29.01.2014
Сямён Печанко
«Мяне звольнілі не за прафесійныя якасці, а за грамадзянскую актыўнасць»

Былая выкладчыца Гродзенскага ўніверсітэта расказала пра сапраўдныя прычыны звальнення, падтрымку калег і студэнтаў, і свае планы.

Фота harodnia.com

— Я перакананая, што маё звальненне звязанае зусім не з маімі прафесійнымі якасцямі, а менавіта з актыўнай грамадскай пазіцыяй. У першую чаргу, у справе падтрымкі звольненых раней калег — Андрэя Чарнякевіча, Ігара Кузьмініча, Вячаслава Шведа. Я збірала подпісы у іх падтрымку, — расказала «Салідарнасці» Іна Соркіна.

Былая выкладчыца кажа, што ва ўніверсітэце яе многія падтрымалі.

— Некаторыя выкладчыкі выказалі словы падтрымкі, многія студэнты дзякавалі за працу, шкадавалі пра маё звальненне.

Нягледзячы на звальненне з універсітэта, кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна збіраецца працягваць навуковую дзейнасць.

— Па навуковай лініі планаў у мяне шмат. І тэма навуковая ў мяне запатрабаваная — «Малыя гарады і мястэчкі Беларусі». Так што буду працаваць і далей у гэтым накірунку. Аднак, акрамя навуковай дзейнасці мне важна знайсці прымяненне сваіх выкладчыцкіх навыкаў. Я педагог, мне падабаецца выкладаць.

Звольненыя раней выкладчыкі Гродзенскага ўніверсітэта працягваюць займацца навукай. Вячаслаў Швед атрымлівае навуковую стыпендыю Варшаўскага ўніверстіэта, Андрэй Чарнякевіч працуе над доктарскай у Польшчы, Ігар Кузьмініч рыхтуе кандыдацкую дысертацыю. Пры гэтым прафесар Швед дагэтуль не здолеў уладкавацца на працу. Ці не баіцца гісторык Соркіна трапіць у «чорны спіс»?

— Натуральна, знайсці працу выкладчыка ў Гродне будзе складана. Але асветніцкая дзейнасць не абмяжоўваецца пасадай выкладчыка ва ўніверсітэце. Можна знайсці нейкую іншую форму выкладання, напрыклад, у рамках грамадскай ініцыятывы, арганізацыі, — гаворыць Іна Соркіна.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.9 (оценок:20)