.

03.03.2014
Уладзімер Арлоў, Радыё Свабода
Небачолы

Нашая першая сустрэча здарылася безьліч гадоў таму ў маім родным, дый яму блізкім і дарагім Полацку, які Рыгор Іванавіч заўсёды называў «цемечкам нацыі».

На разьвітаньне Барадулін, на якога я, амаль яшчэ бязвусы і безбароды аўтар трох вершаў і двух апавяданьняў, глядзеў, быццам на Бога, неспадзявана падараваў мне капялюш. Ці то знойдзены ў гатэльным нумары, ці то свой — зразумець гэта зь бясконцых жартаў дзядзькі Рыгора было немагчыма. «Насіце, Валодзечка, на добрае здароўе ды на добрае натхненьне», — даў наказ дзядзька Рыгор.

Можа, і жыцьцё склалася б іначай, каб ня гэты капялюш, які я насіў да трэцяй сваёй кніжкі.

... Сёньня хочацца плакаць, але ня плачу. Не дае боская Барадулінская ўсьмешка, што сьвеціцца й будзе сьвяціцца ўва мне давеку. Не даюць ягоныя геніяльныя вершы, што несьціхана гучаць, пульсуюць, здаецца, даўно ўжо зрабіўшыся ня толькі залатым запасам душы, але і часткаю маёй фізычнай істоты.

Лілею млявы плёс люляе...

Ад «ня трэба, ня трэба», да «сьвятло патушы»...

Ноч — пасланая Богам ісьціца...

Гадоў дзесяць таму я напісаў прозаю пра адметны полацкі мэнталітэт. Барадулін імгненна адгукнуўся аднайменным вершам. Радкі зь яго ўвекавечаныя цяпер у Полацку на матэрыяльным увасабленьні нашай непаўторнай літары «Ў», якое некаторыя пасьпяшаліся назваць помнікам.

Ад ЕЎфрасіньні, ад Скарыны,

Ад Полацка пачаЎся сьвет...

Пра небачолых кажам:

З нашых!

Рыгор Барадулін — з гэтых небачолых, што будуць з намі, пакуль будзе Беларусь. А яна будзе. Бо былі й будуць яны.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.6 (оценок:13)