.

Спецпроект:
18.07.2013
Васіль Гальчанюк
На арганізатара фэсту ў гонар паўстанцаў 1863 года склалі трэці адміністрацыйны пратакол

На арганізатара Мілавідскага фэсту Віктара Сырыцу склалі трэці адміністрацыйны пратакол. Да гэтага старшыня Баранавіцкага гарадскога суда двойчы адпраўляў пратаколы ў міліцыю для выпраўлення недахопаў.

Старэйшы лейтэнант Баранавіцкага РАУС Дзяніс Майсеня 17 ліпеня склаў трэці адміністрацыйны пратакол на грамадскага актывіста Віктара Сырыцу. Ён абвінавачваецца ў падрыхтоўцы і правядзенні несанкцыяванага мерапрыемства ў памяць паўстанцаў 1863 года.

Удзельнікі Мілавідскага фэсту 2 чэрвеня ўсклалі кветкі да помнікаў у гонар паўстанцаў 1863 года

Віктар Сырыца – злева ў строі

Да гэтага старшыня Баранавіцкага гарадскога суда Мікалай Кміта двойчы адпраўляў пратаколы, складзеныя на Сырыцу, назад у міліцыю для выпраўлення недахопаў.

– Гэта ўжо трэці пратакол, які склалі на мяне ў Баранавіцкім РАУС. Спачатку мяне абвінавацілі ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 23.34 КаАП РБ – арганізацыя і правядзенне 2 чэрвеня несанкцыянаванага мерапрыемства. У другім пратаколе мяне абвінавачвалі яшчэ і ў тым, што я быццам бы парушыў арт. 12 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”: не спыніў падрыхтоўку і правёў масавае мерапрыемства 2 чэрвеня, якое было забаронена Баранавіцкім райвыканкамам, – паведаміў Віктар Сырыца.

У трэцім пратаколе ўжо не сцвярджаецца, што актывіст парушыў артыкул 12 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у РБ”, але ён цяпер абвінавачваецца ўжо ў парушэнні артыкула 5 гэтага ж Закона – арганізацыя і правядзенне забароненага грамадска-масавага мерапрыемства.

– Складзеныя пратаколы – гэта фактычна вайна варварства супраць беларускай гісторыі і культуры. Мала таго што мясцовыя чыноўнікі самі нічога не зрабілі, каб годна ўшанаваць слаўную дату, так яшчэ 3 і 20 мая Баранавіцкі райвыканкам двойчы незаконна забараніў правядзенне нашага фэсту ў гонар касінераў Кастуся Каліноўскага. Лічу, што не мы парушылі закон, а Баранавіцкі райвыканкам не выконвае артыкул 51 Канстытуцыі Беларусі і не дае нам права на ўдзел у культурным жыцці, – дадаў Віктар Сырыца.

Актывіст падпісаў трэці пратакол, але пазначыў у ім, што прыехаў з сябрамі ў Мілавіды 2 чэрвеня не праводзіць, а толькі ўдзельнічаць у афіцыйным мерапрыемстве.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.2 (оценок:10)