03.12.2018
Прэзыдэнт, які прызнаў Беларусь

Сяргей Навумчык на Радыё Свабодзе піша пра след, які пакінуў Джордж Буш-старэйшы ў беларускай гісторыі.

Першы амбасадар Італіі ў Беларусі Джанлюка Бэртынэта рапавядаў мне адну гісторыю са свайго дыпляматычнага мінулага.

Джордж Буш-старэйшы

У 1970-х ён быў паслом у Кітаі, і ў той жа самы час амэрыканскае прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у Пэкіне ўзначальваў колішні кангрэсмэн і прадстаўнік ЗША ў ААН Джордж Буш (афіцыйна Вашынгтон ня меў у Паднябеснай паўнавартаснай амбасады). Калі ў 1976 годзе прэзыдэнт Форд прызначыў Буша дырэктарам ЦРУ, той зрабіў у Пэкіне разьвітальны прыём для дыпляматаў.

— Я пажадаў яму посьпеху і выказаў перакананьне, што пасада дырэктара ЦРУ — не апошняя ў ягонай будучай кар’еры, — апавядаў Джанлюка. — І нават сказаў, што не зьдзіўлюся, калі пабачу яго віцэ-прэзыдэнтам Амэрыкі. Але Буш успрыняў мае словы холадна. Потым я зразумеў, чаму. Ён, вядома, бачыў сябе ў Авальным кабінэце не другой асобай, а гаспадаром.

Зрэшты, Бэртынэта не памыліўся. Віцэ-прэзыдэнтам Буш быў — і, паводле блізкіх да Рональда Рэйгана асобаў, выбар ягонай кандыдатуры шмат у чым быў вынікам выпадку. Шчасьлівага для Буша, як паказала будучыня. Але вось перамога на прэзыдэнцкіх выбарах 1989 выпадковай ужо не была.

Увогуле, у палітыцы, як мала дзе, посьпех — і грамадзкі, і асабісты — часам залежыць ад шчасьлівага выпадку. Пытаньне, ці кожнаму ўдаецца яго скарыстаць напоўніцу.

Бушу — удалося.

Джорж Буш з жонкай Барбарай і братам Бакія. 1940-я гады

Буш нарадзіўся, як кажуць, нават ня з срэбранай — з залатой лыжкай у роце: у сям’і банкіра і сэнатара, прадстаўнікоў найвышэйшага пласта амэрыканскага істэблішмэнту. Але ён адмовіўся ад паступленьня ва ўнівэрсытэт, пайшоў у войска і быў самым маладым лётчыкам вайскова-марскіх сілаў ЗША. Аднойчы ягоны самалёт быў зьбіты, але Буша выратавалі — потым ужо ён удзельнічаў у выратавальных апэрацыях.

Буш, як сьведчаць ягоныя саслужыўцы, быў у асабістым пляне чалавекам сьмелым.

Але на пасадзе прэзыдэнта ЗША (1989–1993) ягоны стыль можна хутчэй назваць асьцярожным. У кожным разе, у дачыненьні да працэсаў, якія адбываліся на тэрыторыі Савецкага Саюзу — камуністычнай імпэрыі, якая імкліва і няўхільна рассыпалася.

Джордж Буш з жонкай Барбарай на выставе ў Пекіне ў 1974 годзе

Буш, як і ягоны папярэднік Рэйган, падтрымліваў імкненьне да незалежнасьці Літвы, Латвіі і Эстоніі. Але ён ніякім чынам не выказваў сымпатыяў да ідэяў сувэрэннасьці іншых савецкіх рэспублік, у тым ліку і Беларусі.

У пачатку жніўня 1991-га, літаральна за тры тыдні да абвяшчэньня Ўкраінай незалежнасьці, прэзыдэнт ЗША Буш наведаў Кіеў. Выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, ён даў зразумець, што ў выбары паміж Гарбачовым і імкненьнем да незалежнасьці савецкіх рэспублік ягоныя сымпатыі ўсё ж на баку гаспадара Крамля (Буш таксама выказаўся пра «самагубчы нацыяналізм»).

Кіяўляне тады вынесьлі на вуліцы транспаранты: «Калі ў савецкай імпэрыі нагэтулькі добра — чаму ЗША выйшлі з Брытанскай імпэрыі?».

Тая кіеўская прамова Буша, як мне потым распавядалі, выклікала абурэньне ў беларускай дыяспары. Пра ўкраінскую ня варта і казаць. Праз гады зьдзіўляесься, наколькі не разумелі палітычных працэсаў і былы дырэктар ЦРУ Буш, і дзясяткі аналітыкаў гэтага вельмі інфармаванага ведамства.

Што праўда, у гэтым Буш ня быў самотны. У кнізе «Дзевяноста першы» я цытую выказваньні сусьветных лідэраў у часе іх сустрэчаў з прэзыдэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым.

«Я нядаўна чуў заяву Ўкраіны пра тое, што яна хоча ўвесьці ўласную валюту. Наступствы гэтага былі б жахлівыя». (Старшыня Камісіі эўрапейскіх супольнасьцяў Жак Дэлёр, 19 ліпеня 1990 г.)

«Важна ўнікаць дзеяньняў, якія б стваралі на Захадзе адчуваньне таго, быццам СССР вось-вось разваліцца на канглямэрат асобных рэспублік». (Канцлер Нямеччыны Гэльмут Коль, 5 ліпеня 1990 г.)

«У рэспублік Савецкага Саюзу зараз ёсьць унікальны шанец пазьбегчы фазы адасабленьня нацыянальных дзяржаваў і адразу ступіць у эпоху канфэдэратыўных формаў дзяржаўнага жыцьця». (Міністар замежных справаў Нямеччыны Ганс Геншэр, 9 верасьня 1991 г.)

«Эўропа імкнецца да аб’яднаньня, а вы шукаеце якія заўгодна нагоды, каб разьяднацца. Гэта парадаксальна і ня можа быць нічым апраўдана». (Той жа Геншэр, 26 кастрычніка 1991 г.).

«Казахстан як такі — гэта нонсэнс. Аддзяленьне — гэта абсурд». (Прэм’ер-міністар Гішпаніі Фэліпэ Гансалес, 29 кастрычніка 1991 г.)

«Мы маем кантакты з рэспублікамі, імкнучыся, каб яны не падрывалі вашых (Гарбачова — С. Н.) пазыцыяў». (Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, 29 кастрычніка 1991 г.).

«Я разважаю абсалютна халодна: у інтарэсах Францыі, каб на ўсходзе Эўропы існавала цэнтральная сіла... Я з тых, хто жадае мець у Вашай асобе моцнага партнэра — новы Саюз. Інакш што — Расея, Украіна, Беларусь, Грузія, нейкія яшчэ дзяржавы?.. Францыя ня будзе спрыяць адцэнтравым сілам. І, я думаю, на такіх пазыцыях стаяць усе старыя эўрапейскія краіны з даўняй гісторыяй, у якіх старажытныя традыцыі і глыбокі эўрапейскі досьвед. Я маю на ўвазе Англію, Францыю, Гішпанію, Партугалію...» (Прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, 30 кастрычніка 1991 г.).

«...Для мяне няма сумненьняў у неабходнасьці захаваньня Саюзу як моцнай дзяржавы. Гэта ў інтарэсах і Гішпаніі, і Эўразьвязу, і ўсяго Захаду. Рэальна Джордж Буш не жадае развалу Савецкага Саюзу. Больш за тое. Ён на Захадзе — найбольш сур’ёзны і пасьлядоўны прыхільнік, разам з Бэйкерам (дзяржаўны сакратар ЗША — С. Н.), захаваньня Савецкага Саюзу, ён усьвядоміў неабходнасьць гэтага. ...Дзіўнаватыя шкалярскія разважаньні некаторых маіх калегаў, якія сур’ёзна гавораць пра гэты дрэнны жарт — права нацыяў на самавызначэньне. Нам патрэбны Гарбачоў, і нам патрэбны стабільны, моцны інстытут прэзыдэнта СССР». (Прэм’ер-міністар Гішпаніі Фэліпэ Гансалес, 30 кастрычніка 1991 г.).

Джордж Буш-старэйшы (зьлева) у радзе бясьпекі ААН у 1971 годзе

Як бачым, большасьць гэтых заяваў зробленая ўжо пасьля жніўня 1991-га, калі і Ўкраіна, і Беларусь, некаторыя іншыя рэспублікі абвясьцілі незалежнасьць дэ-юрэ.

Адразу пасьля 25 жніўня 1991 году пра прызнаньне незалежнасьці Беларусі заявіў парлямэнт Польшчы. Астатнія — маўчалі.

Памятаю, як чакалі мы, дэпутаты БНФ, хоць слова падтрымкі ад палітыкаў Амэрыкі — краіны, якая адыгрывала ключавую ролю ў міжнароднай палітыцы.

Дарэмна.

Магчыма, таму не было той падтрымкі, што кіраўніцтва Беларусі — старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і кіраўнік ураду Вячаслаў Кебіч — у верасьні-лістападзе 91-га, калі кожны дзень быў важны для стварэньня інстытуцыяў новаабвешчанай незалежнай дзяржавы (войска, уласнай грашовай адзінкі, выпрацоўкі самастойнай міжнароднай палітыкі) — езьдзілі ў Маскву да Гарбачова, каб падтрымаць так званы «нова-агароўскі працэс» — рэінкарнацыю СССР у канфэдэратыўнай форме.

Джордж Буш. 1992 год

Ну а калі самі кіраўнікі краіны не імкнуцца да ўмацаваньня незалежнасьці — чаму гэта павінны рабіць за іх замежныя лідэры?

Што прыкметна, адміністрацыя Буша не прызнала Беларусь нават пасьля Віскулёўскіх пагадненьняў, у якіх Шушкевіч і Кебіч адыгралі, бясспрэчна, станоўчую ролю. Хаця на той момант гэта ўжо зрабілі Турэччына, Швэцыя і Манголія.

І толькі пасьля заявы Гарбачова аб адстаўцы з пасады прэзыдэнта 25 сьнежня Джордж Буш зрабіў заяву аб прызнаньні Ўкраіны, Армэніі, Казахстану, Беларусі і Кіргізстану і завязаньня зь імі дыпляматычных адносінаў.

Але, прызнаўшы Беларусь, ЗША адразу ўзялі курс на спрыяньне маладой дзяржаве. Надзвычай удалым кадравым рашэньнем Буша варта лічыць прызначэньне першым амэрыканскім амбасадарам у Менску Дэвіда Сўорца. Дзякуючы яму былі і праграмы ўзаемаабмену, і дзейнасьць Фонду Сораса, і вяршыня амэрыкана-беларускіх узаемаадносінаў — візыт наступнага, 42-га прэзыдэнта ЗША ў Менск (Клінтан казаў, што на яго зрабіла ўражаньне моладзь, якую запрасілі на сустрэчу ў Акадэміі навук — большасьць слухала амэрыканскага лідэра не ў навушніках, безь перакладу. Клінтан тады сказаў, што за гэтымі людзьмі будучыня).

Пакуль што ягоныя словы ня спраўдзіліся — але не зь віны амэрыканскага боку. Не зь віны ЗША згорнутыя і беларуска-амэрыканскія сумесныя праграмы, абрэзаныя дыпляматычныя дачыненьні.

Час спрасоўвае падзеі, сьцірае нюансы, пакідаючы Гісторыі галоўнае.

Як бы там ні было, а ў беларускай гісторыі Джордж Буш-старэйшы застанецца прэзыдэнтам Амэрыкі, які прызнаў незалежнасьць Беларусі.

«Люблю тебя» — последние слова Джорджа Буша-старшего

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:14)