23.04.2010
Руслан Гарбачоў, фота Ірыны Саранчуковай
Вадзім Саранчукоў: «Гародня, безумоўна, лепшая за Мінск»

Старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў расказаў «Салідарнасці», што атрымалася з гучнай кампаніі «Абаронім Гародню!», у якой ён актыўна ўдзельнічаў, як можна хітра перавесці краіну на беларускую мову і чаму ён нязгодны з пазіцыяй лідэра «Ляпіса Трубяцкога» Сяргея Міхалка.

Вадзім Саранчукоў з 1998 года ўдзельнічаў у вулічных акцыях апазіцыі. З часам вулічны баец «Маладога фронта» ператварыўся ў партыйнага функцыянера – што рэдкасць. Мы размаўляем з Вадзімам Саранчуковым у офісе Партыі БНФ у Гродна. Ён зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты на мясцовых выбарах і паказвае сваю перадвыбарчую ўлётку. Яе рэзюмэ – выбараў не будзе.

– Вось данесяце вы да людей інфармацыю, што выбараў не будзе, што ўлада нелегітымная. І што?

– Канешне, малаверагодна, што гэта падштурхне людзей да нейкіх дзеянняў. Але на прэзідэнцкіх выбарах такая інфармацыя і збег пэўных акалічнасцяў цалкам можа паўплываць на дзеянні людзей. Безумоўна, усё будзе вырашацца ў Менску, на плошчы, але без падтрымкі рэгіёнаў, зменаў не адбудзецца.

– Вы верыце ў другую плошчу?!

– Я веру ў перамогу дэмакратыі ў Беларусі.

– На гэтых прэзідэнцкіх выбарах?

– Лічу, што гэта цалкам магчыма. Хаця не можа не насцярожваць, што ўжо шмат хто заявіў аб вылучэнні сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкія выбары. Хутчэй за ўсё будзе зарэгістравана некалькі дэмакратычных кандыдатаў – у гэтым плане сітуацыя для мяне непрыемная. Без адзінства цяжка дасягнуць перамогі.

– Быў на апошнім Дні Волі. Вобразна кажучы, прыйшло 10 арганізацый, якія прывялі па 10 чалавек. Чаму ўнутры апазіцыі заўсёды раздрай, чаму не аб’яднацца? Чаму збіраюцца 10 беларусаў і ствараюць 5 арганізацый?

– Не бачу ў гэтым страшнай праблемы. Наяўнасць некалькіх арганізацый не абавязкова перашкаджае паразуменню і супольнай працы.

– Ну дык перашкаджае ж…

– На жаль, важнейшым за справу шмат якія людзі ставяць уласныя амбіцыі. З іншага боку прымусіць чалавека заглушыць свае амбіцыі – нерэальна.

Я магу зразумець Анатоля Лябедзьку, які ў 2006 годзе прайграў на кангрэсе дэмакратычных сіл усяго некалькі галасоў Мілінкевічу і не стаў адзіным дэмакратычным кандыдатам. Натуральна, ён прагнуў рэваншу. Але на пэўным этапе свае персанальныя амбіцыі можна прынесці ў ахвяру агульнай справе. У 2002 годзе я прайграў Севярынцу некалькі галасоў пры абранні старшыні «Маладога фронта». Сёння ў нас з ім абсалютна нармальныя адносіны.

– Вы былі адным з ініцыятараў і адным з актыўных удзельнікаў кампаніі «Абаронім Гародню!». Удалося вам што-небудзь выратаваць?

– Адназначна адказаць на гэтае пытанне цяжка. У планах па рэканструкцыі цэнтральнай часткі горада быў запланаваны знос 47 будынкаў, якія былі прызнаны аварыйнымі. З моманту абвяшчэння плана прайшло тры гады – знесена 2 будынкі.

Але што гэта – дасягненне кампаніі ці эканамічны крызіс, які ліквідаваў грошы для зносу дамоў? Відаць, гэта комплекс двух фактараў. Лічу, што наша кампанія была паспяховай. Кола людзей, якія да яе далучыліся, было каласальна шырэйшае за любую палітычную кампанію.

Мы выпускалі друкаваную прадукцыю (улёткі, налепкі, газеты, кнігі). Пад горадам для актывістаў з усёй Беларусі на працягу трох тыдняў дзейнічаў лагер, адкуль яны прыязджалі для правядзення пікетаў і іншых мерапрыемстваў у Гародню.

– Колькі сутыкаюся з гарадзенцамі, яны настойваюць, што Гродна ўнікальны горад.

– …Гэта сапраўды так.

– Чаму, цікава? Я не бачу у вас нейкіх вялікіх поспехаў у параўнанні з Мінскам.

– Да сённяшніх дзён у Гародні захваўся дух свабоды і прыязнасці, які пануе тут з Сераднявечча, калі наш горад быў адной са сталіц ВКЛ. Не хочацца казаць высокамоўныя словы, але ў гарадзенцах сядзіць прага да свабоды. Адчуванне унутранай годнасці.

Гародня, безумоўна, лепшая за Мінск. Але сказаць, што Мінск дрэнны, я не магу.

Ёсць людзі з якімі больш прыемна, а ёсць людзі, з кім проста прыемна. У Мінску з людзьмі проста прыемна. (паварочваючы галаву ў бок ад дыктафона ён затым сцішана вымаўляе – «дзёўбаная паліткарэктнасць!» – Р.Г. )

– Дык можа вам аддзяліцца?

– Калі гарадзенцы збіраюцца разам час ад часу сапраўды ўсплывае такі жарт: трэба правесці мяжу з астатняй Беларуссю і пачаць выдаваць гарадзенскія пашпарты. Але я перкананы, што ніякага падзелу ў Беларусі не будзе. Нават такога, як ва Украіне – паміж Усходняй і Заходняй часткамі. Ніякага сепаратызму ў Гародні узнікнуць не можа.

– Вадзім, вы пастаянна падкрэсліваеце, што з’яўляецеся беларускім нацыяналістам. Зрабілі гэта нават ва ўлётцы да парламенцкіх выбараў-2008. Але Беларусь ужо незалежная. Так, моладзь, напрыклад, рускамоўная. Але нашто абмяжоўваць сябе нацыянальным?

– Для нармальнай рэалізацыі, чалавек павінен усведамляць, кім ён ёсць у гэтым сусвеце, дзе ягоны дом. Дом для беларуса – у Беларусі. А тое, што звязвае беларуса з астатнімі жыхарамі краіны – культура і мова.

– А вось такая вельміпаважаная і папулярная асоба як лідэр гурта «Ляпіс Трубецкой» Сяргей Міхалок сказаў: я чалавек сусвету, космасу. І гэта не замінае яму пісаць беларускамоўныя песні.

– Кожны чалавек мае права на пазіцыю. Магчыма, для культурнага дзеяча гэта і нармальна. Але што значыць чалавек сусвету? Вось мастак Далі быў, напэўна, чалавекам сусвету, бо ў яго было сусветнае прызнанне. А ў Міхалка яно ёсць? Я магу назвацца хоць імператарам, але ж ім ад гэтага не стану.

У мяне няма імкнення стаць чалавекам сусвету. Я не прэтэндую на Беларусь ад Буга да Курыл. Мне дастаткова і да Смаленска (смяецца – Р.Г.).

– Вы верыце ў тое, што Беларусь яшчэ стане цалкам беларускамоўнай?

– Я ўпэўнены ў гэтым. Безумоўна, гэта не будзе адбывацца ў адзін момант. Пасля змены ўлады, навучанне ў ВНУ будзе адзназначна пераведзена на беларускую мову. Што датычыцца школаў – то ўсё вельмі проста. Згодна закону ў нас сёння дзве дзяржаўныя мовы. Значыць, на іх павінна выдзяляцца роўнае фінансаванне. Мы цудоўна разумеем, што калі запытаць у людзей, у школу з якой мовай навучання яны хочуць накіраваць сваіх дзяцей, большасць выбярэ рускамоўную. Але паколькі мы зробім фінансаванне аднолькавым, гэта будзе азначаць, што на дзяцей у беларускамоўную школу пойдзе больш сродкаў – у іх будзе больш настаўнікаў, падручнікаў, кампутараў, магчымасцей.

Людзі, якую атрымаюць лепшую адукацыю, зоймуць лепшыя пасады. Кожны грамадзянін будзе бачыць – з беларускай мовай выгодней. Працэс будзе натуральным. І нікога не трэба будзе прымушаць!

Але я не бачу прычыны, каб увогуле выкідаць рускую мову з ужывання беларусаў. Чым больш чалаве ведае моў, тым лепей.

– Можаце расказаць нашым чытачам пра ваш распарадак на гэты тыдзень (мы сустракаліся ў панядзелак)? Цікава, чым займаецца апазіцыянер.

– Распарадак на гэты тыдзень у мяне ўнікальны, у тым сэнсе, што не створаны. Мая жонка з дня на дзень павінна нарадзіць сына – усё будзе залежыць ад гэтай падзеі. А так амаль увесь гэты тыдзень я планаваў прысвяціць агітацыі на мясцовых выбарах, дзе я зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты.

– Калі рыхтаваўся да інтэрв’ю, трапіў на такую цікавую інфармцыю. У 2007 годзе за вамі ў кватэру спрабавалі забегчы міліцыянеры, каб арыштаваць і пасадзіць на суткі. Але вам дапамагла адбіцца жонка.

– З Ірынай я пазнаёміўся, калі прыехаў у Грунвальд на адзначэнне чарговай гадавіны бітвы. Я не шукаў беларускамоўную жонку, а шукаў жонку, якая б мяне разумела. Ірына не займаецца палітыкай наўпрост, але сваімі жаночымі парадамі і мастацкім густам мяне падтрымлівае (у прыватнасці, яна рабіла фатаздымкі для перадвыбарчых ўлётак мужа – Р.Г.).

– Вы амаль як Мілінкевіч і Кулей.

– Мне здаецца, у жыцці Аляксандра Уладзіміравіча яго жонка выконвае больш загадчыцкую ролю, мае больш уплыву на яго дзеянні.

– Гэта нармальна?

– Я ў гэтым праблемы не бачу. Калі ёсць час, магчымасць займацца спрвамі мужа – гэта абсалютна нармальна.

– Пэўны перыяд вы ўзначальвалі ў Гародні Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы.

– Мы не маглі вызначыць аднаго кіраўніка і вырашылі, што кіраўніцтва структурай будзе ратацыйным. Я двойчы па 4 месяцы займаў гэты пост.

– І якія ў вас былі адносіны з партыяй камуністаў?

– Якія могуць быць адносіны?! Я не разумею і не прымаю іх ідэалогію. Сумеснай працы ў нас не атрымалася. Я жартам кажу: харошы камуніст – мёртвы камуніст.

– Але, відаць, пакуль вам па шляху – і яны, і вы хочуць змяніць сённяшнюю ўладу.

– У мяне такое ўражанне, што сіла і ўплыў партыі Калякіна сёння моцна перабольшаны. Не думаю, што можна казаць аб магчымасці зменаў у краіне пры ўмове апоры на іх партыю. Мне здаецца, што гэтая структура сваё ўжо аджыла.

– Дык можа, калі вы прыйдзеце да ўлады, будзеце дамагацца забароны дзейнасці партыі камуністаў?

– Так.

P.S. 19 красавіка у дзень, калі Вадзіму Саранчукову споўнілася 30 год, у яго і яго жонкі Ірыны нарадзіўся другі сын – Яраш. Сардэчныя віншаванні ад рэдакцыі «Салідарнасці»!

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.2 (оценок:50)