25.09.2018
Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода
Новы лідэр АГП: «Зіц-старшыня — гэта не пра мяне»

Мікалай Казлоў заяўляе, што будзе самастойным кіраўніком партыі, распавядае, чаму яго навучыла служба ў міліцыі, і абяцае хутка вывучыць беларускую мову.

Абраны на мінулым зьезьдзе старшынём АГП Васіль Палякоў 23 верасьня зьвярнуўся з заявай аб адстаўцы. 24 верасьня Палітрада прыняла адстаўку і пастанавіла, што да наступнага зьезду партыяй будзе кіраваць намесьнік старшыні Мікалай Казлоў.

— Мяркую, наша інтэрвію варта пачаць з пытаньня. якое журналісты не задаюць добра вядомым палітыкам. Аднак у вас я хачу папрасіць, каб вы трошкі распавялі пра сваю біяграфію.

— Нарадзіўся ў Валожыне ў 1967 годзе. Але ў дзяцінстве пераехаў у Нясьвіж, і ўсё маё жыцьцё зьвязанае з гэтым горадам. Пасьля школы паступіў у Навасібірскую вышэйшую вайсковую вучэльню. Служыў у войску, апошняе месца службы — Сярэдняя Азія, Узбэкістан. Удзельнічаў у падзеях у Нагорным Карабаху, разводзіў варожыя бакі ў якасьці намесьніка камандзіра роты.

Пасьля развалу СССР напісаў рапарт аб звальненьні, бо ня бачыў сябе ў складзе ўзбэцкага войска. Вярнуўся на радзіму і паступіў на службу ў крымінальны вышук, дзе і працаваў 18 гадоў. Скончыў службу падпалкоўнікам, опэрупаўнаважаны ў асабліва важных справах.

Сышоў я ў выніку скандальнай гісторыі на парлямэнцкіх выбарах 2008 году, калі нёс службу на выбарчым участку. Участковая камісія фальсыфікавала выбары, укідвала бюлетэні ў скрынку, пра што я паведаміў кіраўнікам, напісаў адпаведныя рапарты. Урэшце, гэтая гісторыя, напэўна, добра вядомая.

Пасьля таго як я пабачыў, што ніякіх захадаў супраць людзей, якая зрабілі злачынства, не прадпрымаецца, я зьвярнуўся ў прэсу і зрабіў гэтую гісторыю публічнай. Пасьля таго мая служба ў міліцыі стала немагчымай, мае тэлефоны праслухоўвалі, за мной вялі вонкавае назіраньне. Гэта доўжылася больш за паўгода. Калі я пабачыў, што нічога ня робіцца, каб пакараць парушальнікаў, а ўся рэпрэсіўная машына павярнулася супраць мяне, — я палічыў, што немагчыма працягваць службу, і звольніўся.

— І вы адразу пасьля гэтага вырашылі прыйсьці ў апазыцыйную партыю?

— Не, пасьля звальненьня я і ня думаў займацца палітычнай дзейнасьцю. Для мяне гэта быў асабісты бой з сыстэмай, гэта было прынцыпова. Я яшчэ пару гадоў не прымыкаў ні да якой партыі, дый нават ня вельмі і цікавіўся палітыкай.

Але так атрымалася, што адным з кандыдатаў, супраць каго чынілі тую фальсыфікацыю, быў Анатоль Лябедзька. І калі я праз «Народную волю» распавёў, як гэта было, — Анатоль запрасіў мяне на прэсавую канфэрэнцыю. Калі я чытаў розныя камэнтары, што гэта, маўляў, фэйк апазыцыі, — я палічыў немагчымым праігнараваць прэсавую канфэрэнцыю. Там я і пазнаёміўся з Анатолем Лябедзькам, а праз пэўны час мяне прынялі ў шэрагі партыі.

— Сёньня грамадзкасьці было паведамлена, што старшыня партыі Васіль Палякоў зьвярнуўся ў Палітычную раду партыі з заявай аб адстаўцы. 24 верасьня Палітрада прыняла адстаўку і пастанавіла, што да наступнага зьезду партыяй будзе кіраваць вы. Адразу ўзьнікае пытаньне: наколькі паўнацэнным, сапраўдным кіраўніком будзеце вы на гэтай пасадзе? Вы ня будзеце нейкім зіц-старшынём?

— Прынамсі я ня маю намеру такім быць. Мне падаецца, што «зіц» — гэта не пра мяне. Так здарылася, і я цалкам сьвядома прыняў на сябе гэтыя абавязкі. Разумеючы сытуацыю, якая склалася ў партыі ў сувязі з адстаўкай, — я прыняў гэтую прапанову.

Вядома, досьведу ў мяне недастаткова ў многіх галінах. Але за мной стаіць каманда, я разьлічваю на іхнюую дапамогу. Я бачу гатоўнасьць сяброў АГП мне дапамагаць, вырашаць усе складанасьці. Усё гэта дазволіла мне пагадзіцца з рашэньнем. Я думаю, што буду дастаткова самастойным. Пры гэтым у нас дэмакратычная партыя, ёсьць рашэньні зьезду, пэрыядычна склікаем палітраду.

— Якія галоўныя стратэгічныя задачы стаяць зараз перад партыяй?

— Маем стратэгічны плян, прыняты зьездам. Для сябе я бачу найперш задачу захаваньня партыі, яе структураў, у працоўным стане. Нас чакаюць дзьве вялікія электаральныя кампаніі — парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, падрыхтоўка да іх ужо пачалася.

— Доўгі час нязьменным кіраўніком партыі быў Анатоль Лябедзька. Калі адбываўся апошні зьезд партыі, менавіта вас называлі чалавекам, якому Лябедзька найбольш давярае і ў якім бачыць пэрспэктыву для партыі. Цяпер Лябедзька сышоў з усіх партыйных пасадаў. Але як вы бачыце ягоную ролю ў партыі, ці хацелі б атрымліваць ад яго нейкую дапамогу, парады?

— Безумоўна, гэта карысна. Але я скажу, што, акрамя Лябедзькі, у нас у партыі дастаткова людзей, на дапамогу якіх разьлічваю. Гэта і Дабравольскі, і Марголін, і Кавалёва, Багданкевіч, Чыгір — маса людзей, якія маюць вялікі досьвед, шануюць партыю. У іх ліку, вядома, і Анатоль Лябедзька, які мае калясальны палітычны досьвед.

Адчуваю прафэсійную дэградацыю цяперашніх міліцыянтаў

— А ці ваш досьвед міліцыянта, опэрупаўнаважанага дапамагае ў палітыцы? Ці мо «прафэсійная дэфармацыя» накладае свой адбітак, і вы, наадварот, хацелі б адкінуць тыя якасьці, якія былі патрэбныя для працы ў міліцыі?

— Папраўдзе я больш адчуваю сабе прафэсійным вайскоўцам. Хаця большую частку я правёў у крымінальным вышуку, «опэрам» у асабліва важных справах. Гэта досьвед неацэнны. За гады, якія я правёў у вышуку, я ж гаварыў ня толькі са злачынцамі. Гэта маса іншых людзей. Увесь час гэта камунікацыя. Таму пэўнае разуменьне і веданьне людзей я маю. Таму думаю, што больш было карысьці ад маёй папярэдняй дзейнасьці.

Натуральна, апошні час я знаходжуся «па іншы бок барыкадаў». І калі кантактую зь цяперашнімі міліцыянтамі, то з пэўным сумам адчуваю іхную прафэсійную дэградацыю.

— Досьвед кантактаў зь людзьмі вам зараз спатрэбіцца ў зносінах з кіраўнікамі іншых апазыцыйных палітычных структураў, у наладжваньні розных кааліцыяў. Як вас успрымуць іншыя апазыцыйныя лідэры? Магчыма, будзе пэўная дыстанцыя, бо вы пакуль толькі часовы кіраўнік партыі?

— Па-першае, з многімі асноўнымі лідэрамі я ўжо знаёмы, гэта людзі для мяне ня новыя. Думаю, няма падставаў неяк асабліва мяне ўспрымаць. Галоўнае, каб усе разумелі, што гэта рашэньне Палітрады. Раней я быў абраны зьездам на намесьніка старшыні. І маю ўсе падставы казаць, што магу прадстаўляць АГП.

— За вашую палітычную кар’еру я пакуль не сустракаў выпадкаў, каб вы выступалі ці давалі камэнтар па-беларуску. Ці вы думаеце падвучыць беларускую мову, каб больш актыўна яе ўжываць у жыцьці і палітычнай дзейнасьці?

— Безумоўна, я адчуваю за сабой гэты недахоп. Саромеюся гэтага і думаю, што трэба над гэтым працаваць. Будзем вучыць беларускую мову. Даўно гэта трэба, даўно я хадзіў з гэтай ідэяй, што трэба беларускую мову ўзгадаць. У школе была беларуская мова — але школьным курсам яна і абмяжоўвалася.

Я разумею гэтую неабходнасьць — для сябе як грамадзяніна, беларуса. Думаю, што пачну гэты прабел выпраўляць.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:7)