11.10.2018
З эфіру АНТ выразалі словы палітолага Мельянцова пра інфармацыйныя дыверсіі з боку Расіі

У эфіры АНТ 8 кастрычніка выйшла перадача «Наша жыццё», прысвечаная пытаннем бяспекі. Вядучым быў Дзмітрый Бачкоў. Сярод гасцей у студыі быў вядомы палітолаг Дзяніс Мельянцоў.

У выніковай перадачы, якая з’явілася на тэлеканалах не было нічога з таго, што Мельянцоў казаў аб інфармацыйных атаках на Беларусь з боку Расіі.

«Гаворка ішла пра тое, што прапаганда і інфармацыйныя дыверсіі ў нас не толькі з боку Захаду і польскага прапагандысцкага канала «Белсат», пра што казаў вядучы (і з чым я згодзен), а яшчэ і з боку нашых усходніх саюзнікаў.

Успомнім хоць бы фэйкавую навіну аб перакідцы на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэннях Захад-2017 падраздзяленняў 1-й танкавай арміі, якую расейскі Мінабароны да гэтага часу не зняло з сайта, ці ўзлом твітар-акаўнта намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова, за якім відавочна цягнецца расійскі парашут», — адзначыў Мельянцоў.

У каментары «НН» Дзяніс Мельянцоў адзначыў, што ён упершыню прымаў удзел у перадачы ў такім фармаце. У ранейшым палітычным ток-шоу, якое вёў Вадзім Гігін апошнія гады не цэнзураваліся нават самыя жорсткія выказванні. Раней пра цэнзуру з боку Бачкова заяўляў лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Таксама Мельянцоў адзначыў яшчэ адзін момант, які можа ўплываць на абароненасць нашай краіны:

«Не называючы імёнаў. Кіраўніцтва дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны — асабістыя адрасы на mail.ru, некаторыя дарадцы і кіраўнікі сектараў Дзяржаўнага сакратарыята Рады бяспекі — на рамблеры і mail.ru, дыпламаты пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі — mail.ru.

Гэта маленькая частка наяўных у мяне візітак. Краіна, якая прэтэндуе на ролю «дыпламатычнага хаба» і «перамоўнай пляцоўкі» павінна трохі сачыць за сеткавай гігіенай сваіх адказных асоб», — адзначае Мельянцоў.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:12)