03.12.2018
Сікорскі: Расея ў 2010-м была гатовая прызнаць паразу Лукашэнкі на выбарах

Былы міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі выдаў кнігу «Польшча можа быць лепшай» пра закулісьсе польскай дыпляматыі. Каля дзесяці старонак у кнізе прысьвечаныя Беларусі. Са згоды Радаслава Сікорскага Радыё Свабода публікуе некаторыя цытаты з кнігі.

Аляксандар Лукашэнка і Радаслаў Сікорскі, 2010 год

Пасаду галавы МЗС Сікорскі займаў найдаўжэй з усіх міністраў гэтага ведамства ў пасьляваенны час у Польшчы — 7 гадоў. І першай перашкодай на шляху да гэтай пасады, як апісвае Сікорскі, стала менавіта Беларусь.

Прэзыдэнт Лех Качыньскі ў 2007 годзе не хацеў зацьвярджаць Радаслава Сікорскага галавою МЗС з прычыны ягонага падыходу да затрыманага беларускага шпіёна. Сікорскі, які да таго, як стаць міністрам замежных справаў у лібэральным урадзе «Грамадзянскай плятформы», быў міністрам абароны ва ўрадзе кансэрватыўнага «Права і справядлівасьці», хацеў спачатку правесьці зь беларускімі спэцслужбамі апэрацыйную гульню і затрымаць шпіёна толькі ў крайнім выпадку. Леху Качыньскаму гэтая прапанова не спадабалася. Але прэзыдэнт у выніку пагадзіўся.

У сваёй кнізе ён апісвае сваю ролю ва ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне, тлумачыць, навошта патрэбен Эўразьвяз, ці пагражае Эўропе Расея, і ці можа яна спадзявацца на ЗША.

Побач з апісаньнямі сустрэчаў з Гілары Клінтан, Сяргеем Лаўровым, Ангелай Мэркель і Віктарам Януковічам Сікорскі падрабязнае расказвае пра свае спробы дэмакратызаваць Беларусь.

«Палякі блізкія беларусам як ніякі іншы народ»

«Кожны паляк, які меў магчымасьць наведаць гэтую краіну, ня можа пазбыцца ўражаньня ад блізкасьці. Ня раз падчас перамоваў зь беларусамі, я лавіў сябе на думцы, што калі са стала перамоваў прыбраць сьцягі, то па тварах палітыкаў нельга было б адгадаць, хто тут паляк, а хто беларус. У маім выпадку гэтае адчуваньне было яшчэ большым. Дзявочае прозьвішча маёй мамы Пашкевіч, і яе продкі эмігравалі пасьля паўстаньня 1863 году з ваколіцаў Стоўпцаў у сёньняшняй Беларусі. Зрэшты, і продкі маёй жонкі, Эн Эплбаўм, з боку яе бацькі Гарві, таксама паходзяць зь Беларусі. Яны эмігравалі ў апошняе дзесяцігодзьдзе XIX ст. з Кобрыні, уцякаючы, імаверна, ад прызыву ў царскае войска. Калі мы з Эн наведалі Кобрынь у 1990 годзе, то нам расказалі, што апошні габрэй у Кобрыні меў прозьвішча Яблонскі. Я думаю, што такая ж сытуацыя ў тысячаў польскіх сем’яў.

Нас аб’ядноўвае і гісторыя. Беларусь моцна пацярпела падчас ІІ усясьветнай вайны. Яе ваенныя страты (ня ўлічваючы габрэяў) былі прапарцыйна найбуйнейшыя і склалі нават чвэрць насельніцтва. Гэта значна больш, чым у Польшчы. Трэба таксама памятаць, што самыя крывавыя ваенныя дзеяньні адбываліся менавіта на тэрыторыі ўсходняй Польшчы, Беларусі і Ўкраіны. Ня кожны ведае, што каты мірнага насельніцтва падчас Варшаўскага паўстаньня, славуты полк SS Dirlewanger, вучыліся сваім злачынным мэтадам у Беларусі. Так, як мы марылі пра вызваленьне з саюзьніцкага Лёндану, так і яны (беларусы. — РС) маглі марыць пра вызваленьне, але з Усходу».

«Лукашэнка — аўтакрат, але не марыянэтка Крамля»

«Беларусь, вядома, гэта дыктатура. Як часта бываў у краінах, якія вызваляліся з савецкага ярма, першая дэмакратычная каманда ў гэтай краіне спрабавала вярнуць дэмакратыю, адначасова спыняючы дзесяцігодзьдзі русіфікацыі. Спроба навучыць гаварыць па-беларуску расейскамоўную большасьць магла ёй не спадабацца і адкрыла браму для шчырага савецкага чалавека, соль з солі калгаснай намэнклятуры. Лукашэнка зьверг дэмакратыю, якая толькі нараджалася, і захапіў паўнату ўлады, змагаючыся з карупцыяй, якая праяўлялася ў тым, што нехта паставіў сабе плот вакол дома за 100 даляраў. Лукашэнка — аўтакрат, але не марыянэтка Крамля, і ён не заўсёды танчыць так, як гэтага жадае Пуцін. Некалі я сказаў Сяргею Лаўрову, што, паводле нашых падлікаў, адкрытыя і скрытыя субсыдыі для рэжыму Лукашэнкі каштавалі Расеі да гэтай пары каля 100 мільярдаў даляраў. «Каб жа толькі», — уздыхнуў Лаўроў».

«Беларусь, без сумневу, гэта рэальная дзяржава»

«Беларусь, без сумневу, гэта рэальная дзяржава, толькі са значна меншым полем манэўру, чым у Польшчы, але з імкненьнем быць адасобленай. Беларуская дыктатура даволі эфэктыўная ня толькі ў перасьледзе апазыцыі, але таксама ва ўтрыманьні дарог і якасьці дзяржаўных дакумэнтаў. Як кожны дыктатар, Лукашэнка выкарыстоўвае жорсткія мэтады і бывае бязьлітасны. Агулам кажучы, гэта дзяржава, якая дзейнічае пры дапамозе перасьледу і перашкодаў сваім апанэнтам. Забівае і садзіць (а хутчэй, забівала і садзіла) у розьніцу, а ня оптам».

«Калі б у расейцаў была альтэрнатыва Лукашэнку, то яны б яе выкарысталі»

«Лукашэнка — гэта арыгінал. Цяжка адмаўляць, што ён валодае палітычнай мабільнасьцю, але ягоныя свавольствы — у залежнасьці ад настрою або новай палітычнай ідэі — уяўляюць такую ж праблему як для Расеі, так і для Захаду. Я неаднойчы меў уражаньне, што калі б у расейцаў была альтэрнатыва Лукашэнку, то яны б яе выкарысталі».

«У Лукашэнкі прыроджаны палітычны талент»

«Калісьці Аляксандар Квасьнеўскі шкадаваў у размове са мной, што ён не інвэставаў столькі ў Лукашэнку, колькі ў чарговых прэзыдэнтаў Украіны. Ён лічыў, што занядбаў яго, і што, магчыма, Лукашэнку ўдалося б уцягнуць у эўрапейскую арбіту, у пэўным сэнсе эўрапеізаваць. Думаю, што гэта былі неабгрунтаваныя надзеі. Гэта палітычная "жывёла" зусім іншага гатунку. Стыль ягонай палітыкі абсалютна больш савецкі і больш правінцыйны. Але бясспрэчна, у яго ёсьць прыроджаны палітычны талент.

Заходнеэўрапейская палітычная сцэна ня вельмі разумее, што адбываецца зь Беларусьсю, але доказам таго, што стабільнасьць і прадказальнасьць — гэта козыры, няхай будзе факт, што Беларусь мае больш замежных інвэстыцый, чым Украіна, дзе жыве значна больш людзей.

Шанец «уцягнуць» Лукашэнку ў заходнюю арбіту здаваўся мне мінімальны. Але я лічыў, што шмат можна выйграць ужо на адной гульні зь ім. Дапамагчы Лукашэнку ў ягонай штурханіне ў Масквою і павялічыць расейскія кошты дамінацыі над Беларусьсю».

«Расея была гатовая падтрымаць у нейкай ступені эўрапеізацыю Беларусі»

«Расейцы ўспрымаюць Беларусь як свайго падапечнага. Непакорлівага, але ўсё ж падапечнага. Для іх гэта стратэгічная тэрыторыя, безь якой іх сыстэма проціпаветранай абароны ня зможа працаваць, паколькі паветраная брама ў Маскву была б адкрытая. З расейскага пункту гледжаньня Беларусь — ключавы фактар для расейскага эксляву ў Калінінградзкай вобласьці. У Расеі ёсьць таксама свой інтарэс у ажыўленьні беларускай эканомікі — субсыдыі неэфэктыўнай дзяржавы вельмі дарагія, а ў Расеі шмат інтарэсаў і па-за Беларусьсю. Таму расейскі інтарэс у Беларусі палягаў у тым, каб Лукашэнка, трымаючы Беларусь у зоне іхнага ўплыву, быў больш прадказальны і менш каштаваў.

Каб дасягнуць гэтага, яны былі гатовыя падтрымаць у нейкай ступені эўрапеізацыю Беларусі. А ў інтарэсе Эўропы якраз эўрапеізацыя Беларусі, якая б у доўгатэрміновай пэрспэктыве прывяла да дэмакратызацыі. Можна было разьлічваць, што кантраляванае збліжэньне з Эўропай пяройдзе ў сапраўдны працэс грамадзкіх пераменаў. Здавалася, што гэта поле да гульні».

«Атмасфэра была добрая, асабліва пасьля вячэры зь пячонкай зубра»

Былы міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў і Радаслаў Сікорскі

​«Пачатак быў шматабяцальны. Ужо некаторы час на нашым стале ляжала прапанова двухбаковай сустрэчы. Я хацеў, каб месца сустрэчы было сымбалічнае, і прапанаваў Віскулі ў Белавескай пушчы. Ня ўтойваю, што мне было цікава, як выглядае месца, дзе падпісвалі дамову аб распадзе СССР. На маё зьдзіўленьне, беларускі бок ня толькі пагадзіўся, але нават падрыхтаваў спэцыяльную пляцоўку для прызямленьня верталёта, каб я мог прыляцець наўпрост з Варшавы.

Мы паляцелі адным са старых Мі-16. Што цікава, нягледзячы на маю спробу пабачыць мяжу, я ня здолеў злавіць той момант. У вёсках тыя самыя драўляныя хаткі шчытом да дарогі. Палац унутры выглядаў так, як быццам Ельцын, Краўчук і Шушкевіч пакінулі яго за дзень да нашага прыезду. Пустыя пакоі, няўтульныя крэслы, пазалочаныя сталы, усё ў тым стылі, які камуністы лічылі арыстакратычным шыкам.

Зь міністрам Мартынавым мы пазнаёміліся падчас шматбаковых сустрэчаў, а цяпер мы вялі доўгую размову ў лесьнічоўцы непадалёк ад палацу. Атмасфэра была добрая, асабліва пасьля вячэры, паколькі ў мэню была нават пячонка з зубра, што я тады палічыў прыязным жэстам. І толькі праз пару месяцаў, калі я расказваў пра размову адной важнай беларускай апазыцыянэрцы, яна паглядзела на мяне зь непакоем і сказала, што беларусках зуброў адстрэльваюць ў сувязі з тубэркулёзам. Але пакуль можна было спадзявацца на адкрыцьцё».

«Беларусы — нягледзячы на дыктатуру — хацелі б вырвацца з ролі падапечнага ўсходняга суседа»

«Мы прапанавалі Беларусі магчымасьць удзелу ў эўрапейскіх праграмах і польскую падтрымку. Мушу прызнаць, што беларускія прапановы заўсёды былі прафэсійна падрыхтаваныя і ў прынцыпе рэалізоўваліся згодна з дамоўленасьцямі. Гэта толькі даказвала, што беларусы — нягледзячы на дыктатуру — хацелі б вырвацца з ролі эканамічнага і стратэгічнага падапечнага ўсходняга суседа. У іх сапраўды былі моцныя расейскія ўплывы, і яны мусілі сур’ёзна падыходзіць да кожнага кроку. Мы вырашылі павялічыць нашую прапанову».

«Гаворка была не пра зьвяржэньне. Нам хапіла б нейкага жэсту»

​«Зьявілася нагода, каб праверыць сапраўдныя намеры. Набліжаліся парлямэнцкія выбары 2008 году, якія, што праўда, мелі меншае значэньне, а пасьля прэзыдэнцкія ў 2010 годзе — і можна было перадаць Лукашэнку: перастань, спыні рэпрэсіі і хаця б сымбалічна ідзі ў бок дэмакратыі, і тады будзе ўзнагарода. Гаворка была не пра зьвяржэньне прэзыдэнта, а пра доўгатэрміновую пэрспэктыву шляху да дэмакратыі. Эўразьвязу і Польшчы хапіла б нейкага жэсту. Кажучы прама: мы чакалі, што ўзровень фальсыфікацый на прэзыдэнцкіх выбарах будзе меншым. Лукашэнка павінен быў паказаць, што ён ня лічыць сябе пажыцьцёвым дыктатарам. Я пераканаў у гэтай ідэі і немцаў, каб гэта не выглядала на аднабаковую ініцыятыву».

«Падначаленыя Лукашэнкі жывуць у вялікім страху перад ягонымі эмацыйнымі выбухамі»

«Перад самымі прэзыдэнцкімі выбарамі разам зь нямецкім міністрам замежных справаў Гвіда Вэстэрвэле мы паехалі на непасрэдныя перамовы з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Гэта стыхійная постаць. Яго падначаленыя жывуць у вялікім страху перад ім і ягонымі эмацыйнымі выбухамі. Таму гаварыў найперш Лукашэнка. Між іншым, пра тое, што спадзяецца гэтым разам на падтрымку 60-70%, што можна было ўспрыняць як прапанову нам, вядома, недастатковую. Але была таксама цікавая частка размовы. Да сустрэчы мы дамовіліся з Гвіда, што ён згадае аб правах этнічных меншасьцяў, а я аб правах сэксуальных. Сёньня стаўленьне да сэксуальных меншасьцяў сталі лякмусавай паперай, якая сьведчыць аб талерантнасьці грамадзтва».

Гвіда Вэстэрвэле, Сяргей Мартынаў і Радаслаў Сікорскі

«Пі...саў трэба трымаць у рэзэрвацыях»

«Гвіда Вэстэрвэле стрымаў слова і згадаў пра правы этнічных меншасьцяў, у тым ліку палякаў. А Лукашэнка на гэта: "Чаму вы пытаеце мяне пра палякаў? Я ж люблю сваіх палякаў. Мае палякі — гэта мае самыя верныя выбарнікі. І я хачу, каб палякі ў Беларусі мелі такія самыя правы, як і ўсе іншыя грамадзяне". Гэта, вядома, можна было ўспрыняць як абяцаньне, але і як пагрозу — беларускія грамадзяне маюць няшмат правоў.

Згодна з дамоўленасьцю, я згадаў пра сэксуальныя меншасьці. Лукашэнка паглядзеў на мяне як на вар’ята і праз хвіліну кажа з нотай зьдзіўленьня: "Але ў нас у Беларусі няма ніякіх сэксуальных меншасьцяў". "Разумею, спадар прэзыдэнт, Беларусь, вядома, мае сваю спэцыфіку. Але гіпатэтычна, калі б у будучыні ў Беларусі зьявіліся нейкія сэксуальныя меншасьці, то вы будзеце ставіцца да іх талерантна, праўда?" Лукашэнка глядзіць то на мяне, то на Вэстэрвэле і, круцячы галавою, паблажліва ўсьміхаецца і кажа: "Ну ня ведаю, ня ведаю... А... лесьбіянкі хай будуць, нават можна паглядзець. Але пі...саў трэба садзіць у аўтобусы, вывезьці за горад, і будзем трымаць іх там у рэзэрвацыях". У гэты момант я ведаў, што міністар замежных справаў Нямеччыны будзе ў беларускім пытаньні на маім баку да канца працы на сваёй пасадзе».

Падслуханая размова беларускіх міністраў

«Відавочна, што супрацоўнікі Лукашэнкі забыліся яму сказаць, што Вэстэрвэле адкрыта прызнаецца ў тым, што ён гей і шмат гадоў жыве са сваім сталым партнэрам. Цікава, што разам з Гвіда мы пачулі прыватную размову двух беларускіх міністраў на гэтую тэму. Яе значэньне можна было б падсумаваць у словах "Што гэты лапух зноў нагаварыў"».

«Лукашэнка дакладна зьліквідуе расейскую агентуру»

«Парлямэнцкія выбары скончыліся поўнай паразай апазыцыі, але ім, прынамсі, далі часткова выступіць у СМІ. Але вынік не пакідаў сумневу. Наступныя месяцы Лукашэнка манэўраваў, раз-пораз паказваючы сваю незалежнасьць ад Расеі. Хаця б тады, калі ён стрымаў абяцаньне Эўразьвязу не прызнаваць дзяржаўнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, якія абвясьцілі незалежнасьць пасьля вайны з Грузіяй.

Ні для кога не павінна быць сакрэтам, што Расея мае ў Беларусі большыя ўплывы, чым ЭЗ. Гэта ажно 300 гадоў прысутнасьці. Блізкае перапляценьне вайсковых элітаў, якія на вучэньнях трэнуюць розныя ваенныя сцэнары. Хоць і тут давер ня поўны, бо Беларусь не атрымала ад Расеі баявых самалётаў, пра якія прасіла, а адначасна расейцы не атрымалі права базаваньня сваіх авіяцыйных сілаў на яе тэрыторыі. У спэцслужбах Лукашэнка дакладна зьліквідуе расейскую агентуру, баючыся, што менавіта ў Расеі могуць праняць рашэньне пра яго зьвяржэньне».

Аляксандар Мілінкевіч і Радаслаў Сікорскі

«Палітыка Лукашэнкі працуе, але кансэрвуе залежнасьць»

«Зьліквідаваўшы беларускамоўныя школы, Лукашэнка аданачасова спрабуе дамаўляцца з Ватыканам, каб узьнікалі беларускія сэмінарыі і каб каталіцкія сьвятары былі беларусамі, а не прыежджымі з Польшчы. Ватыкан, зрэшты, пагаджаецца на адмову ад польскай на карысьць беларускай. Манэўраваньне паміж Расеяй і ЭЗ, без сумневу, у Лукашэнкі атрымліваецца. Гэта працуе. Але такая палітыка кансэрвуе эканамічную і палітычную сыстэму, якая і зьяўляецца крыніцай адсталасьці, і ў выніку — залежнасьці».

«Калі б газ у ямальскім газаправодзе плыў ў іншым кірунку, то мы б былі саюзьнікам Польшчы, а не Расеі»

«Нягледзячы на ўсю тактычную мабільнасьць, сама сутнасьць лукашызму — праз спазьненьне эканамічнай і грамадзкай мадэрнізацыі Беларусі — утрымлівае гэтую краіну ў васальнай пазыцыі. Калі б Беларусь мела сучасную эканоміку, залежнасьць ад расейскіх паставак была б для яе тым, чым ёсьць і для Польшчы, — хваробай, а не ланцугом. Адзін зь беларускіх міністраў сказаў мне аднойчы: «Калі б газ у ямальскім газаправодзе плыў ў іншым кірунку, то мы б былі саюзьнікам Польшчы, а не Расеі». Шкада, што Польшчы ня ўдаўся праект здабычы вялікай колькасьці сланцавага газу».

«Лаўроў абяцаў прызнаць выбары, нават калі пераможа апазыцыя»

«Я размаўляў у Варшаве зь Сяргеем Лаўровым, і зваротныя сыгналы былі зразумелыя — Расея таксама хоча, каб Лукашэнка памякчэў, каб каштаваў менш і не прыносіў столькі клопатаў. Калі мы былі з Гвіда ў Менску, то да выбараў заставалася менш за два месяцы. Празь некалькі тыдняў я размаўляў у Каралеўскіх Лазенках з Лаўровым. Падчас гутаркі ў кабінэце караля Станіслава вочы ў вочы Лаўроў паабяцаў: «Расея прызнае вынік прэзыдэнцкіх выбараў у Менску, нават калі выйграе кандыдат апазыцыі».

«Для Расеі Някляеў мог быць спакойнай і прадказальнай альтэрнатывай»

Радаслаў Сікорскі і Ўладзімер Някляеў

​«Гэта было цікава, паколькі галоўным кандыдатам апазыцыі стаў на той час лідэр руху "Гавары праўду", паэт і напалову расеец Уладзімер Някляеў. Гэта быў кандыдат, які б пакончыў з дыктатурай у Беларусі, але які мог бы быць гарантыяй для Расеі, што яны захаваюць там нармальныя стасункі і значныя ўплывы. Някляеў не жадаў дражніць Расею, пазьбягаў гэтага і разумеў, што Беларусь можа разьлічваць толькі на паступовую эўрапеізацыю, а не імклівае збліжэньне з NATO. Для Расеі ён мог быць спакойнай і прадказальнай альтэрнатывай».

«За разгонам пасьля выбараў 2010 году магла стаяць Расея»

«Выбары былі сфальсыфікаваныя, як і звычайна, а пратэстоўцаў разагналі. Сёньня здаецца, што рашэньне пра гэта прынялі ў Маскве або, прынамсі, пад яе ўплывам. За дзесяць дзён да выбараў прамяністы Лукашэнка выступіў з Пуціным на супольнай прэс-канфэрэнцыі.

Не ўпершыню выявілася, што расейскае МЗС зьяўляецца рэалізатарам, а не ініцыятарам расейскай замежнай палітыкі. Міністар Лаўроў мог, вядома, увесьці мяне ў зман, але ня вельмі разумею, навошта, калі ягоная спэцыяльнасьць — адкрыта прадстаўляць расейскую пазыцыю. Я прытрымліваюся думкі, што, размаўляючы са мною ў Каралеўскіх Лазенках, ён яшчэ ня ведаў рашэньня, якое прынялі ў Крамлі».

Радаслаў Сікорскі і Сяргей Лаўроў

«Дэмакратызацыя і эўрапеізацыя Беларусі можа адбыцца толькі тады, калі зьменіцца ўлада ў Маскве»

«Лукашэнка працягвае весьці сваю гульню. З аднаго боку, ён не прызнае анэксію Крыму, а з другога дае расейцам вялікую авіябазу. Аднак у часы, калі дактрына расейскага зьбіраньня земляў зьмянілася з вэрбальнага ў рэальнае, беларусы павінны непакоіцца пра будучыню Віцебску, які на пачатку існаваньня СССР уваходзіў менавіта ў склад расейскай ССР. Баюся, што дэмакратызацыя і эўрапеізацыя гэтай краіны можа адбыцца толькі тады, калі зьменіцца ўлада ў Маскве. Або калі Расея аслабне, напрыклад калі яна прайграе вайну іншаму суседу».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:17)