, неспрыяльныя ўмовы работы ў рэгіёне. Пасля крытычных публікацый “Нясвіжскі час” быў выкінуты з “Мінскаблсаюздруку”, і намаганні вярнуцца туды да станоўчага выніку не прывялі. Не дапамаглі ні звароты непасрэдна ва ўстанову, ні да старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры, які абяцаў “разабрацца”.

Былі праблемы і з распаўсюдам праз гандаль. Буйная гандлёвая сетка, крамы якой наведваюць многія жыхары Нясвіжа, газету на рэалізацыю не ўзяла. А дробныя кропкі месяцамі не разлічваліся з “ІнтэксПрэс-Рэгіёнам” за адгружаную прадукцыю.

Эканамічнае становішча прадпрыемства пагоршыла і тое, што дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы адмаўляліся размяшчаць рэкламу ў недзяржаўным выданні.

Таксама не лепшым чынам адбілася на газеце адмова мясцовага камунгаса працягнуць арэнду офіса газеце “Нясвіжскі час” – чытачам не было куды прыйсці са сваімі абвесткамі, скаргамі, праблемамі.

“Тое, што ў газеты на працягу яе дзейнасці сфармаваўся імідж апазіцыйнага выдання, адбілася і на тым, што людзі не імкнуліся працаўладкавацца ў газету, і апошнім часам у нас былі пэўныя праблемы з кадрамі”, – дадае Аляксей Белы.

Усё гэта і прывяло да таго, што газета змяніла перыядычнасць выдання і будзе выходзіць цяпер толькі два разы на год – каб захаваць рэгістрацыю. Усяго свет пабачыла больш за 600 нумароў “Нясвіжскага часу”. Апошнім часам наклад быў 1400 асобнікаў.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5