02.12.2018
Сямён Печанко
Плюсы і мінусы абуджанага бязвізам горада на захадзе Беларусі

Позірк на каралеўскі горад вачыма турыста.

Пятнаццаць гадоў таму мы з сябрам вырашылі прайсці за ноч па ўсіх трох гродзенскіх мастах праз Нёман. Справа была пасля выпускнога вечара ва ўніверсітэце, мы такім чынам развітваліся з горадам.

Пад раніцу змерзлі і пачалі шукаць, дзе б выпіць кавы. Знайшлі толькі на чыгуначным вакзале Гродна — нясмачную, распушчальную, у мяккім пластыкавым стакане. І тады ў нас з’явілася мара — адчыніць сваю кавярню, каб кожны стомлены і змерзлы мог завітаць на кубачак кавы…

Праз два гады пасля той начной прыгоды я вяртаўся праз Гродна з Кракава. Дагэтуль памятаю, якім пустым і шэрым здаваўся мне мой любімы горад.

Праз пятнаццаць год я атрымаў сатысфакцыю. Не, я не адчыніў кавярню ў каралеўскім горадзе. Але ў гэтым цяпер і няма патрэбы. Трапіўшы ў камандзіроўку ў Гродна, на вуліцы Замкавай я нават разгубіўся, бо меў выбар з некалькіх кавярняў, размешчаных у дзясятках метраў адна ад адной.

Натхнёны прыемным адкрыццём, я вырашыў зірнуць на горад вачыма турыста, хоць бываю тут па справах раз на год.

У цэнтры відавочна паболела месцаў, дзе можна выпіць кавы і пад’есці.

Часцей трапляецца беларуская мова, хоць для вялікага па беларускіх мерках горада яе тут усё яшчэ катастрафічна мала.

Сувеніры. Прыемна, што ў цэнтры горада іх стала больш. Прыкра тое, што мы не напружваемся над уласным прадуктам, працягваючы ўцюхваць замежнікам matryoshek і партрэты Пуціна.

І, бадай, наймацнейшае расчараванне — будоўля на тэрыторыі Старога замка, якую чамусьці назвалі рэканструкцыяй. Паддоны цэглы і сілікатныя блокі наводзяць на думку, што хутка тут будзе два Новых замка.

Відавочна, што бязвіз абудзіў Гродна. Яму яшчэ вельмі далёка да Кракава, але горад змяняецца на вачах, неабыякавыя жыхары збіраюцца разам, каб абмеркаваць турыстычныя перспектывы і паразважаць пра ягоны імідж. Крыўдна, што на гэта спатрэбіліся дзясяткі гадоў

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:39)