28.04.2012
Раман Трускавец
«У сучасным мастацтве хата з краю быць не можа» (фота)

У Берліне стартаваў VII фестываль сучаснага мастацтва Біенале. Галоўная тэма – сацыяльна-палітычны патэнцыял мастацтва. Каманда куратараў на чале з польскім мастаком Артурам Жмяеўскім прапанавалі ўдзельнікам адказаць на пытанне: у якой ступені мастацтва здольна ўплываць на палітычныя працэсы? Адной з найбольш цікавых інсталяцый сталі працы беларускай мастачкі Марыны Напрушкінай.

– Прэзентацыя на Біенале – толькі частка таго, што было зроблена, – прызнаецца мастачка. – Я спадзяюся выкарыстаць фестываль як платформу для знаемстваў і ўсталявання сувязяў, якія пасля маглі б прывезці людзей у Беларусь. Культурнае супрацоўніцтва, бадай, самы важны стымул.

Марына Напрушкіна – выпускніца Мінскага мастацкага вучылішча Глебава, універсітэцкую адукацыю атрымала ў Франкфурце на Майне. Геаграфія персанальных выставак – ад Турцыі да ЗША.

“У мастацтве хата з краю быць не можа”

– Першапачаткова для Біенале я хацела стварыць праект пра Беларусь і для беларусаў. Так пачалося мае супрацоўніцтва з грамадзянскай кампаніяй "Наш дом", вынікам чаго стала заснаванне газеты "Белорусское самоуправление". Першы нумар газеты выйшаў перад Новым годам, зараз – стартаваў другі выпуск. Газета зроблена такім чынам, каб яе было легка чытаць і лягчэй разумець. Усярэдзіне яна маляваная. Другі нумар газеты прысвечаны становішчу жанчын у сучаснай Беларусі. Газеты прадстаўленыя на інсталяцыі на трох мовах: шведскай, англійскай і рускай.

– Але на інсталяцыі можна пабачыць не толькі газеты.

– Так. Выстаўка – рэч больш другасная і зладжана ў асноўным для публікі Берлінскага Біенале. Яе ўвасабленне – тая ж інтэрпрытацыя газетнай тэмы, толькі ў выставачным варыянце. Было вырашана, што перад самым уваходам размесціцца маляваны банер кампаніі супраць хакейнага чэмпіяната. Далей – ужо на ўваходзе – будуць пачынацца мае працы, якія мы прымацуем адразу на сценах. У памяшканні намалявана вялікая панарама – ідэя ў тым, каб сфармуляваць палітычныя патрабаванні беларускага грамадства. Сюжэт я чэрпала ў тых накірунках, у якіх у Беларусі працуюць недзяржаўныя арганізацыі.

– Даволі смелае рашэнне, асабліва калі ўлічыць, што сучаснае мастацтва ў Беларусі не такое рашучае...

– У сучасным мастацтве хата з краю быць не можа. Усе мы ўдзельнічаем у палітычным і эканамічным жыцці краіны. Мая выстаўка апелюе да еўрапейскай супольнасці. З аднаго боку, я распавядаю пра канкрэтную сітуацыю ў Беларусі, з другога – даю магчымасць кожнаму з наведвальнікаў задаць пытанне сабе: а ці актуальна гэта для мяне?

“Роля мастацтва – адлюстроўваць рэчаіснасць, у якой жывем”

Жывучы ў нямецкай сталіцы апошнія гады, Марына не спяшаецца называць сябе эмігранткай.

– Працаваць ў Беларусі ў сферы мастацтва, улічваючы ідэалагічныя ўмовы, даволі складана. У адрозненні ад Германіі, тут я не магу займацца тым, што лічу для сябе аптымальным.

– Чаму ты вырашыла атрымоўваць адукацыю ў Еўропе?

– Разуменне сучаснага мастацтва “тут” і “там” адрозніваецца. Я памятаю, што ў вучылішчы кнігі ў нашай бібліятэцы заканчваліся на экспрэсіянізме... На жаль, не было разумення таго, што адбывалася ў мастацтве пасля – якія ладзіліся выстаўкі, якія мастакі працавалі. Формы сучаснага мастацтва, задачы сучаснага мастацтва -–усе гэта сення застаецца "за кадрам" для студэнтаў беларускай Акадэміі мастацтваў. Я лічу, Акадэміі даўно прыспеў час штосьці мяняць. Сення назіраем парадокс: людзі, якія займаюцца сучасным мастацтвам у Беларусі, у сваей большасці не заканчвалі мастацкую акадэмію ў Беларусі.

Я памятаю, як яшчэ ў вучылішчы нас шмат вучылі майстэрству – маляваць і ляпіць мы ўмеем добра. Але ж мастацтва не толькі ў гэтым. Мастацтва ў тым, каб адлюстроўваць рэчаіснасць, у якой мы жывем. Бо казаць пра тое, што зараз вось мы прыдумаем для Беларусі свае сучаснае мастацтва – гэта няправільна.

“Адна з задач мастацтва – палітызаваць”

Марына Напрушкіна зусім не згодна з нягласнай беларускай дактрынай, нібыта мастацтва і палітыка – рознага поля ягады.

– Адна з задач мастацтва – палітызаваць грамадства, – лічыць дзяўчына. – Факты, якія пацвярджаюць уплыў культуры на палітыку, ужо сустракаліся ў нашай гісторыі. Дастаткова ўзгадаць 20-я гады мінулага стагоддзя, калі культура прапанавала свае варыянты развіцця будучыні, наклаўшы такім чынам свой адбітак на станаўленні сацыяльнага строю ў беларускім грамадтве. На жаль, у Беларусі сення, гэтаксама як і ў Расіі, правячая эліта не зацікаўлена, каб грамадства разбіралася ў палітыцы: куды прасцей кіраваць паслухмяным статкам, чым людзьмі, якія задаюць пытанні і прагнуць пераменаў. Але гэта неправільна і мы павінны гэтаму супраціўляцца.

Фестываль сучаснага мастацтва Біенале працягнецца ў нямецкай сталіцы да 1 ліпеня. Дапамагаць у правядзенні Біенале Артуру Жмяеўскаму будзе польскі куратар Джоана Варсца і руская група мастакоў з радыкальнымі палітычнымі поглядамі “Вайна”. Акрамя іншых свае праекты на фестывалі прадставілі мастачка– ізраільцянка Яэль Бартана (праект “Яўрэйскі рух адраджэння ў Польшчы”) і чэх Марцін Цэт, які запланаваў правесці на фестывалі акцыю супраць кнігі немца Ціла Сараціна “Германія самаліквідуецца” (кніга ўзмацніла рух супраць турэцкіх эмігрантаў). Марцін Цэт прызывае грамадскасць сабраць як мінімум 60.000 экземпляраў кнігі і прадставіць іх у выглядзе мастацкай інсталяцыі, якая ў канцы Біенале будзе знішчана.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.7 (оценок:29)