20.10.2018
Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода
Як Лукашэнка стаў найлепшым сацыёлягам Лукашэнкі

Фотаздымак, які ілюструе гэты тэкст, шмат каму падасца дзіўным і ня ў тэму загалоўка. Гэта сьцяна мэхдвара ў маіх Налібаках. Менавіта ў гэтым месцы, больш за 20 гадоў таму, я ўпершыню пабачыў першага прэзыдэнта Беларусі. І хаця мэхдвор з таго часу амаль не зьмяніўся, адбыліся важныя зьмены з самім Лукашэнкам.

Прэзыдэнт перастаў быць прэзыдэнтам, хаця і кіруе далей, і я не ўзгадаю, калі Лукашэнка апошні раз так адкрыта камунікаваў з народам, як тады, у другой палове 90-х.

Здаецца, гэта было жніво. Лукашэнка на бел-чырвона-белым верталёце (як казалі, падарунку ад Ельцына) кружляў над краінай з такім імпэтам, як вавёрка скача па дрэве. Ён ня проста даваў наганяю кіраўнікам калгасаў, ён выходзіў да людзей і актыўна зь імі размаўляў. Затроліць яго не ўдавалася. Бабуля скардзіцца на малую пэнсію, і ён умее так ёй патлумачыць прычыны, што яна пагаджаецца і пачынае гладзіць ягоную руку. Дырэктарка ДК плача, што няма магнітафону, ён абяцае і высылае яго праз пару тыдняў (праўда, на кошт сельсавету). І так па ўсёй краіне. Я глядзеў тады навіны БТ амаль штодня. Лукашэнка імгненна знаходзіў агульную мову зь людзьмі, ахвотна гаварыў, здавалася, нават кайфаваў ад гэтага. То чарку кульне зь дзедам у чарнобыльскай зоне, то будзе эмацыйна нешта тлумачыць крыклікавай бабулі. Але няма таго, што раньш было.

Дзіва, праўда? Лічбы ЦВК падчас прэзыдэнцкіх выбараў расьлі як шалёныя, а сустрэчаў Лукашэнкі з простым народам рабілася ўсё менш і менш. Сёньня ўявіць, што Лукашэнка размаўляе з натоўпам цікаўных у Клічаве, Скідзелі ці Ашмянах ня меншы цуд, як паверыць у «папіццот». Дастаткова паглядзець фотарэпартажы на ягоным афіцыйным сайце за гады кіраваньня. Перакрычаць ён здольны цяпер толькі сваіх чыноўнікаў, пагражаючы адкруціць ім галовы. Месца народа заняў Пуцін у «казьле», Дэпардзьё і Сігал у Астрашыцкім гарадку. А келіх віна Лукашэнка можа выпіць хіба толькі на афіцыйным прыёме ў Кітаі або пасьля футбольнага матча ў Маскве. Але ня зь дзедам на Гомельшчыне.

У другой палове 90-х Лукашэнку лёгка было патлумачыць народу, хто вінаваты ў ягонай галечы: Кебіч, нацыяналісты, Шушкевіч у Віскулях і Амэрыка. Сёньня, пасьля 24 гадоў, знайсьці крайніх у разы цяжэй. Яшчэ пару гадоў таму ўражаньне натуральнасьці спрабавалі стварыць масоўкамі на фабрыках. Але кіслыя выразы твараў рабочых сьведчылі пра атмасфэру лепш, чым тысяча слоў. Ён перастаў размаўляць з «простым народам», як у 90-я. Лукашэнку проста няма чаго адказаць на стыхійныя пытаньні. Яму ня трэба ніякай сацыялёгіі. Ён выдатна разумее, які ў яго рэальны рэйтынг сярод беларусаў.

Таму ён стварыў сабе паралельнае існаваньне і цалкам туды эміграваў. І яму там добра. Ён добра пачуваецца ў кокане, створаным з бліжэйшага атачэньня, чыноўнікаў, спэцслужбаў і сэлебрыці. Зь імі ён жартуе, капае бульбу, зьбірае гарбузы і вучыць жаць іх сярпом. А таму спадзявацца, што ён сыдзе на заслужаны адпачынак добраахвотна — ня варта. Бо немагчыма ўявіць, што такі чалавек сам адмовіцца ад улады і аховы, калі нават маючы поўны кантроль над войскам і міліцыяй, дзяржапаратам і СМІ, ён баіцца адкрыта размаўляць зь людзьмі, якія, нібыта, 24 гады не дазваляюць яму сысьці адпачываць. А з узростам, як вядома, старыя фобіі толькі паглыбляюцца.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:49)