22.03.2007

Храма Суворава не будзе

Грамадская акцыя супраць прысвячэння будуемага ў Кобрыне храма расійскаму палкаводцу Аляксандру Сувораву дала плён.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ГА “Таварыства беларускай мовы”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” атрымалі адказы ад Брэсцкага абласнога выканкама, Кобрынскага райвыканкама і Кобрынскага раённага савета дэпутатаў адносна прысвячэння храма, што будуецца ў Кобрыне расійскаму палкаводцу Сувораву.

У лістах кобрынскіх уладаў гаворыцца, што “ў Кобрыне не вядзецца будаўніцтва ніякага “Сувораўскага храма”. Такая назва, гавораць улады, неабгрунтавана была прысвоена адной з новабудоўляў праваслаўнага храма некаторымі сродкамі масавай інфармацыі і асобнымі прадстаўнікамі грамадскасці Кобрына.

А вось па рашэнні Брэсцкага аблвыканкама храм, называецца “Свято-Христорождественская церковь Кобрина — храм-памятник 60-летия освобождения Беларуси”.

З паведамлення прэс-службы Беларускага Экзархата стала вядома, што «ідэя надаць царкоўнаму будынку статус Сувораўскага храма-помніка ўзнікла ў нетрах некаторых расійскіх грамадскіх фондаў і рухаў, а потым была абнародавана на старонках адной з расійскіх газет, што і паслужыла повадам для яе цытавання і інтэрпрэтацыі ў іншых сродках масавай інфармацыі. Беларуская Праваслаўная царква не валодае ніякімі дакументамі, якія б сведчылі пра тое, што намеры і праекты, якія звязваць будаўніцтва Кобрынскага храма Нараджэння Хрыстова з імем Суворава, атрымалі дабраслаўленне. Меркаванні асобных сябраў кліру і паствы горада Кобрына не прэтэндуюць і не могуць прэтэндаваць на статус, выражаючы афіцыйную пазіцыю ўсей Беларускай Праваслаўнай цэрквы».

Брэсцкі аблвыканкам адзначае, што “вялікі рускі палкаводзец Аляксандр Сувораў не быў кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой, таму храм з яго імем будавацца не можа”.

Аднак ні ў адным з адказаў не тлумачыцца, якім чынам «неабгрунтавана прысвоеная назва некаторымі сродкамі масавай інфармацыі і асобнымі прадстаўнікамі грамадскасці г.Кобрына” патрапіла на латарэйныя білеты, што былі выпушчаны КУП «Бресткие лотереи» па замове заснавальніка латарэі Кобрынскага раённага выканкама, а менавіта “Храм сооружается по проекту Суворовского храма-памятника, разработанному кобринчанами и утвержденному царем — великомучеником Николаем ІІ» — адзначае МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Тым не менш, арганізатары акціі супраць будаўніцтва храма Суворава, лічаць, што падставы канстатаваць: вынікі грамадскай акцыі супраць прысвячэння будуемага ў Кобрыне храма палкаводцу А.Сувораву далі плён: расійскаму заваёўніку не будуць маліцца на беларускай зямлі.

Акрамя таго, арганізатары выказваюць падзяку тысячам людзей, якія, даслаўшы подпісы супраць ушанавання Суворава ў праваслаўным храме, дапамаглі абараніць гонар і годнасць не толькі нашых продкаў, але і будучых пакаленняў.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ГА “Таварыства беларускай мовы”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” спадзяюцца на тое, што ні выканаўчыя ўлады, ні Экзархат БПЦ «не зменяць сваіх пазіцый, калі храм у Кобрыне дабудуюць».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:1)