11.12.2008
Анастасія Зелянкова, фото Юліі Аляксандравай
Лявон Вольскі і Святлана Зелянкоўская адсвяткавалі ў філармоніі дзень нараджэння

Містэрыя “Дзень Максіма Багдановіча”, прысвечаная беларускаму класіку, прайшла пры поўным аншлаге. Што падпявалі N.R.M. у Белдзяржфілармоніі, як фатограф “Салідарнасці” ледзь не “падседзела” Моцарта і хто не даваў выйсці на паклон Святлане Зелянкоўскай — у нашым рэпартажы.

Яшчэ да пачатку спектаклю, што праходзіў у межах кампаніі “Будзьма!”, свабодных месцаў у залі не назіралася.

— Сядайце тут, на прыступках, — прапаноўвалі журналістам супрацоўнікі філармоніі.

Відаць, у знак салідарнасці з прэсай на прыступках (толькі на сцэне) размясціўся і сімфанічны аркестр. Побач з ім знаходзілся музыканты рок-гуртоў.

Калі пераказваць змест спектаклю, то атрымаецца, мабыць, такая ж містэрыя, як і на сцэне. Русалкі, Моцарт і Сальеры, N.R.M., вулічныя рэперы, класічная музыка, рэжысёр Пінігін… Усе гэтыя, здавалася б, несумяшчальныя рэчы аб’ядноўваліся паэзіяй і публіцыстыкай Максамі Багдановіча і, наколькі можна было зразумець, атаясамлівалі сабой агульную культурніцкую з’яву.

Святлана Зелянкоўская ў ролі паэта выглядала даволі ўпэўнена. Аднак у многіх да канца спектакля так і не знікла пытанне: чаму яна?

Пераймаючы эстафету ў сімфанічнага аркестра, малады гурт «In Search For» выканаў некалькі новых песень на вершы Максіма Багдановіча ў рокавай апрацоўцы.

А вось Лявон Вольскі і N.R.M. парадавалі сваімі хітамі, у тым ліку і знакамітымі “Трыма чарапахамі”. “Ты не чакай. Чаканне дастала!” — падпявала ім уся Белдзяржфілармонія.

З’ўяленне Моцарта і Сальеры таксама не прайшло незаўважаным. Прынамсі, для фотакарэспандэнта “Салідарнасці”. Убачыўшы перад сабой ў праходзе зала нашага фатографа, Сальеры пажартаваў:

— Ой, а хто гэта ў нас? Глядзіце, а то зараз сюды Моцарт выйдзе.

Фотакору давялося адпаўзці, саступіўшы месца класіку.

Дарэчы, літаральна праз хвіліну пасля выхаду Моцарта ягонай 40-й сімфоніяй сімвалічна зазваніў мабільнік майго саседа.

Неадназначным падаўся нумар з рэжысёрам Пінігіным. Ягонае інтэрв’ю-разважанне наконт культурнага жыцця ў Піцеры і Мінску зразумелі не ўсе. Затое фразу пра тое, што ў Піцеры “государство не вмешивается в культурные процессы, за что ему большое спасибо”, гледачы сустрэлі апладысментамі.

У гэты дзень на сцэне паспелі пабываць таксама фальклор-тэатр «Госціца», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», гурт «Ліцьвінскі Хмель».

Апошнім акордам пастаноўкі стала песня на верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” ў выкананні «In Search For». Дарэчы, ягоны саліст Ян Жанчак потым упарта не даваў Святлане Зелянкоўскай выйсці на паклон. Актрыса тройчы спрабавала гэта зрабіць, але вымушаная была зноў хавацца за дэкарацыю, чакаючы, пакуль лідэр гурта прадставіць усіх сваіх музыкантаў пайменна.

Меркаванні наконт спектаклю ў гледачоў разышліся: адныя так і не маглі ўцяміць, чаму ўсё ж такі на ролю Максіма Багдановіча запрасілі менавіта Зелянкоўскую, нехта не разумеў, што рабілі на сцэне Моцарт і Пінігін, а хтосьці быў цалкам ў захапленні да ўсяго ўбачанага. Апладысменты не суціхалі яшчэ доўга.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0.5 (оценок:311)