17.11.2018
Фотарэпартаж з Горак — самага студэнцкага горада Беларусі

Напярэдадні Дня студэнта журналісты Радыё Свабода Антон Трафімовіч і Уладзь Грыдзін наведалі самы студэнцкі горад Беларусі.

У горадзе Горкі на Магілёўшчыне жыве 34 тысяч чалавек, а ў мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі навучаецца каля 10 тысяч студэнтаў. Плюс 2 тысячы магістрантаў, асьпірантаў і тых, хто атрымлівае другую адукацыю.

– Гэта самая старая дзеючая найвышэйшая навучальная ўстанова Беларусі. Яна адкрылася ў 1840 годзе.

– Праз удзел студэнтаў у паўстаньні Каліноўскага, земляробчы інстытут быў зачынены з 1864 па 1919 год.

– Кожны трэці старшыня райвыканкама вучыўся ў Горках.

– У Горках самая высокая шчыльнасьць студэнтаў сярод усіх гарадоў Беларусі.

– Мясцовы кампус нагадвае клясычны эўрапейскі і амэрыканскі​.

– Акадэмія — самы буйны працадаўца ў горадзе.

У 1840 годзе ў маёнтку Горы-Горкі адкрылі земляробчую школу. У 1848 годзе навучальную ўстанову зрабілі інстытутам — першай сельскагаспадарчай ВНУ ў Расейскай імпэрыі. З інстытутам, а пазьней Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй зьвязана ўся сучасная гісторыя Горак.

Самыя старыя будынкі, якія захаваліся ў Горках, — гэта першыя карпусы земляробчай школы. З абодвух бакоў ад вучэбнага корпуса №4 стаяць былыя флігелі сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. На тэрыторыі акадэмічнага гарадка таксама захаваліся дом настаўнікаў пачатку ХХ стагодзьдзя і даваенны інтэрнат.

Студэнцкая «ахова».

​«Ад пачатку была навучальная ўстанова, а ўжо потым — горад», — распавяла Тацьцяна Лосева, дырэктарка музэя сельгасакадэміі.

Магіла забітага студэнта Войцэха Дамарацкага на ўваходзе ў дэндрапарк. Ён быў у ліку 66 студэнтаў і выкладчыкаў Горыгорацкага інстытута, якія падтрымалі паўстаньне Каліноўскага. У 1864 годзе інстытут зачынілі і перавялі ў Санкт-Пецярбург.

Батанічны сад і дэндрапарк заклалі ў 1847 годзе. Архітэктарам быў італьянец Анжэла Кампіёні.

Больш за паўстагодзьдзя ў інстытуцкіх карпусах разьмяшчаліся сярэднія навучальныя ўстановы. Толькі ў 1919 годзе ў Горках аднавілі ВНУ і адкрылі тут Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

​Студэнцкі гарадок займае 54 гектары. Студэнты тут і жывуць, і вучацца. Гэта паўнавартасны кампус, як у клясычных эўрапейскіх і амэрыканскіх унівэрсытэтах.

Узьбярэжная ўздоўж штучных сажалак, дэндрапарк, вялікі палац культуры, амфітэатар — усё гэта месьціцца на тэрыторыі кампуса.

У адміністрацыі акадэміі падкрэсьліваюць, што месцаў у інтэрнаце хапае ўсім студэнтам.

Горацкія армрэсьлеры і армрэсьлеркі — адныя з наймацнейшых сярод беларускіх студэнтаў. Іхнія заняткі праходзяць у трэнажорнай залі пры інтэрнаце.

У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі навучаецца каля 12 тысяч слухачоў. Сярод іх — каля 5 тысяч студэнтаў вочнай формы, і столькі ж — завочнай. Рэшта — гэта магістранты, асьпіранты, тыя хто павышаюць кваліфікацыю і атрымліваюць другую адукацыю.

Акадэмія — гэта, так бы мовіць, «горадаўтваральнае прадпрыемства» і самы вялікі працадаўца горада. Тут працуюць 1600 чалавек. Разам са студэнтамі-вочнікамі, якія зарэгістраваныя ў Горках, сельгасакадэмія складае вялікую частку ад насельніцтва горада.

«Кожны шосты жыхар Горак мае дачыненьне да акадэміі», — кажа Максім Патапенка, прарэктар па выхаваўчай працы.

​Яблыкі ў студэнцкай сталовай і буфэтах — бясплатныя. Яны вырашчаныя ў садах акадэміі. У навучальнай установе ёсьць 250 гектараў вопытных палёў, дзе студэнты праводзяць дасьледаваньні і адпрацоўваюць новыя тэхналёгіі.

Вучыцца ў Горкі прыяжджаюць замежныя студэнты.

Большасьць бараў і кавярняў у Горках разьмешчаныя «на Акадэміі» — раёне вакол студэнцкага гарадка.

«У горад выбіраюся раз на тыдзень, — кажа студэнтка Аляксандра, якая працуе барыстай у кавярні каля студэнцкага гарадка. — У вялікую краму ці на рынак па спэцыі. А так тут усё ёсьць».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:22)