04.12.2018
«Нікога ня слухай, твайго сына павесілі»

Вайскоўца тэрміновай службы знайшлі павешаным 5 верасьня. На яго шыі было дзьве стангуляцыйныя баразны. Родныя катэгарычна нязгодныя з вэрсіяй пра суіцыд, піша Алесь Пілецкі на Радыё Свабода.

Маці Аляксандра Арлова Вольга

20-гадовага Аляксандра Арлова зь вёскі Краснае Карэліцкага раёну пахавалі 7 верасьня. У Менску ў гэты час ішоў працэс у справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча. Арлова, як і Коржыча, знайшлі ў пятлі ў частцы, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Цела адвезьлі на экспэртызу, пасьля перадалі родным. Афіцыйная вэрсія сьмерці, агучаная на сайце Мінабароны, — суіцыд. Маці загінулага салдата Вольга выказвала сумненьні ў гэтым ужо ў дзень пахаваньня. Праз тры месяцы расьсьледаваньня сьмерці сына жанчына толькі больш пераканалася ў тым, што сын стаў ахвярай забойства.

Сьледчых бачыла адзін раз

«Расьсьледаваньне працягваецца, мне сказалі, што робяць экспэртызу ДНК цяпер, — расказала Свабодзе маці загінулага салдата. — Робяць экспэртызу генэтычных матэрыялаў. Мне сьледчая казала, што можна ўсё вызначыць — і ўзрост, і пол. Калі ўсе вынікі будуць гатовыя, то яны паедуць туды ў частку і будуць у саслужыўцаў Сашы браць адбіткі пальцаў, рабіць тэсты ДНК. Тады ўжо знойдуць злачынцу».

Вольга расказвае, што бачылася са сьледчымі, якія займаюцца справай аб гібелі яе сына Аляксандра, адзін раз. Яны прыяжджалі ў Краснае яшчэ ў верасьні, апыталі родных і вярнуліся ў Горадню. Вольга час ад часу сазвоньваецца са сьледчай. Па словах маці загінулага салдата, затрыманых у справе аб ягонай сьмерці пакуль няма.

Вольга на пахаваньні сына

«Сказалі, што затрыманьні могуць быць пасьля правядзеньня экспэртыз, — расказвае жанчына. — Я па-ранейшаму перакананая, што сына забілі. Мая думка не памянялася. Дзьве баразны на шыі ніяк ня могуць быць у таго, хто павесіўся. Дзе я ні пыталася, усе мне гавораць адно — толькі адна баразна можа быць. Я нават у аднаго калегі пыталася, чый сын павесіўся сам. Ён мне кажа — нікога ня слухай, твайго сына павесілі. Ня можа быць дзьве баразны, калі чалавек сам гэта зрабіў».

Дзьве стангуляцыйныя баразны на шыі свайго сына Вольга сфатаграфавала, здымкі захоўвае ў сябе. Сьледчыя іх да справы не далучылі, сказалі жанчыне, што маюць свае. Акрамя гэтага, падазрэньні ў жанчыны выклікаюць гематомы на руках і назе сына, якія яна заўважыла перад пахаваньнем.

«Мой сын не павесіўся, яго павесілі, — перакананая Вольга. — А прычына ў тым, што ня меў грошай. Перад сьмерцю ён пастаянна прасіў грошы. Грошы, грошы, грошы. На прысягу яму дала сто рублёў, потым двойчы па 50, яшчэ і на картку высылала. Зусім на іншую асобу. У траўні, калі прыяжджаў, дала 100 рублёў. У чэрвені высылалі грошы — то 30, то 50, то 20 рублёў. У ліпені быў у звальненьні, заяжджаў да дзяўчат у Мір, зь якімі некалі працаваў. Яны яму яшчэ далі з сабой грошай. Я пра гэта ня ведала, толькі пасьля пахаваньня мне расказалі. Уся справа ў грашах. Навошта яму былі грошы, калі ён пайшоў служыць?»

«Салдаты баяцца сказаць праўду»

Саслужыўцы Аляксандра Арлова скончаць службу толькі ў траўні. Маці загінулага салдата мяркуе, што ўсе яны запалоханыя і ня хочуць расказваць тое, што ведаюць.

«Яны ўсе баяцца сказаць праўду, — гаворыць Вольга. — Іх жа саміх потым папрыбіраюць. Ведаю пра аднаго саслужыўца Сашы, які ў курсе таго, як усё адбылося на самой справе. Ён быў на месцы, дзе сына знайшлі. Я нават ягонае прозьвішча ведаю, але ня буду гаварыць пра гэтае дзіця. Не хачу браць грэх на сваю душу. Я ўжо аднаго пахавала. Не хачу, каб яго маці потым мяне праклінала».

Ужо пасьля пахаваньня Вольга даведалася некаторыя падрабязнасьці з апошніх гадзінаў жыцьця сына, а таксама абставіны ягонай сьмерці. Паводле жанчыны, жывым Аляксандра Арлова бачылі літаральна за гадзіну да сьмерці, на пляцы вайсковай часткі. Знайшлі цела ўвечары 5 верасьня ў адным з памяшканьняў. На дзьвярах быў зламаны навясны замок, а ў столь убіты крук. Пры гэтым вышыні столі не хапала для звычайнага павешаньня, Арлова знайшлі з абапёртымі аб падлогу каленямі, побач з трупам стаяла крэсла.

«Мне ўсё гэта вайскоўцы расказалі, — гаворыць Вольга. — Але навошта было станавіцца на крэсла, убіваць крук у столь, потым зьлезьці з крэсла і павесіцца на каленях? Каб ён хацеў павесіцца, то ён бы адразу павесіўся, навошта было злазіць з крэсла? У 18.30 сына бачылі жывым на пляцы, у 19.50 знайшлі мёртвым. Чым ён той замок зь дзьвярэй мог зьбіць? Гэта ж не саб’еш каменем, трэба, каб манціроўка была. І грукат будзе, там замок з палец таўшчынёй. Побач з капцёркай, дзе сына знайшлі, палаткі з салдатамі былі. Ніхто нічога ня чуў, як так магло быць?»

Паводле маці загінулага салдата, сьледчыя дзеяньні з удзелам былых саслужыўцаў яе сына могуць працягвацца ўвесь сьнежань і студзень. Такія тэрміны ёй агучылі ў СК.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:8)