16.11.2018
Калінін падпісваў расстрэльныя сьпісы беларусаў

Цяпер яму помнік, плошча, вуліца і завулак у Менску — пiша Аляксандра Дынько на Радыё Свабода.

Менскі гарвыканкам выдзеліў на рэстаўрацыю пастамэнта помніка Міхаілу Калініну 115 тысяч рублёў. Тэндэр на рэканструкцыю помніка выйграла ТДА «Рэнвітан» — уладальнік шыкоўнай рэстарацыі «Ўрарту» і замоўца будаўніцтва кавярні ў Севастопальскім парку ў Менску.

Бронзавы помнік вышынёю 5,5 мэтра стаіць у цэнтры Менску на аднайменнай плошчы. Скульптуру аўтарства Паліўчука і Глебава паставілі ў 1978 годзе. Яна мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Рашэньне аб рэканструкцыі прымае Міністэрства культуры.

Кіраўнік рамонтнікаў: «Я толькі выканаўца»

— Помнік знаходзіўся ўжо ў аварыйным стане, пліты гэтыя падалі, мы як маглі мацавалі, — сказаў Свабодзе дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Рамаўтадар Першамайскага раёну» Віталь Германчук. — Грошы выдзеліў, канечне, гарвыканкам. Былі таргі, там прыстойна скінулі. У беларускіх рублях 115 тысяч з капейкамі.

Тэндэр на рэканструкцыю помніка абвяшчаўся на суму каля 134 тысяч рублёў. Дырэктар раённага рамаўтадару лічыць, што гэта нядорага.

— Ды не вялікія гэта грошы, — кажа Віталь Германчук. — Там дзеці ходзяць, катаюцца на скейтбордах, упадзе гэтая плітачка — гэта трагедыя. Здалёк, можа, і падаецца, што чатыры пліткі, а падыдзеш бліжэй, паглядзіш на ногі Міхаіла Іваныча, і працы там хапае. Але ўсё згодна з каштарысам.

Рашэньне пра лёс помніка, сьцьвярджае Віталь Германчук, прымае Міністэрства культуры:

— Я толькі выканаўца. Мне сказалі зьнесьці — я зьнясу. Сказалі рэстаўраваць — я рэстаўрую.

Мастацтвазнаўца: «Анахранізм, трэба зносіць»

— Я б ставіў пытаньне пра яго знос, — кажа Свабодзе мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. — Як пэрсона ён абсалютна несымпатычны — маўчаў, пакуль ягоная жонка сядзела ў ГУЛАГу. А ягоная роля ў гісторыі Беларусі настолькі перабольшаная. Гэта нейкі анахранізм. Зь іншага боку, плошча, сам праект, архітэктура, добраўпарадкаваньне вырашаныя граматна. Як на мяне, то тут няма праблемы для абмеркаваньня. Я б асабіста хацеў яго там ня бачыць.

Плошча бяз помніка Калініну ў сярэдзіне 1960-х гадоў

— У гісторыі Менску Калінін запомніўся некалькімі візытамі, — пішуць на сайце Адміністрацыі Першамайскага раёну Менску. Адзін зь іх прыпаў на 20 чэрвеня 1919 году, калі менскі вакзал пабудзіў гудок агітцягніка. Палымяная прамова Калініна гучала на Траецкай гары і ў сьценах тэатру Опэры і Балету. Памяць пра гэтага чалавека ўвекавечаная ў назвах вуліцы, завулка і плошчы Калініна ў Менску.

Тэатар опэры і балету ў Менску існуе з 1933 году, цяперашні тэатральны будынак быў узьведзены ў 1938 годзе.

Гісторык: У сучаснай Беларусі павінны быць іншыя героі

Міхаіл Калінін — савецкі дзяржаўны дзеяч, вядомы мянушкай «усесаюзны стараста». Доўгія гады ўзначальваў савецкі ЦВК (з 1919 па 1938). У 1938 годзе жонку Калініна Кацярыну арыштавалі і адправілі ў ГУЛАГ, а сам Калінін быў абраны старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. Гэтую пасаду ён займаў да самай сваёй сьмерці ў 1946 годзе.

У 1937 годзе Калінін падпісаў дакумэнт аб узмацненьні рэпрэсій у Беларусі, які прапанаваў Сталіну першы сакратар ЦК ВКП(б) Васіль Шаранговіч. Подпіс Калініна стаіць на адрасаванай Сталіну ў 1940 годзе дакладной запісцы Бэрыі, паводле якой у Катыні былі расстраляныя 20 тысяч польскіх афіцэраў, у тым ліку нямала ўраджэнцаў Беларусі.

— У мяне адназначная думка — ён ня варты помніка, — кажа Свабодзе гісторык Ніна Стужынская. — Калі разглядаць незалежную Беларусь і сучасную палітыку мэмарыялізацыі, то гэты чалавек калі і мае дачыненьне да нас, то толькі шкоднае. Ён прыяжджаў падчас грамадзянскай вайны зь нейкім агітацыйным цягніком. Канечне, у сучаснай Беларусі павінны быць абсалютна іншыя героі.

Ды яшчэ і такія грошы. У ня самы спрыяльны час, калі столькі сацыяльных праблем у краіне — і такая сума выдаткоўваецца. Нашто? Пытаньне рытарычнае.

Гісторык Андрэй Кіштымаў упэўнены, што ў гэтым выпадку «размову трэба весьці не пра адно прозьвішча і не пра адзін помнік»:

— Дзіўна сёньня прыбіраць Калініна і пакідаць Кірава і Сьвярдлова. Гэта павінен быць агульнадзяржаўны падыход. Не грамадзкі, як гэта сёньня ёсьць, а агульнадзяржаўная гістарычныя палітыка. Тады б гэтыя імёны, якія да нас маюць абсалютна ўскоснае дачыненьне, зьніклі з нашых вуліц. У свой час ня думалі пра гістарычныя наступствы, калі цэнтральныя вуліцы Менску паназывалі імёнамі Сурганава, Захарава, Казлова і так далей. Што для сучаснай Беларусі яны азначаюць? Нічога! А ў нас цэнтар Менску літаральна засьмечаны такімі імёнамі. Гэтыя дзеячы прыходзяць і сыходзяць, а Менск, менчукі, Беларусь застаюцца. І яны жывуць па гэтых адрасах!

Працы па рэканструкцыі, кажа дырэктар Рамаўтадару, закрануць у асноўным пастамэнт. «На мой погляд як будаўніка, там падножжа добрае», — кажа Віталь Германчук. Калі ня здарыцца якога форс-мажору, помнік будзе «як новенькі» ўжо да канца году.

Што сапраўды карыснага можна зрабіць на 70 тысяч даляраў проста цяпер? Мы паглядзелі, якім праектам патрэбная дапамога, і маем некалькі варыянтаў:

На лекаваньне маленькай Веры Званко, якая мае дыягназ «сьпінальна-мышачная атрафія», трэба сабраць 750 тысяч даляраў. Бацькі ўжо сабралі амаль 17 тысяч.

Тэатар для дзяцей з аўтызмам. Грошы зьбірае дабрачынны фонд «Сямейны інклюзіў-тэатар» з дапамогай часопіса «Імёны». Дзеці з аўтызмам граюць у спэктаклях, вывучаюць акторскае майстэрства, сцэнічную мову і вучацца граць на музычных інструмэнтах. Езьдзяць з гастролямі па ўсёй Беларусі. Цяпер у студыі займаюцца 76 дзяцей.

Касьцёлу сьвятога Роха на Залатой Горцы патрабуецца неадкладны рамонт. Вернікі ўжо замянілі дах на свае грошы, але ёсьць і іншыя патрэбы. Грошы зьбіраюць на рэсурсе Talaka.

Выязная служба беларускага дзіцячага госьпісу. У рэгіёнах сем’ям, дзеці ў якіх цяжка хварэюць, не хапае дапамогі. Беларускі дзіцячы госьпіс арганізаваў службу «Мабільнай паліятыўнай абілітацыі», якая дапамагае ім па ўсёй краіне.

Служба дапамогі людзям з бакавым аміятрафічным склерозам. Людзей з БАС нельга вылечыць, але можна дапамагчы ім жыць якасна. У Менску такой дапамогі патрабуюць 50 чалавек. Ва ўсёй Беларусі — каля 200. «Служба дапамогі людзям з БАС» — гэта дактары розных спэцыяльнасьцяў, якія гатовыя дапамагаць такім хворым. З дапамогай часопіса «Імёны» яны шукаюць матэрыяльнай падтрымкі.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:18)