26.09.2018
Марина Коктыш, Народная воля
Павел Латушка вяртаецца з Парыжа?

У Мінску ходзяць чуткі пра тое, што Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка ў бліжэйшы час можа змяніць працу. І памяняць дыпламатычную кар’еру на адміністрацыйную – яго сватаюць на месца генеральнага дырэктара Купалаўскага тэатра. Тым больш што крэсла вакантнае – Павел Палякоў не так даўно напісаў заяву аб сыходзе па ўласным жаданні.

Павел Палякоў працаваў генеральным дырэктарам Купалаўскага амаль 10 гадоў – з 2009-га. Да гэтага быў дырэктарам Тэатра юнага гледача. Некаторыя культурныя дзеячы называлі яго «лепшым тэатральным дырэктарам у Беларусі». Чаму ён сышоў – дагэтуль дакладна не вядома.

Ці сапраўды Латушка сыходзіць з Міністэрства замежных спраў?

«Народная Воля» вырашыла праверыць гэтую інфармацыю і зрабіла званок мастацкаму кіраўніку тэатра імя Янкі Купалы Мікалаю Пінігіну.

– У мяне няма дакладнай інфармацыі, што ўсё будзе менавіта так, – адказаў Мікалай Мікалаевіч Пінігін. – Чуткі чуткамі, але... Калі прыйдзе, значыць, прыйдзе. Многа што кажуць... Але пацвердзіць гэта можна будзе толькі пасля таго, як прызначэнне адбудзецца.

– А вы з Паўлам Латушкам не абмяркоўвалі гэтую тэму?

– Я ж не прызначаю дырэктара – гэтым міністр займаецца ...

– Да вашых пажаданняў міністр прыслухоўваецца?

– Так, мы дамовіліся, што перад тым, як прызначыць дырэктара, яго кандыдатуру ўзгодняць са мной. Міністр пагадзіўся…

– Але пакуль на ваш разгляд прэтэндэнтаў на пасаду дырэктара не прадставілі?

– Не.

– А раскажыце, чаму Павел Палякоў сышоў? Нешта крымінальнае? Стаміўся? Прыбралі?

– Яго ніхто не прыбіраў, ён сышоў па ўласным жаданні. Ну, захацеў чалавек памяняць сваё жыццё нейкім чынам...

– Ён наогул з культурнай сферы сышоў або, умоўна кажучы, у Тэатры оперы і балета праз месяц будзе працаваць?

– Не ведаю дакладна... Мне здаецца, ён пакуль без працы.

– А ў вас з Паляковым былі добрыя адносіны ці нацягнутыя?

– Адносіны добрыя былі! Я лічу, што гэта лепшы дырэктар! Але ў яго ёсць нейкія свае планы на жыццё...

– Вы яго з лёгкай душой адпусцілі?

– Для мяне гэта было даволі нечакана, усё ў час майго адпачынку здарылася, мяне нават у Мінску не было. Ну, калі чалавек па ўласным жаданні сыходзіць, як яго не адпусціш? Хоць мне вельмі шкада, што ён пайшоў...

– Калі чуткі аб звальненні Паўла Латушкі з МЗС маюць пад сабой рэальную аснову, то, з аднаго боку, для яго праца дырэктарам тэатра – паніжэнне. А Латушка – чалавек вельмі амбіцыйны... З другога боку, працаваць з Пінігіным – гэта, можа, нават больш крута, чым быць міністрам...

– Не ведаю, што сказаць... Мне цяжка гэта абмяркоўваць...

– Але, калі б вам кандыдатуру цяперашняга амбасадара Беларусі ў Францыі прадставілі на ўзгадненне, вы зацвердзілі б яго прызначэнне на пасаду гендырэктара тэатра?

– Напэўна, так. Але я думаю, што, як заўсёды ў падобных выпадках бывае, разглядаецца не адна кандыдатура. І выбар будзе.

– Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць чалавек, які прэтэндуе на крэсла гендырэктара Купалаўскага тэатра?

– Гэта павінен быць чалавек, які разбіраецца ў фінансах, якому падабалася б працаваць у тэатры – ён павінен яго любіць. Пры гэтым ён павінен быць добрым менеджарам, таму што ў нашай сітуацыі трэба ўмець знаходзіць грошы не толькі ў дзяржбюджэце – гэта вельмі важна, таму што сродкаў ўвесь час не хапае... Адным словам, гэта павінен быць проста ідэальны чалавек!

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.1 (оценок:8)