20.11.2018
Карбалевiч: Чаму Беларусь сябруе з Азэрбайджанам і канфліктуе з Армэніяй

Прэзыдэнт Азэрбайджану з чарговым візытам наведаў Менск. Палiтолаг на Радыё Свабода – пра адметнасьць гэтай падзеі.

Да гэтага году Беларусі ўдавалася падтрымліваць балянс у адносінах з Азэрбайджанам і Армэніяй, сябраваць з абедзьвюма дзяржавамі, якія знаходзяцца ў вострым канфлікце між сабой. Аднак апошнім часам сытуацыя зьмянілася, афіцыйны Менск увязаўся ў сварку зь Ерэванам.

«Лукашенко взорвал ситуацию». Между Беларусью и Арменией разгорается конфликт

Найперш, ухіл беларускага кіраўніцтва ў бок Баку адбываецца з эканамічных прычын. Азэрбайджан — краіна багацейшая, чым Армэнія. Беларуска-азэрбайджанскі таваразварот у студзені-верасьні павялічыўся ў 3,3 раза ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году і дасягнуў 331,5 млн даляраў. А ўзаемны гандаль паміж Беларусьсю і Армэніяй за гэты час склаў усяго 35,1 млн даляраў. Гэта ў дзесяць разоў менш.

Чаму раптам за дзевяць месяцаў гандлёвы абарот Беларусі і Азэрбайджану так вырас? Адказ просты. Сёлета Беларусь паставіла туды дзьве партыі ракетных комплексаў «Палянэз». А як вядома, ракеты каштуюць дорага.

Зразумела, такая сытуацыя, калі саюзьнік па АДКБ пастаўляе ворагу сучасную зброю, выклікала моцнае абурэньне Армэніі.

Другая прычына крызісу ў адносінах паміж Менскам і Ерэванам ляжыць у сфэры палітычнай, ці нават хутчэй мэнтальнай, каштоўнаснай, псыхалягічнай. Прычынай для разладу стала пытаньне аб генэральным сакратару АДКБ. Узьнікла сытуацыя, не прадугледжаная статутам гэтай арганізацыі. Пасьля адстаўкі шматгадовага генэральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы ў 2017 годзе было прынята рашэньне, што займаць гэтую пасаду будуць па чарзе прадстаўнікі ўсіх краін-сяброў саюзу, паводле алфавіту. Таму генэральным сакратаром АДКБ быў прызначаны грамадзянін Армэніі Юры Хачатураў.

Але пасьля таго, як у Армэніі ў выніку народнай рэвалюцыі да ўлады прыйшоў Нікол Пашыньян, там пачалі расьсьледаваць дзейнасьць былых уладаў краіны. За рэпрэсіі супраць апазыцыі была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненьні і да Юрыя Хачатурава, які займаў у той час пасаду намесьніка міністра абароны. У сувязі з гэтым Ерэван адклікаў гэтага дзеяча з пасады генэральнага сакратара АДКБ, прапаноўваючы замяніць яго іншым прадстаўніком Армэніі.

Генэральны сакратар гэтай арганізацыі — пасада тэхнічная. Ён не вызначае палітыку АДКБ, ён хутчэй выканаўца. У нейкай меры гэта пытаньне прэстыжу.

Аднак гэтае, здавалася б, фармальнае, тэхнічнае пытаньне ўперлася ў іншую праблему. Справа ў тым, што АДКБ — саюз дзяржаў з аўтарытарнымі рэжымамі. Да нядаўняга часу Армэнія цалкам упісвалася ў гэтую супольнасьць. Але пасьля вясновай «каляровай рэвалюцыі» там да ўлады прыйшла апазыцыя. Ужо сам па сабе гэты факт выклікае раздражненьне ў аўтарытарных лідэраў АДКБ. Рэвалюцыя, Майдан для дыктатараў, якія шмат гадоў узначальваюць свае дзяржавы, — сьвятатацтва, блюзьнерства, замах на іх уяўленьні пра сакральнасьць любой улады.

Дык мала таго, што новы лідэр Армэніі Нікол Пашыньян прыйшоў да ўлады з вуліцы, узьняты народным пратэстам. Ён стаў гуляць не па правілах. Заводзіць крымінальную справу супраць чыноўніка, які займае пасаду ў міжнароднай арганізацыі, — гэта само па сабе незвычайна. І за што? За расправу над апазыцыяй. Дык усе аўтарытарныя кіраўнікі дзяржаў-удзельніц АДКБ у сваіх краінах робяць тое ж самае.

І тут разгулялася салідарнасьць аўтарытарных рэжымаў. Бо АДКБ — гэта саюз ня толькі супраць зьнешняй пагрозы, але і для абароны кіроўных рэжымаў ад «каляровых рэвалюцый». Армэнію вырашылі прыкладна пакараць, няхай і дробязна.

Маўляў, што з возу ўпала, тое прапала. Калі Ерэван адклікае свайго прадстаўніка з пасады генэральнага сакратара АДКБ, то ён губляе сваю квоту, пасада пераходзіць да наступнай па алфавіце краіны — да Беларусі. Аднак Армэнія рашуча запратэставала, і доўгая сварка на саміце ў Астане 8 лістапада скончылася безвынікова.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:28)