20.02.2007
“Гэта тое самае, што Расіі на Куліковым полі уганараваць хана Тахтамыша, які спаліў Маскву”

Па ініцыятыве “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” распачата грамадзянская кампанія супраць будаўніцтва храма-помніка ў гонар расійскага палкаводца Аляксандра Суворава на беларускай зямлі.

Як стала вядома, будаўніцтва ўжо распачатае ў г. Кобрыне пры падтрымцы Расійскай Праваслаўнай Царквы.

Ацэнка дзеянняў Суворава на беларускай зямлі адназначная: менавіта пад яго кіраўніцтвам надзвычай жорстка падаўляліся вызвольныя паўстанні канца XVIII ст., здзяйсняліся злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Вось хроніка тутэйшых “подзвігаў” расійскага палкаводца:

Узгадаем.

1769 год. Брыгадзір Суздальскага пяхотнага палка Сувораў “усмиряет возмутительные сборища” барскіх канфедэратаў, якія выступаюць супраць узвядзення на трон караля Рэчы Паспалітай расійскага стаўленіка.

1771 год. Заслугаю генерал-маёра Суворава стала тое, што пад беларускім мястэчкам Сталовічы яго падначаленыя “порубили и потоптали” ваяроў гетмана ВКЛ Міхаіла Казіміра Агінскага.

1794 год. Пад кіраўніцтвам Суворава расійскае войска падаўляе вызвольнае паўстанне нашых суайчыннікаў на чале з Тадэвушам Касцюшкам.

Такім чынам, дзеянні Суворава на беларускай зямлі былі карнымі аперацыямі, падчас якіх знішчалася нацыянальная эліта, гінула мірнае насельніцтва Беларусі.

Больш таго, дзякуючы вайсковым братазабойчым перамогам Суворава, у 1772 г. быў здзейснены першы падзел нашай тагачаснай дзяржавы Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй, а ў 1795 г. мы на доўгія 123 гады страцілі незалежнасць і суверэнітэт сваёй Айчыны, якая знікла з палітычнай карты Еўропы.

За свае перамогі Сувораў атрымаў ад Кацярыны ІІ ордэн Аляксандра Неўскага, брыльянтавую зорку і Кобрынскі маёнтак з 14 тысячамі прыгонных сялян — “у вечную спадчыну”.

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “ЗБС “Бацькаўшчына” выступае супраць узвядзення храма-помніка, які ў вачах беларусаў стане сімвалам апраўдання кровапраліцця ў інтарэсах захавання імперскай улады. Да кампаніі, распачатай “Бацькаўшчынай”, ужо далучыліся грамадскія аб’яднанні “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

20 лютага ад імя трох названых аб’яднанняў накіраваны адкрыты ліст да Патрыяршага Экзарха Беларусі Мітрапаліта Філарэта, у якім гаворыцца: “Паважаны Уладыка, лічым, што царква пэўным чынам уведзена ў зман тымі коламі, якія, прыкрываючыся высокімі фразамі пра інтэрнацыяналізм і славянскае брацтва, фактычна праводзяць палітыку вынішчэння беларушчыны і кашчунна здзекваюцца з нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці беларускага народа... Мы як беларусы не маем нічога супраць помнікаў Сувораву і храмаў у яго гонар у Расіі, для якой ён — адлюстраванне расійскага гонару і вайсковай славы. Рабіць жа гэта на Беларусі — тое самае, што Расіі на Куліковым полі ўганараваць не Дзмітрыя Данскога і Сергія Раданежскага, а хана Тахтамыша, які спаліў Маскву... Настойліва просім кіраўніцтва Беларускага Экзархату адмовіцца ад падтрымкі так званага “Сувораўскага праекту”.

Таксама накіраваныя звароты да прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Сідорскага, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, да старшыняў Брэсцкай абласной і Кобрынскай гарадской выканаўчай улады і да саветаў дэпутатаў з патрабаваннем спыніць будаўніцтва храма-помніка ў гонар забойцы беларусаў. У бліжэйшы час плануецца пачаць шырокую кампанію па збору подпісаў у падтрымку выкладзенага ў адкрытым лісце патрабавання, паведамляе інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0.1 (оценок:294)