14.11.2018
Па «справе БЕЛТА» абвінавачаньні прад’явілі 14 журналістам, але ня ўсе імёны вядомыя

Сьледчы камітэт не называе імёны абвінавачаных, паведамляе Радыё Свабода.

Але вядома, што сярод іх:

    6 журналістаў TUT.BY;

    2 журналісты БелаПАН;

    карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі;

    галоўны рэдактар Realt.by Уладзіслаў Кулецкі;

    рэдактар сайту газэты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў.

Канчатковую суму нанесенай фігурантамі шкоды ў СК назавуць пазьней, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў. Вядома, што з 9 абвінавачаных патрабуюць прынамсі 60 тысяч рублёў.

«Справа БЕЛТА». Што важна ведаць

Што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу TUT.BY і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.

Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БЕЛТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.

Ператрусы таксама прайшлі ў офісах Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».

Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.

9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава прызнала віну, яна аспрэчыла гэтую інфармацыю.

Рэдактар TUT.BY Дзьмітры Бобрык заявіў, што падпісаў дакумэнт «пра супрацоўніцтва» пасьля пагрозаў у Сьледчым камітэце.

У дадатак да прад'яўленага раней усім затрыманым абвінавачваньня Марыне Золатавай таксама інкрымінавалі бязьдзейнасьць адказнай асобы (артыкул ч.2 артыкула 425 КК — да 5 гадоў зьняволеньня і забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю).

У лістападзе абвінавачаным па справе выставілі сумы для кампэнсацыі ад 3000 да 17 000 рублёў.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:1)