04.11.2008
Анастасія ЗЕЛЯНКОВА
Беларус, які падмануў свет

Яго ведаюць ва ўсім свеце. Яго карціны каштуюць мільёны долараў. Казімір Малевіч – майстар эпатажу, які прымусіў чалавецтва паверыць у тое, чаго ўвогуле не існуе. Яго знакаміты “Чорны квадрат” амаль стагоддзе не дае крытыкам спакойна спаць. Адны вішчаць ад захаплення, абвясціўшы яго новай эрай у мастацтве, другія здзекліва называюць “чорнай дзіркай унітаза”.

І тым не менш знаходзяцца людзі, згодныя плаціць за гэтую (язык неяк не паварочваецца вымавіць слова “карціна”)… мільён долараў. Менавіта за такую суму ў мінулым годзе «Квадрат» быў выкуплены ў збанкрутаваўшага “Інкамбанка” расійскім алігархам Патаніным, які затым шырокім мецэнацкім жэстам падараваў карцiну Эрмітажу.

Калі б яна трапіла на аўкцыён, адным мільёнам тут бы не абышлося. Паказальна, што цэны на Шышкіна і Левітана ў дзесяткі, а то і сотні разоў ніжэйшыя. Карціны ж Малевіча ідуць з-пад малатка, як Пікасо і Ван Гог.

 

Чорным па беламу

А што наcамрэч зрабіў наш зямляк? Узяў палатно 80х80 см і густа замаляваў яго чорнай фарбай, пакінуўшы па краях белыя палі. І ўсё. І назву даў нечаканую – “Чорны квадрат”. Проста і з густам.

“Малюнак гэты будзе мець вялікае значэнне. Тое, што было зроблена несвядома, зараз дае плён”, – пісаў мастак пра адзін з эскізаў (ён яшчэ рабіў і эскізы!).

І сапраўды, пра “Чорны квадрат” загаварылі ўсе. Гэта было нова, незвычайна, такога нахабства адназначна ніхто яшчэ не бачыў.

Але прыпаднесці і так ужо шакіраванай публіцы яшчэ “Чорны круг” і “Чорны крыж”?! На такое мог пайсці толькі чалавек з сапраўды авантурнай натурай.

Калі геаметрычныя фігуры ім былі вычарпаны, у ход пайшлі розныя колеры – “Белы квадрат”, “Чырвоны квадрат”, “Сіні круг”. Аднак мастак і на гэтым не спыніўся: ён пачаў спалучаць фігуры розных колераў і памераў.

Варыянтаў хапіла б на ўсё астатняе жыццё! Тут вельмі дапамагла мастаку прафесія чарцёжніка. Ён абазваў свой жывапіс «супрэматызмам» і стаў працаваць у гэтым кірунку.

Цікава, колькі часу займала ў мастака стварэнне чарговага “шэдэўра”? Калі б мне раптам прыйшлося зарабляць на жыццё падробкай карцін, я выбрала б менавіта Малевіча.

Але, як высвятляецца, і гэтыя работы можна назваць прыкладам выключнай працаздольнасці мастака. На адной з яго выстаў у Маскве экспазіцыю ўвогуле завяршалі пустыя белыя падрамнікі.

Спярша мастак сіліўся выдумляць сваім творам мудрагелістыя назвы: “Жывапісны рэалізм хлопчыка з ранцам – Маляўнічыя масы ў чацвёртым вымярэнні”, “Жывапісны рэалізм сялянкі ў двух вымярэннях” (так гучала першапачатковая назва “Чырвонага квадрата”).

Аднак пасля Малевіч перастаў губляць на гэта час і падпісваў арыгінальна і вытанчана: “Сіні трохвугольнік і чорны прамавугольнік”, “Восем чырвоных прамавугольнікаў”. І паспрабуй тут паспрачацца.

Даходзіла да кур’ёзаў: у адным выданні карціна называлася “Чорны квадрат, сіняя трапецыя і чырвоны круг”, у другім — ішла як “Аўтапартрэт у трох вымярэннях”, праўда, была перавернутая дагары нагамі. Ну нельга ж так з класікамі!

 

Халтуршчык стагоддзя

У цэлым карціны Малевіча нечым нагадваюць сучасныя шпалеры. Нездарма пазней ягоны паплечнік Лісіцкі перайшоў ад выяўленчага мастацтва да дызайнерскіх распрацовак. Дарэчы, і сам Малевіч некалі супрацоўнічаў з трэстам парфумна-касметычных вырабаў “Жиркость”, які выпускаў прадукцыю для савецкіх грамадзян і замежжа з экспартна-прапагандысцкімі мэтамі. Сцвярджаюць, што менавіта ён афармляў адэкалон “Север”, які выпускаецца да нашага часу.

“Падазраюць” мастака і ў афармленні зубнога парашку “Піянер” з выявай бойскаўта на скрынцы – вельмі ўжо яна падобная на яго карціну “Змычка”. Тады мастак не ўпускаў любога шанцу падхалтурыць. Мільёны долараў яго карціны сталі каштаваць ўжо пасля смерці, а грошы, як вядома, патрэбны пры жыцці.

Часам з яго палотнаў праступала нават нешта зразумелае звычайнаму чалавечаму воку – сяляне ў полі з аваламі замест твараў, фігура рабочага, сабраная нібыта з мазаікі, купальшчыкі.

Праўда, гледзячы на апошніх, здаецца, што мастак адчувае нянавісць да ўсіх купальшчыкаў у свеце. А ад яго жанчын хочацца бегчы на край зямлі.

Тым не менш Малевіч усё ж такі грашыў рэалістычнымі выявамі. Так, напрыклад, ён адлюстраваў сябе, любімага. Пашанцавала тут і яго жонцы – яна б ужо не даравала, калі б ён намаляваў яе з дапамогай трохвугольнікаў і кляксаў.

Малевіч удзельнічаў у выставах з эпатажнымі назвамі: “Званковы валет”, “Асліны хвост”, “Футурызм 0,10”. На выставе “Трамвай В” супраць нумароў 21-25, якія заканчвалі спіс яго работ, у каталогу было пазначана: “Змест карцін аўтару невядомы”. Геніяльна! Нават не трэба ламаць галаву, спрабуючы зразумець, што ж ты насамрэч там такое намаляваў.

Была ў яго вялікая карціна, якая ўся складалася з рознакаляровых гарызантальных палос. Сказалі: “Нешта ў вас не адлюстраваны гераізм грамадзянскай вайны”. Лягчэй няма куды! На адной з гарызантальных палос гэтай карціны адным махам намаляваў чырвоную хвалістую лінію. Атрымлівайце – “Конніца Будзённага на маршы”. І ўсе зноў у захапленні.

Нават са сваёй смерці мастак здолеў зрабіць шоу. На адкрытай платформе грузавіка з чорным квадратам на капоце была размешчана супрэматычная труна, зробленая па ўласным эскізе Малевіча. І помнік паставiлi адпаведны – куб з чорным квадратам. 

 

Міфы пра Малевіча

Першым ствараў небыліцы пра сябе сам Казімір Малевіч.

Малевіч скончыў Маскоўскае вучылішча скульптуры і жывапісу.

Ён тройчы (у 1905, 1906 і 1907 гадах) паступаў у гэтую навучальную ўстанову і тройчы правальваўся на экзаменах. Як лічаць даследчыкі, з прычыны недастатковай падрыхтоўкі ў галіне акадэмічнага малюнка. Яму дазволілі наведваць лекцыі на правах вольнаслухача.

“Чорны квадрат” – адзінкавы ў свеце.

Карціна існуе ў чатырох варыянтах. Два з іх знаходзяцца ў Траццякоўцы, яшчэ адзін – у Рускім музеі. Чацвёрты быў набыты ў сваякоў мастака “Інкамбанкам”, затым выкуплены ў яго і перададзены Эрмітажу. Не такі быў чалавек Казімір Малевіч, каб пакідаць свой шэдэўр у адзінкавым варыянце.

Пад чорнай фарбай “Квадрата” мастак схаваў іншую выяву.

Гэтыя чуткі ўзніклі пасля шматлікіх дарэмных спроб знайсцi ў карціне глыбакадумны сэнс. Насамрэч Малевіч хацеў намаляваць чорны квадрат і намаляваў яго.

 

Даведка

Казімір Севярынавіч Малевіч – мастак, заснавальнік супрэматызму. Нарадзіўся 23 лютага 1878 г. у Кіеве, у сям’і беларускага этнографа і фалькларыста Севярына Малевіча. Вучыўся ў Кіеўскай мастацкай школе, у студыі Фёдара Рорберга ў Маскве, на правах вольнаслухача наведваў лекцыі ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу і скульптуры. У 1919-1922 гг. выкладаў у Народнай мастацкай школе “новага рэвалюцыйнага ўзору” ў Віцебску, адзін са стваральнікаў арганізацыі “Сцвяр-джальнікі новага мастацтва”. У 1923-1927 гг. дырэктар Ленінградскага інстытута мастацкай культуры. Аўтар кніг “Ад кубізму і футурызму да супрэматызму”, “Супрэматызм”, “Бог не скінуты: Мастацтва, царква, фабрыка”. Памёр 15.05.1935 года.

Гэты артыкул упершыню надрукаваны ў штотыднёвіку "Салідарнасць" ад 5.12.2003.  
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0.3 (оценок:353)