13.09.2018
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода
Звольнены Лукашэнкам лясны міністар лясной гаспадаркі знайшоў працу

Экс-міністар лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч стаў намесьнікам генэральнага дырэктара па вытворчасьці і якасьці холдынгу «Амкадор».

У прэс-службе холдынгу карэспандэнту Свабоды сказалі, што Амельяновіч заняў гэтую пасаду «зусім нядаўна» і яго зьяўленьне ў «Амкадоры» «зусім лягічнае».

— Сувязь яго з «Амкадорам» лягічная і вельмі прамая. Мы зь Міністэрствам лясной гаспадаркі заўсёды працавалі ў цесным кантакце. А калі Амельяновіч займаў пасаду міністра, была створана сумесная рабочая група «Амкадора» і міністэрства, бо ў лясных гаспадарках таксама працуе наша тэхніка, — сказаў прэс-сакратар Аляксандар Маліноўскі.

Амельяновіча звольнілі за правал у барацьбе з карупцыяй

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка звольніў Міхаіла Амельяновіча з пасады міністра лясной гаспадаркі яшчэ 15 лютага за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамасных арганізацыях».

Ад таго часу пра лёс Міхаіла Амельяновіча нічога не было вядома.

У лютым падчас сустрэчы з работнікамі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната Лукашэнка сказаў, што ў лясной гаспадарцы была выяўленая карупцыйная схема: якасная драўніна незаконна ішла на экспарт.

— Працавалі цэлы год па ўсёй краіне. Які гэта міністар? Што, я цярпець павінен такога міністра? На яго ўжо, шчыра кажучы, сорамна было з боку глядзець. Паўстае пытаньне: ты працаваў ці там быў павязаны зь імі, — сказаў Лукашэнка.

«Потому что некоторые просто обнаглели». Лукашенко назначил нового министра лесного хозяйства

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.8 (оценок:6)