Белавус: «Хопіць ужо нацкоўваць адных беларусаў на іншых»

Ініцыятар праекту «Арт сядзіба» і крамы Symbal.by Павел Белавус на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адрэагаваў на пошнія скандалы з бел-чырвона-белым сцягам.

«Ну не ведаю я як гэта тлумачыць: Федэрацыя футболу ў якасці падзякі за супрацу запускае на стадыёне «Дынама» рэкламу Арт Сядзіба і symbal.by, крамы, дзе адкрыта і цалкам легальна прадаюцца бел-чырвона-белыя сцягі і рэчы з «Пагоняй», а адначасова на сектары міліцыя затрымлівае людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі.

У нядзелю Уладзь Сташкевіч прабег па Мінску паўмарафон 21,1 км з бел-чырвона-белым сцягам, а на фінішы, адразу пасля атрымання медаля, яго ўзялі пад рукі людзі ў цывільным і завялі ў аўтазак. У мінулым годзе ён рабіў тое ж самае, і было нуль рэакцыі.

У хлопцаў на стадыёне канфіскавалі сцягі і пасля матча адпусцілі, Уладзя пратрымалі ў РАУСе некалькі гадзінаў ды таксама адпусцілі. Ну што гэта?

Можа напісаць зварот да дзядзькаў у высокіх органах, прыкладна такі:

— Высокія дзядзькі ў пагонах і без, ну перапішыце вы нарэшце свае метадычкі, ну запішыце вы туды нарэшце ўжо, што: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» нацыянальныя гістарычныя сімвалы Беларусі, якія любяць і паважаюць беларусы. І хоць вы затрымлівайце, хоць забараняйце, але не дапаможа гэта. Дарма толькі марнуеце нервы і паперу на пратаколы.

І пры любой далейшай уладзе, палітычным строі і т.д. менавіта яны застануцца першымі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі, пад якімі краіна стала незалежнай. Ну не зменіце вы гэтага ніяк. Гэта ўжо гісторыя!

І, дарэчы, у гісторыі застанецца і той факт, што першы прэзідэнт пад бел-чырвона-белым сцягам прымаў прысягу беларускаму народу і клаў руку на канстытуцыю з гербам «Пагоня».

Вось як мне праз 50 гадоў тлумачыць маім унукам факт: за сімвалы, пад якімі першы прэзідэнт прымаў першую прысягу беларускаму народу, па загадзе гэтага ж прэзідэнта 20 гадоў людзей білі, затрымоўвалі, арыштоўвалі за выкарыстанне сімвалаў пад якімі ён прымаў прысягу. Ну як так?

Павел Белавус: «Раней усе думалі, што мець сцяг – страшна. Мы пачалі выпраўляць сітуацыю»

Хопіць ужо нацкоўваць адных беларусаў на іншых, так мы нічога добрага не дасягнем. Давайце жыць мірна і цывілізавана. Не праваліцца пад зямлю стадыён «Дынама», калі на ім будуць побач стаяць людзі з рознай сімволікай Беларусі, як гэта заўжды адбываецца на трыбунах па-за межамі Беларусі.

Ці лепш хай футбалісты гуляюць для пустых трыбунаў?

Нам трэба яднацца.

Фота Радыё Свабода

А яшчэ выкрэсліце сабе з метадычкі: няма чэсных і нячэсных журналістаў — ёсць проста беларускія журналісты, няма правільных і няправільных пісьменнікаў — ёсць проста беларускія пісьменнікі, і кожны з іх мае паўнавартаснае права ўсміхацца з любога білборда.

Паспрабуйце самыя і перадайце сваім суседзям па кабінетах. І вось убачыце, як і самому стане прасцей жыць і людзі ўздыхнуць у нашай краіне лягчэй, а можа нават і ўсміхнуцца вам у адказ».

Белавус: «Наш футбол як ніякі іншы спорт надае ўвагу сімвалам і мове»

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:61)