.

Спецпроект:
01.11.2013
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»
Усе рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі

Кіраўнік дзяржавы мае па дзве жылыя і працоўныя і з дзясятак гасцявых сядзібаў.

Саміт кіраўнікоў краін СНД, які прайшоў 24—25 кастрычніка, прымаў Палац Незалежнасці, дабудаваны ў цэнтры Мінска.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова сцвярджаў, што гэта ніякая не рэзідэнцыя, аднак пасля прызнаўся, што будзе мець у ёй свой кабінет. На фасад шыкоўна аздобленага будынка нанесены надпіс, які не пакідае месца спекуляцыям: «Рэзідэнцыя прэзідэнта».

Палац Незалежнасці заняў пачэснае месца ў другім дзясятку рэзідэнцый, прынамсі, з тых, пра якія вядома грамадскасці.

«Наша Ніва» нагадвае пра астатнія з іх. Пад рэзідэнцыяй мы разумеем месцы пражывання і працы кіраўніка дзяржавы, а таксама месцы, у якіх прымаюцца афіцыйныя замежныя дэлегацыі.

Гэтыя аб’екты абслугоўваюцца кампаніяй «Дыпсэрвіс», якая ўваходзіць у структуру Адміністрацыі прэзідэнта.

Размах «Драздоў»

Самай галоўнай рэзідэнцыяй, сталым месцам жыхарства Аляксандра Лукашэнкі, з’яўляюцца «Дразды» на ўскрайку Мінска, названыя ў гонар аднайменнага вадасховішча.

«Дразды» паспелі стаць імем назоўным.

Гэта сімвал лукашэнкаўскай улады — агромністая рэзідэнцыя пасярод лесу, наглуха закрытая ад выпадковых наведнікаў, і комплекс з некалькіх дзясяткаў катэджаў непадалёку.

У ім пасяліліся міністры і ўплывовыя бізнэсмэны.

Што ўяўляюць сабой лукашэнкаўскія «Дразды»? Гэта комплекс больш чым з паўсотні разнастайных збудаванняў.

Самае галоўнае — дом агульнай плошчай больш чым 2000 м2. Няцяжка здагадацца, хто жыве ў гэтай грамадзіне.

Для афіцыйных прыёмаў абсталяваныя два будынкі па 850 м2. Аднак далёка не кожнага замежнага госця Лукашэнка запрашае да сябе ў «Дразды» — ёсць і не такія прэстыжныя рэзідэнцыі.

Калі нехта ўсё ж атрымае такі гонар, то пераночыць ягоная дэлегацыя зможа ў спецыяльным доме для прыезджых, утрая меншым за галоўны будынак.

Найбольшую частку тэрыторыі рэзідэнцыі займаюць жылыя катэджы. Калі ўгледзецца ў карту, то можна налічыць больш за 30 такіх дамоў. Яны засталіся ад паслоў, выселеных у 1998. Гэта не тыя катэджы, якія належаць наменклатурнай эліце. Чыноўнікі жывуць за плотам, за некалькі кіламетраў ад рэзідэнцыі.

Асаблівая ўвага ў Драздах нададзеная спорту.

Тут пабудаваныя спарткомплекс (1000 м2) і басейн (750 м2), пасля наведання іх можна адпачыць у адной з дзвюх лазняў.

Таксама ў рэзідэнцыі ёсць асобныя рэстаран, бар і буфет. Адкрытая нават свая крама! А для аховы здароўя першай асобы краіны пабудаваная станцыя абезжалезвання вады.

Цікава, што на тэрыторыі «Драздоў» усталяваныя дзве антэны мабільных аператараў — «Велкома» і МТС. А вось «Лайф» не ў пашане.

Прышкольная рэзідэнцыя

Другая жылая рэзідэнцыя Лукашэнкі — «Азёрны», які знаходзіцца ў Астрашыцкім Гарадку. У мясцовай школе вучыцца малодшы сын кіраўніка краіны Мікалай.

У савецкія часы гэта было лецішча маршала Цімашэнкі. Перад «засяленнем» сюды Аляксандра Лукашэнкі была праведзеная рэканструкцыя існуючых збудаванняў, а таксама дабудаваныя новыя аб’екты.

«Азёрны» раскінуўся амаль на 90 гектараў, абнесеных высокім плотам. Сама рэзідэнцыя ўяўляе сабой трохпавярховы ўмацаваны цагляны будынак, плошча кожнага паверха складае каля 500 м2.

На тэрыторыі «Азёрнага» звяртаюць на сябе ўвагу маленькі аднапавярховы чайны домік, пабудаваны па распараджэнні Лукашэнкі некалькі гадоў таму, а таксама трохсекцыйны элінг.

Элінг — гэта спецыяльнае збудаванне для захоўвання воднага транспарту.

Куды можна даплыць з Астрашыцкага Гарадка? Калі меркаваць па карце, то нікуды. Толькі накруціць некалькі колаў па мясцовым возеры.

Савецкая спадчына

Такі самы элінг пабудаваны і ў гасцявой рэзідэнцыі «Заслаўе» на беразе Мінскага мора. Тутсама можна знайсці і аднапавярховы спарткомплекс на 700 м2.

Для наведнікаў «Заслаўя» пабудаваныя некалькі карпусоў. Самы вялікі з іх — трохпавярховік, удвая большы за дом Аляксандра Лукашэнкі ў «Драздах»! Не нашмат меншыя і два іншыя корпусы.

Зрэшты, некаторыя замежныя госці спыняюцца на двары — падчас візіту ў Беларусь былы лівійскі дыктатар Муамар Кадафі расклаў свой шацёр наўпрост пасярод заслаўскага лужка.

Колішняя рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца за некалькі крокаў ад плошчы Перамогі, на Вайсковым завулку. Тут кіраўнік дзяржавы жыў да засялення ў «Дразды».

Некалькі гадоў таму савецкі катэдж быў перарэгістраваны пад… гатэль. Вось толькі пераночыць там простаму турысту не атрымаецца.

База адпачынку «Крупеніна» за 30 км ад Віцебска — два корпусы і некалькі VIP-катэджаў. Час ад часу яны прымаюць афіцыйныя дэлегацыі. Напрыклад, у пачатку 2000-х сюды прыязджалі прэзідэнты Расіі і Украіны Уладзімір Пуцін і Леанід Кучма. А некалькі гадоў таму спыняўся патрыярх Кірыл.

У іншы час у «Крупеніна» можа спыніцца любы ахвотны. Самы просты нумар каштуе каля $ 40, а дарагі катэдж — $ 530.

Хутар Віскулі на Пружаншчыне ўвайшоў у гісторыю як месца распаду СССР. Паляўнічая сядзіба не карыстаецца любоўю Аляксандра Лукашэнкі. Гэтая рэзідэнцыя адкрытая для наведнікаў. Экскурсанты, якія прыязджаюць у Белавежскую пушчу, не абмінаюць і Віскулі.

Свой унёсак

Рэзідэнцыя ў Бярэзінскім гідралагічны запаведніку была пабудаваная ўжо пры Лукашэнку. «Плаўна» з’явілася ў 1998 непадалёку ад вёскі Волава Гара. Летась у ёй прайшла рэканструкцыя. Гэта далёкі ад шыку, акуратны трохпавярховы будынак, разлічаны на 12 чалавек. Ёсць саўна, басейн, більярд, пляжны комплекс, рэстаран і нават верталётная пляцоўка. З кожнага наведніка возьмуць каля $ 70.

Зняць катэдж на васьмярых па суседстве будзе каштаваць каля $ 245. Менавіта тут нібыта жыў некаторы час зрынуты кіргізскі прэзідэнт Курманбек Бакіеў.

Таксама на Віцебшчыне знаходзіцца браслаўская рэзідэнцыя Лукашэнкі, дабудаваная два гады таму. У яе проста так не патрапіш. Паводле апісанняў яе наведнікаў, катэджы знаходзяцца на тэрыторыі заказніка «Міжазёрны», паміж азёрамі Паўночны Волас і Снуды.

Ляскавічы — узорны аграгарадок у Прыпяцкім нацыянальным парку на Петрыкаўшчыне. Тут жыве менш за 1000 чалавек, затое ёсць свой гатэль.

А на беразе Прыпяці пабудавалі палескую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Некалькі маленькіх катэджаў і адзін будынак большай плошчы добра бачныя з прагулачных цеплаходаў.

Нічыйны «Усход»

У кожнай з пералічаных рэзідэнцый кіраўнік дзяржавы з’яўляецца толькі часовым гаспадаром, бо ўласнікам з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Адзінае выключэнне — загадкавы комплекс «Усход» у адной з затокаў Мінскага мора. Тут бачныя ўсе прыкметы рэзідэнцыі — узброеная ахова, трохметровы плот, камеры відэаназірання на кожным кроку. Тут забаронена не толькі ездзіць, але нават і хадзіць!

Знаходзіцца «Усход» побач з рэзідэнцыяй «Заслаўе», абы-каму там будавацца не дазволілі б. Пра сваё дачыненне да яго не заяўляў ніводзін беларускі ці замежны мільянер.

Мяркуючы па спадарожнікавай карце, комплекс складаецца з трох вялікіх будынкаў, кожны для пражывання асобнай сям’і, а таксама дзвюх меншых хатак, басейна і гаспадарчых збудаванняў.

Абслугоўваць такую плошчу за свой кошт задорага, таму загадкавы ўласнік пераклаў гэты абавязак на прыватную кампанію.

***

Турыстычныя «рэзідэнцыі»

Асобнай катэгорыяй можна лічыць сціплыя базы адпачынку і былыя ўрадавыя лецішчы, перададзеныя для абслугоўвання прэзідэнцкаму «Дыпсэрвісу».

«Сцяпянку» можна знайсці ў аднайменным мінскім раёне, непадалёку ад Нацыянальнай бібліятэкі. Больш за дзясятак дачных домікаў нібыта могуць прымаць турыстаў, аднак частка з іх здаецца пад офісы.

Гасцінічны комплекс «Краснасельскі» на 40 месцаў знаходзіцца ў вёсцы Рогава Мінскага раёна. Гэта накірунак Радашковічаў. У складзе «Краснасельскага» — трохпавярховы гатэль, а таксама тры жылыя дамкі.

У лесе на беразе возера знаходзіцца і «Крылова». Гэта каля 30 км ад Мінска, непадалёку ад Заслаўя. Гасцінічныя нумары, лазня, тэнісны корт — для адпачынку падыходзіць, але для прыёма замежных дэлегацый выглядае непрэзентабельна.

Нядаўна на баланс «Дыпсэрвіса» перавялі і дом у шклоўскай Александрыі, дзе нарадзіўся Аляксандр Лукашэнка. Гэта звычайная драўляная хата, абшытая блокхаўсам. За яе дзяржава заплаціла мясцоваму калгасу $ 50 тысяч. Экзатычны гатэль? Музей? Прызначэнне хаты яшчэ не вызначанае.

Спадчына ЦК КПБ

Старая працоўная рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі — усім вядомы «Чырвоны дом» у цэнтры Мінска. За савецкімі часамі на Маркса, 38 засядала камуністычная партыя, а цяпер — Адміністрацыя прэзідэнта.

Шасціпавярховую рэзідэнцыю пачалі будаваць яшчэ да вайны, а скончылі толькі ў 1947.

***

Шык і сціпласць

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч мае чатыры афіцыйныя рэзідэнцыі, з дзясятак гасцявых рэзідэнцый, а таксама некалькі лецішчаў для адпачынку ў Крыму. Шыкоўную рэзідэнцыю «Міжгор’е» непадалёку ад Кіева Януковіч здолеў… прыватызаваць.

У прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, апроч Крамля, фармальна толькі тры рэзідэнцыі. Шматлікія гасцявыя дамы ў рэгіёнах належаць мясцовым уладам.

Кіраўнік Польшчы распараджаецца чатырма рэзідэнцыямі. Гэта гістарычныя будынкі.

У прэзідэнта Латвіі таксама дзве рэзідэнцыі — у Рызе і Юрмале. Аднак той аддае перавагу ўласнай кватэры ў сталіцы і свайму вясковаму дому.

Дзвюх рэзідэнцый — афіцыйнай і загараднай — хапае і прэзідэнту ЗША Бараку Абаму.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.7 (оценок:26)