У Віцебску зьявіўся помнік князю, якому кланялася Масква

У Віцебску ўрачыста адкрываюць помнік вялікаму князю Альгерду, у гонар якога ў Маскве названая Паклонная гара.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў у Віцебск на адкрыцьцё помніка вялікаму князю Альгерду прыехаць ня змог, але заявіў Свабодзе, што лічыць зьяўленьне гэтага помніка важным і значным для Беларусі:

— Даведаўшыся гэтую навіну, я падумаў: «Нарэшце! Нарэшце мы маем годны помнік аднаму з самых славутых уладароў дзяржавы нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага».

Гэты вялікі князь паказаў сябе і дальнабачным палітыкам, і выбітным палкаводцам. За часы яго ўладараньня наша дзяржава больш як у два разы павялічыла сваю тэрыторыю і значна ўмацавала свой аўтарытэт у Эўропе.

На час Альгердавага ўладараньня прыпаў пік нападаў Тэўтонскага ордэна, які імкнуўся адрэзаць нашу дзяржаву ад Балтыкі. Альгерд адбіў шэсьць нападаў нямецкіх рыцараў.

Разам з тым на поўдні ў 1362 годзе на Сініх водах разграміў ардынцаў. І гэта была першая ва Ўсходняй Эўропе буйная перамога над татарамі, у выніку якой былі вызваленыя ад прыгнёту і далучаны да ВКЛ украінскія землі — Кіеўская, Валынская, Ноўгарад-Северская землі і Падольле.

Баронячы сувэрэнітэт дзяржавы па іншых напрамках, Альгерд зьдзейсьніў пасьпяховы паход на Польшчу і тры пасьпяховыя экспэдыцыі на Маскву. Дарэчы, памятка пра тыя падзеі — гэта Паклонная гара ў Маскве: якраз туды маскоўскія баяры прыходзілі на паклон да Альгерда з выкупам...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)