20.09.2013
Таццяна Гусева, фота з архіва Усевалада Сцебуракі
5 парадаў ад вясельнага маршалка

Паэт і шоўмен Усевалад Сцебурака пра вяселлі ведае ўсё. Колькасць пар, якіх ён «ажаніў» у якасці тамады імкліва набліжаецца да 200!

У інтэрв’ю «Салідарнасці» вясельны маршалак расказаў, куды падзеліся з вясельных сталоў пальцам пханая каўбаска і самагоначка, чаму не б’юцца госці і як зладзіць запамінальнае свята.

За восем год, якія Усевалад працуе тамадой, яму ёсць што ўспомніць.

— З некаторых вяселляў мяне не адпускалі дадому, прапануючы заставацца пачэсным госцем. Бывала, бацькі хацелі тут жа ажаніць мяне з іх вольнай дачкой. Здаралася, мяне адшуквалі праз пяць год, каб я вёў свята наступнаму дзіцёнку. Былі і цяжкія, на якіх я трымаўся як гогалеўскі Хома, адпяваючы Панначку. Пра ўсё немажліва пераказаць. Дзеля гісторыі я раблю нататкі. Калі-небудзь напішу пра вяселлі нізку аповедаў. Адна гісторыя ўжо была надрукаваная ў часопісе “Дзеяслоў” пад назвай “Палескае вяселле”.

Усевалад Сцебурака

— Усевалад, мяркую, нашым чытачам будзе цікава даведацца, што сёння на вяселлях з’яўляецца трэндам? Якія старыя традыцыі захаваліся, а якія з’явіліся новыя?

— На мой погляд, вяселле — гэта найперш пэўныя традыцыі. Прычым спалучаюцца і старыя, і сучасныя.

На пачатку дня — гэтак званы выкуп маладой, пасля вясельны поезд — картэж з упрыгожаных самаходаў. Далей ЗАГС, вянчанне, абавязкова выпіць шампанскага ля нейкіх абраных месцаў, фотасесія і гэтак далей. А што дадаецца яшчэ — тут варыянтаў безліч: і выпусканне белых галубоў, і замацоўванне замка на мастах праз рэкі і ручаіны і іншыя цікавосткі.

Галоўная частка — банкет у рэстарацыі, кавярні, сталоўцы — хто на што мае грошы. Тут ізноў-такі пануе эклектыка, але неад’емнымі застаюцца сустрэча бацькамі з караваем, падарункі, першы шлюбны танец, зняцце вэлюма маладой, ну, і, вядома, вялікі вясельны торт!

Па маіх назіраннях, усе нашыя вяселлі даволі кансэрватыўныя. Адкрытага выпяндрожу кшталту падводнага роспісу на дне басейна мала. І мяне асабіста гэта цешыць.

З прыемнасцю адзначаю, што людзі відавочна больш сталі цікавіцца беларушчынай — запрашаюць адпаведныя гурты і капэлы, самі апранаюцца ў строі, выязжаюць з гасцямі ў музеі кшталту Строчыцаў, дзе атмасфера і мерапрыемствы адпаведна вытрыманыя ў нацыянальным каларыце.

— Вы аднойчы выказаліся, што запатрабаванасць у беларускамоўных вядоўцах на вяселлях значна большая, чым прапанова ў гэтай сферы.

— У Беларусі на ¾ жывуць усё ж беларусы! І той-сёй адчувае пакліканне да роднага слова, традыцыі і культуры. Як ні круці, больш за дваццаць год мы жывем у сваёй дзяржаве. Нават рускамоўныя адрозніваюць сябе ад грамадзянаў Расіі.

Людзі пачынаюць шукаць тое, чым бы можна было аздобіць свята — юбілей, вяселле, карпаратыў. Шмат хто прыходзіць да высновы, што лепшае аздобы, чым выкарыстаць сваё, роднае, проста і выдумляць ня трэба! Сала і гарэлка беларускія, чаму мова павінна быць іншая? Першы і галоўны крок — знайсці адэкватнага вядоўцу з якаснай мовай і вопытам працы. Тут і ўзнікаюць праблемы — людзі шукаюць, не знаходзяць і ладзяць у выніку на рускай.

— Якія песні сёння з’яўляюцца хітамі вяселляў? Ці сапраўды Ваенга і Міхайлаў — нумар адзін? Ці даводзіцца чуць у бок дыджэяў ад гасцей рэплікі кшталту «Эй, уключы нармальную музыку?».

— «Я вам не скажу за ўсю Адэсу…». (Смяецца). Але на тых вяселлях, што вяду я, песні названых выканаўцаў не ўваходзяць у плэйліст. Прычым па папярэдняе дамове з маладымі, з якімі мы разам распрацоўваем падрабязны сцэнар, і ў тым ліку рэпертуар на танцпол. Але, калі шчыра, то канешне, расейская папса і шансон вельмі папулярныя і ў Беларусі і ва Ўкраіне, хто б што ні казаў. Для сярэднестатыстычнага беларуса нармальная музыка — гэта савецкія шлягеры 60-80-х плюс расейская папса 90-х – 2000-х.

Беларускае абмяжоўваецца «Песнярамі» і «Сябрамі». З іншага боку, нашая публіка паважна ставіцца да нас, музыкаў, і рэдка ўступае ў адкрыты канфлікт, пагаджаючыся з нашым дыктатам.

Ну, а мы, паціху гнем сваю лінію. Зразумела, незадаволеныя ёсць. А як па-іншаму? Ці можна аднолькава дагадзіць танцамі вясковаму дзядзьку гадоў 65-ці і дзявулі са сталіцы, якой толькі 17? У тым і заключаецца майстэрства вядзення свята, каб улагодзіць кожнага, не абвастраючы сітуацыю.

— Ці спяваюць беларусы за вясельным сталом? Якія песні?

— Спяваюць мала. А калі і спяваюць, то робяць гэта пераважна старыя ці пажылыя кабеты. Моладзь ня ведае не толькі абрадавых, але і простых застольных песень.

Рэпертуар таксама спецыфічны. Калі госці пачынаюць спяваць, гэта зусім не абавязкова будуць “Рэчанька”, “За туманам” ці “Гарэла сосна, палала”, а часцяком — “Домик окнами в сад”, “Ах, эта свадьба” і “Виновата ли я”.

Мае назіранні датычацца сталічных ды гарадскіх вяселляў, на якія з вёсак запрошаныя толькі пэўныя госці. Мажліва, недзе ў правінцыі традыцыя застольных спеваў мацнейшая. Хаця, думаю, гэта будуць хутчэй выключэнні.

— А бывае вяселле без бойкі?

— Так, бывае. Я б сказаў нават, што бойкі — гэта рэдкасць. Звязваю гэта з тым, што раней на вялікія вясковыя вяселлі, што цягнуліся паўтыдні, збіраліся альфа-самцы з усяго наваколля, што даўно мелі інтарэс да адных і тых жа дзяўчат, і зуб адзін на аднога — тады і бойкі ўчыняліся. А зараз 30-50 чалавек збяруцца на 6-8 гадзінаў, ды ціхенька па хатах раз’едуцца. Калі тут біцца? Добра, калі пазнаёміцца паспяваюць. (Усміхаецца). А калі сур’езна, то бойка — гэта прыкмета быдла, а не праява гонару ці зухаватасці. На вяселлях я заўсёды хутка вызначаю мажлівых канфліктных персанажаў і стараюся іх трымаць на кантролі, не юшачы дадаткова.

— Як ўплывае эканамічнае становішча на бюджэт вяселля беларусаў? А можа мы, наадварот, што б ні здарылася — дэвальвацыя ці крызіс — усё роўна імкнемся зрабіць па-багатаму, каб было не горш, чым у іншых?

—Усё залежыць ад сям’і і асяродку. Некаторыя кіруюцца прынцыпам «каб не горш, чым у суседзяў». Іншыя кіруюцца рацыяй.

Запрашаюць звычайна ад 30 да 60 чалавек. Бываюць выняткі: асабіста я веў як вяселле на 14 персонаў, так і застолле на 120 чалавек.

Частуюць класічна: халоднае, гарачае і торт. (Усміхаецца). А калі напраўду, з вясельных сталоў амаль зніклі хатнія прысмакі кшталту паляндвіцаў, рулькаў, пальцам пханых кілбасаў. Ня стала самагоначкі… Асабіста я сумую па іх пахах ды смаку!

Прычыны зразумелыя: па-першае, завялася капейчына на крамнае, па-другое, рабіць усяго гэтага сталі меньш у разы, бо у вёсках мала моцных гаспадарак, адкуль тыя кілбасы цэнтнерамі раней ішлі. Скаціны трымаюць мала, бровараў лясных таксама небагата, бо чарніла таннае ў сельмагах на любы густ.

Гаворачы пра тэндэнцыі, не перабольшваючы, скажу, беларусы ўсё ж эўрапеізуюцца, і гэты працэс знаходзіць адлюстраванне і ў адносінах да грошай ды іх выкарыстання — з’яўляецца разумная ашчаднасць. Некаторыя адкрыта кажуць: «Мы лепш дзецям дамо на кватэру лішніх пару тысёнцаў даляраў, чым будзем наймаць пяць белых лімузінаў на гадзіну стаяння картэжу ў сталічным корку!». Хаця, паколькі памянёныя лімузіны не зніклі з вуліц, відавочна ёсць і тыя, каму падабаецца кідаць пыл у вочы і сабе, і іншым.

— Можаце агучыць рэкордную суму, якую назбіралі на хлопчыка ці дзяўчынку?

— Не паверыце — не лічу. Больш за тое, не дазваляю называць лічбы сведкам, што займаюцца гэтым. Калі што — агучваю проста розніцу. Да прыкладу: «З адрывам у 100 тысёнцаў перамог хлопчык». Пагадзіннае вытрасанне з гасцей капейчыны — гэта жабрацкая традыцыя, якая не ўпрыгожвае свята.

Навошта ўсім ведаць, колькі там у мяшэчку? Зайздросціць? Параўноўваць з іншымі? Усё, што госць хацеў прэзентаваць, ён уклаў у капэрту. Астатняе пакіньце яму на таксоўку.

— Мая знаёмая загадчыца аддзелам ЗАГС неяк прагаварылася, што калі рэгіструе шлюбы, прадчувае, які з іх будзе доўгім, а які хутка распадзецца. А у вас ёсць такое прадчуванне?

— Я не празорца — я маршалак. Мая справа арганізавана правесці вызначанае мерапрыемства. Ня маю я аніякіх прадчуванняў. Мо таму ў ЗАГСе і не працую.

— Як прафесіянал і чалавек, які сам нядаўна ладзіў уласнае вяселле, якія парады вы маглі б даць тым, хто збіраецца ажаніцца? Як лепш арганізаваць вяселле і атрымаць ад яго асалоду?

— Параіць магу, чаму ж не? (Усміхаецца).

Па-першае, маладыя, займайцеся падрыхтоўкай толькі ўласнымі сіламі! Не далучайце бацькоў, дайце ім пабыць гасцямі. Няма горшага відовішча, чым загнаныя вочы матуляў і спустошаныя твары татаў, што бегалі тры месяцы як шалёныя, дагаджаючы дзеткам.

Сёлета Усевалад Сцебурака і сам прымерыў на сябе ролю жаніха. Жонкай паэта і шоўмена стала Ганна Бабіцкая — фатограф і дызайнер.

Па-другое, пачніце падрыхтоўку як мага раней. За год ці ў крайнім выпадку за 8-9 месяцаў. Добрае свята трэба вынасіць як немаўля. Не так важная дата вяселля. Важна ўсё добра прадумаць!

Трэцяе: не выкідайце грошы на сумніўнае. Ніхто з гасцей назаўтра не ўзгадае каралеўскія крэветкі на стале ці жывыя кветкі на ручках вашых аўто. Калі нешта вам на першы погляд падалося непатрэбным, яно непатрэбнае!

Чацвертае: свята робіць кампанія! Якія б ні былі стравы, які б ні быў рэстаран, настрой вечара залежыць ад публікі. Таму запрашайце больш сяброў, а не тых, каго нібыта трэба (калегаў бацькоў, шэфа з працы, ці проста сёмую ваду на кісялі). Ну, не падорыць вам стрыечны дзядзька, якога вы бачылі два разы ў жыцці, 500 у.а., затое на свяце будзе ваш душэўны студэнцкі сябра, які павесяліць усіх: і патанчыць, і спяе!

Пятае, і апошняе: уважліва выбірайце фатографа і вядучага. Яны на свяце вашыя джокеры. Пры самых вялікіх нестыкоўках, нечаканасцях і сюрпрызах прафесіяналы змогуць выцягнуць амаль усё. Адзіная просьба — не давайце ім парадаў. (Усміхаецца).

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.3 (оценок:32)