.

Спецпроект:
25.06.2013
Сяргей Балай
З поклічам «На маскаля!» беларусы кінуліся біць рускіх

На мінулых выходных у Каўнасе, у рамках фестывалю жывой гісторыі “Каўнас 1863. За вашу і нашу свабоду!” адбылася вялікая рэканструкцыя адной з бітваў часоў паўстання 1863 году, у якім бралі ўдзел больш за 100 рэканструктараў той эпохі.

Аднавіць падзеі 150 гадовай даўніны з’ехаліся аматары гісторыі з Літвы, Польшчы, Беларусі, Расіі і Украіны.

Сапраўдны лагер паўстанцаў разгарнуўся ў парку Сантакас. Усе ахвотныя маглі пабачыць зброю тых часоў, крэмневыя і капсульныя стрэльбы, амуніцыю і, канешне, славутыя касінерскія пікі, пераробленыя з косаў. Дарэчы, кавалі з Варшавы давалі майстар-клас кавальскай справы, дэманструючы як звычайная каса пераўтвараецца ў грозную зброю, якую паўстанцы актыўна выкарыстоўвалі супраць рускай кавалерыі.

Інсцэніроўка бітвы, якая разгарнулася пад Каўнасам на беразе Нёмана, развівалася паводле класічнага сцэнару – аддзел рускай арміі прыехаў набіраць рэкрутаў, дазор паўстанцаў адбіў сваіх хлопцаў, але рэгулярная руская армія даведалася, дзе знаходзіцца лагер паўстанцаў і зрабіла спробу атакаваць яго.

Стрэлы сапраўдных гарматаў і стрэльбаў, зараджаных хоць і халастымі набоямі, гучалі вельмі ўражліва, перакрываючы паўстанцкі покліч “На маскаля!”. Шэрагі касінераў і аддзелаў пастанцаў мужна адбівалі напады рускай арміі, пакідаючы параненых і забітых, але пасля некалькіх няўдалых штурмаў лагера паўстанцаў з боку рэканструктараў рускага войска прагучала: “Отступаем, этот лагерь слишком хорошо защищен!”

Трэба адзначыць, што ўсе ўдзельнікі ставіліся да рэканструкцыі з вялікім пачуцццам гумару і, сыходзячыся блізка, сыпалі жартамі. “Пекна паненка, едем со мной в Сибирь” – рэкламаваў незабыўнае падарожжа рускі кавалерыст, якога тут жа ўзялі ў палон паўстанцы.

— Мы тут сабраліся не дзеля палітыкі, а з мэтай адпачыць і адзначыць славутую дату нашай гісторыі, — кажа адзін з літоўскіх удзельнікаў. – Атмасфера ў лагеры сяброўская.

Сапраўды, палонных “маскалёў” напаілі вадой, аддалі зброю і адпусцілі ў свой лагер, а “пекна паненка” вырашыла ў Сібір не ехаць. Кажа, што ёй і тут падабаецца.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:64)