15.02.2014
Сямён Печанко
Чаму Алесь Пушкін больш не пойдзе на Востраў слёз

15 лютага спаўняецца 25 год з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістану. «Салідарнасць» пагутарыла з ветэранамі вайны.

Вывад савецкіх войскаў, 15 лютага 1989 года. Фота RIA Novosti

Працэдура заняла дзевяць месяцаў. Уласна вайна расцягнулася на доўгія дзевяць год. У ёй удзельнічала больш за 30 тысяч беларусаў, з іх загінула 789 чалавек, 12 зніклі без вестак, скалечанымі засталіся 718 чалавек.

Праз чвэрць стагоддзя стаўленне да вайны ў Афганістане, у тым ліку і ў Беларусі, застаецца супярэчлівым. Улады прытрымліваюцца савецкай лініі — адабрэнне і абгрунтаванне неабходнасці той вайны. Адначасова многія непасрэдныя ўдзельнікі вайны называюць яе акупацыяй, некаторыя публічна адмовіліся ад узнагарод.

Алесь Пушкін (злева). Кабул, 1985 год

Мастак Алесь Пушкін служыў у Афганістане ў 1984-85 гадах, абслугоўваў ваенныя верталёты. Ён неаднаразова выказваўся ў прэсе пра акупацыйны характар вайны, пераконваў, што яе ўдзельнікам няма чым ганарыцца. Тым не менш, 25-годдзе вываду войскаў ён вырашыў адзначыць.

— Адзначаць буду. І зраблю гэта ў знак салідарнасці з Міколам Аўтуховічам. Ён жа таксама «афганец». Дашлю яму ліст, падтрымаю, як мужчына мужчыну. Незразумела, чаму афіцыйны саюз афганцаў маўчыць, як вады ў рот набраўшы, — расказаў «Салідарнасці» мастак.

Алесь Пушкін прыгадвае, што летась быў на афіцыйным мерапрыемстве з нагоды чарговай памятнай даты.

— Сябры зацягнулі на Востраў слёз. Больш не пайду. Там суцэльная расейская мова была. Жадобін па-расейску выступаў, іншыя чыноўнікі таксама. Нічога супольнага з маімі інтарэсамі.

Аляксандр Камароўскі

Старшыня Мінскага абласнога цэнтра інвалідаў вайны ў Афганістане Аляксандр Камароўскі расказвае, што часта піша Міколу Аўтуховічу, а таксама пракурорам і чыноўнікам. 25-годдзе плануе адзначыць у вузкім коле.

— Падымем з блізкімі сябрамі чарку і за жывых, і за мёртвых, каго ўжо няма з намі.

Аляксандр Аляксандравіч служыў у Афганістане па асабістаму жаданню, правёў там 14 месяцаў. Вайну называе нікому непратрэбнай — ні дзяржаве, ні простаму чалавеку.

— Менавіта такой несправядлівай вайны заканчэнне мы і адзначым. Без лішняга душэўнага ўздыму, як гэта часта здараецца на афіцыёзных мерапрыемствах.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.1 (оценок:44)