18.08.2018
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода
Карбалевіч: Чаму Лукашэнка памяняў вярхушку ўраду

Малаверагодна, што ў аснове зьмены кіраўніцтва ўраду Беларусі ляжаць эканамічныя чыньнікі.

Як раз цяпер эканоміка нібыта, паводле афіцыйнай статыстыкі, пайшла ўверх, таму нелягічна мяняць урад у момант эканамічнага ўздыму. Расьце ўсё, нават заробкі людзей.

Галоўным матывам для пагрому кіраўніцтва ўраду, якое ўчыніў Лукашэнка ў Воршы, відаць, была праблема, што чыноўнікі не выконваюць загады прэзыдэнта.

Карупцыя настолькі расквітнела, што гэтым занялася пракуратура. Чыноўнікі, як выглядае, сапраўды перасталі баяцца. А ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, калі чыноўнікі перастаюць баяцца, — гэта дрэнная навіна для такога лідэра.

Зьвярніце ўвагу, што Лукашэнка не зачапіў сілавы блёк, памяняўся толькі эканамічны блёк, менавіта таму, што як раз у сфэры эканомікі загады Лукашэнкі і не выконваюцца.

Зьвяртаю ўвагу на тое, што для ўсіх новых урадоўцаў гэтае прызначэньне — вялікі кар’ерны рост. Ён ня стаў тасаваць кадры, а прыцягнуў новых людзей.

Паводле яго лёгікі гэтыя людзі, якія Лукашэнку абавязаны велізарным кар’ерным ростам, будуць больш паслухмянымі, будуць больш баяцца, ня будуць красьці.

Сыгнал грамадзтву палягае вось у чым — прэзыдэнт ведае пра цяжкасьці, якія перажывае беларускі народ, пра невысокія заробкі і пэнсіі, і стараецца, прымае захады.

З гэтага шэрагу выбіваецца толькі фігура прэм’ер-міністра Сяргея Румаса. Пасьля такога «разносу» напрошваецца прэм’ер зь сілавых структураў. Румас жа вядомы як эканаміст-рыначнік. Магчыма, гэта сыгнал замежным партнэрам, фінансавым арганізацыям, што ўзмацняецца рынкавы складнік ураду.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.3 (оценок:22)