20.12.2013
Беларусам у год Каня прапанавалі «Ваярскі каляндар» (фота)

Вялікі насценны каляндар з выявамі слаўных вершнікаў, што ў сярэднявеччы баранілі годнасць нашага краю і здабывалі ў лютых сечах перамогі, выйшаў у межах культурніцкай пляцоўкі «Беларуская Прастора».

Каляндар разлічаны як на шанавальнікаў нашае вайсковае гісторыі перыядаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, гэтак і на ўвесь беларускі (дый ня толькі) люд паспаліты.

У выданні ўдала спалучыліся арыгінальныя малюнкі вершнікаў на конях у ваярскіх даспехах, змястоўныя гістарычныя даведкі і паэтычнае асэнсаванне кожнага малюнка.

— Паколькі 2014 год — год каня, то коннікі на календары будуць глядзецца вельмі дарэчы, —лічыць аўтар ідэі і канцэпцыі календара Алесь Квіткевіч, кіраўнік культурніцкай пляцоўкі “Беларуская Прастора”.

Але галоўная “фішка” календара — у тым, што калі карыстальнік напрыканцы 2014 года адарве аркуш з апошнім месяцам, у яго застанецца альбом з наборам прыгожых насценных малюнкаў.

24 снежня ў Пушкінскай бібліятэцы (Мінск, вул. Гікалы, 4) адбудзецца прэзентацыя “Ваярскага календара” і яшчэ двух выданяў “Беларускай прасторы” - аўдыёкніг Янкі Маўра “Палескія рабінзоны” і “У краіне райскай птушкі”. Пачатак а 18-й гадзіне. Уваход вольны.

Арганізатары абяцаюць цікавыя расповеды, музычныя выступы, конкурсы з падарункамі, захапляльныя рыцарскія баі ад клуба гістарычнай рэканструкцыі “Гівойт” і фотасесію з сапраўднымі рыцарамі.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.1 (оценок:20)