18.08.2018
Алесь Пілецкі, Радыё Свабода
«Ён проста зьнік». Што на судзе расказалі пра апошнія дні жыцьця Коржыча

Паводле паказаньняў салдат, агучаных у Менскім абласным судзе на працэсе па факце гібелі салдата Аляксандра Коржыча, загінулы салдат усяго за тыдзень з жыцьцярадаснага і камунікабэльнага ператварыўся ў замкнёнага і дэпрэсіўнага.

На працэсе па справе аб гібелі Аляксандра Коржыча завяршылася апытаньне ягоных саслужыўцаў, прызнаных пацярпелымі ад дзеяньняў падсудных сяржантаў.

Усяго свае паказаньні суду далі больш за 20 чалавек, у тым ліку сябра Коржыча шараговец Раман Аскерка. Некаторыя з пацярпелых падрабязна апісалі, што адбывалася з Аляксандрам Коржычам як падчас службы, так і ў апошнія дні і гадзіны жыцьця.

Сьцісла:

Апытаныя салдаты казалі, што дзяліліся зь сяржантамі прадуктамі і цыгарэтамі, і расказвалі, як іх зьбівалі і прымушалі рабіць фізычныя практыкаваньні.

Саслужыўцы Коржыча называюць дзеяньні сяржантаў «нармальнымі».

Коржыч меў таварна-фінансавыя адносіны з падсудным сяржантам.

Псыхалягічны стан Коржыча рэзка пагоршыўся пасьля двух тыдняў у мэдпункце.

Саслужыўцы нябожчыка сьцьвярджаюць, што ніколі ня чулі ад яго пра намеры зрабіць самагубства.

«Зь мяне пяць чабурэкаў — і я не працую»

Падсудныя. 8 жніўня 2018 году

​Паводле саслужыўцаў Аляксандра Коржыча, у таго склаліся своеасаблівыя стасункі зь сяржантамі роты, дзе ён служыў.

— Сяржант Бараноўскі (адзін з абвінавачаных — РС) празь дзень адпраўляў Коржыча ў краму, — сказаў на працэсе пацярпелы Кірыл Штык. — Коржыч ніколі не займаўся гаспадарчымі працамі. Ён або знаходзіўся ў частцы, або хадзіў у краму, або ў кавярню.

Па словах пацярпелых, за няўдзел у гаспадарчых працах на тэрыторыі часткі Коржыч мусіў адкупіцца. За кожны паход у краму сяржантам трэба было нешта набыць — пачак цыгарэт, некалькі пакецікаў кавы, вафлі або іншыя прадукты. Пры гэтым некаторыя з саслужыўцаў сьцьвярджалі, што Коржыч мог сам прапанаваць сяржантам хабар.

— Коржыч мог сам падысьці да сяржанта Бараноўскага і прапанаваць: «Зь мяне пяць чабурэкаў — і я не працую», — сказаў пацярпелы Сяргей Шылко. — Яму так было прасьцей. Коржыч быў ня вельмі гатовы да службы фізычна і такім чынам прыстасоўваўся да праходжаньня службы. Яму прасьцей было заплаціць сяржанту.

Паводле саслужыўцаў, адносіны паміж Коржычам і сяржантам Бараноўскім былі амаль дзелавыя. За сваю ахову ён заплаціў сяржанту 30 рублёў. Пра гэта на судзе сказаў Сяргей Шылко.

— Ён мне сам пра гэта расказаў і прасіў нікому не гаварыць, — сказаў Шылко. — Такім чынам Коржыч спрабаваў абараніцца ад сяржанта Вяжэвіча.

Падчас суду. 8 жніўня 2018 году

 «Сяржант «даіў» Коржыча»

Пацярпелы Яўген Краскоўскі распавёў, што Коржыч практычна кожны дзень набываў нешта Бараноўскаму, каб спакайней служыць.

— Коржыч з Бараноўскім меў цесныя стасункі, таму што сяржант яго «даіў», — сказаў Краскоўскі.

Зусім іншыя адносіны ў Аляксандра Коржыча склаліся зь іншым сяржантам Вяжэвічам, які праходзіць па справе ў якасьці абвінавачанага. Па словах саслужыўцаў, Вяжэвіч быў адным з самых жорсткіх у частцы. Ён пэрыядычна зьбіваў салдат, прымушаў іх адціскацца, патрабаваў набываць сабе прадукты. Адразу некалькі пацярпелых расказалі, што былі сьведкамі зьдзекаў Вяжэвіча з Коржыча.

Пацярпелы Раман Аскерка падчас службы падтрымліваў цесныя стасункі з Коржычам. Ён распавёў на судзе, што сяржант Вяжэвіч быў асноўным носьбітам пазастатутных адносін у частцы.

— Аляксандар баяўся Вяжэвіча, стараўся не трапляцца яму на вочы, — сказаў Аскерка. — Ведаю, што ён нават размаўляў зь сяржантам Бараноўскім наконт гэтага, прасіў дамовіцца, каб Вяжэвіч яго не чапаў. Але пасьля інцыдэнту з рыдлёўкамі Вяжэвіч сказаў Коржычу, што Бараноўскі яго не ўратуе.

Пра гісторыю з рыдлёўкамі расказваюць на працэсе амаль усе пацярпелыя. Яна здарылася ў ліпені 2017 году. У адзін зь вечароў Вяжэвіч у прысутнасьці групы іншых салдат загнаў Аляксандра Коржыча ў яму глыбінёй больш за мэтар, пасьля чаго пачаў шпурляць у бок Коржыча рыдлёўкі. Прычынай такіх паводзінаў, па словах саслужыўцаў, стала адмова Коржыча набываць Вяжэвічу вафлі.

Акрамя гэтага, большасьць апытаных салдат пацьвердзілі, што Коржыча, як і ўсіх іншых, сяржанты неаднаразова білі, змушалі адціскацца, вымагалі ў яго прадукты і цыгарэты.

Пракуроры падчас суду. 8 жніўня 2018 году

 «Пасьля мэдпункту Коржыч панік»

Амаль усе былыя саслужыўцы Аляксандра Коржыча кажуць пра яго як пра вясёлага і камунікабэльнага. Салдаты расказалі, што Коржыч падтрымліваў добрыя адносіны з усімі саслужыўцамі, ня меў ні з кім зь іх канфліктаў. У Коржыча заўсёды можна было пазычыць цыгарэты або грошы. Ён ніколі нікому не адмаўляў. Расказваў саслужыўцам пра сваё жыцьцё да войска — як працаваў у аўтасэрвісе, добра зарабляў, меў аўтамабіль. Расказваў, што сам аплаціў рамонт у кватэры маці. Найбольш цесныя адносіны падчас службы ў Коржыча склаліся з саслужыўцамі Раманам Аскеркам і Аляксандрам Аліхаджаевым.

— Напачатку ў Аляксандра Коржыча не было ніякіх скаргаў на службу, — сказаў на судзе Аскерка. — Праблемы зьявіліся пасьля мэдпункту (туды Коржыч трапіў з прастудай на пачатку верасьня 2017 году. — РС). Адтуль ён выйшаў іншым чалавекам. Пачаў скардзіцца на боль у сэрцы. Ён стаў паніклы, ні з кім асабліва не размаўляў.

Паказаньні Аскеркі пацьвярджаюць і іншыя саслужыўцы. Яўген Краскоўскі на працэсе расказаў, што Коржыч скардзіўся яму на дрэннае лекаваньне ў мэдпункце. Стан Коржыча пасьля выпіскі з мэдпункту не палепшыўся, ён працягваў хадзіць туды па лекі.

Аднойчы Коржыч папрасіў саслужыўца Сяргея Шылко схадзіць разам зь ім у мэдпункт. Ён паскардзіўся, што яму даюць ня тыя лекі. Па словах Коржыча, ад тых лекаў у яго балела сэрца. Калі Сяргей Шылко прыйшоў разам з Аляксандрам у мэдпункт, то ўбачыў, што Коржычу далі валяр’янку. Шылко ўгаварыў Коржыча выпіць яе.

— Калі Коржыч выпісаўся з мэдпункту, гэта быў зусім іншы чалавек, — кажа Шылко. — Ён мог глядзець у сьценку і ні з кім не камунікаваць. Сяржант Бараноўскі нават пачаў перажываць за яго, як мне здалося. Ведаю, што ён званіў ягонай сястры.

Адвакат на судзе. 8 жніўня 2018 году

 «У мэдроце Коржыча трымалі пад аховай»

Неўзабаве пасьля выпіскі з мэдпункту Аляксандар Коржыч трапіў у мэдроту, куды салдат зьмяшчалі ў выпадку больш сур’ёзных захворваньняў. У мэдроце ён ляжаў у асобнай адзіночнай палаце пад аховай сяржанта Бараноўскага і шарагоўца Рудкоўскага.

— Калі Коржыча клалі ў мэдроту, то яго рэчы спачатку прынесьлі ў агульную палату, але пасьля аднесьлі ў адзіночную, — сказаў на працэсе Іван Квірын, які ў сярэдзіне верасьня таксама праходзіў лекаваньне ў мэдроце. — Ён быў бледны, у дэпрэсіі. Мог на сярэдзіне размовы спыніцца і замаўчаць. Потым заплакаць. Прызнаваўся, што забыў, пра што гаварыў раней.

Па словах саслужыўцаў Коржыча, ахову да хворага салдата прыстаўлялі ў тых выпадках, калі існавала небясьпека для яго жыцьця. Ахоўнікі павінны былі пільнаваць хворага і ў выпадку небясьпекі тэрмінова клікаць лекара. Адзін з ахоўнікаў пастаянна знаходзіўся ў палаце з хворым, для гэтага там стаяў яшчэ адзін ложак. Па словах Івана Квірына, сяржант Бараноўскі на ноч некуды сыходзіў з мэдроты, з Коржычам заставаўся толькі шараговец Рудкоўскі. Пасьля сяржанта Бараноўскага на ахову Коржыча ў мэдроце быў прызначаны сяржант Вірбал.

Таксама вядома, што Аляксандар Аліхаджаеў і Раман Аскерка, якія сябравалі з Коржычам, у канцы верасьня спрабавалі адведаць яго ў мэдроце. Аднак у абодвух выпадках на сустрэчу ня трапілі. Аскерку сказалі, што Коржыча павезьлі ў шпіталь у Барысаў, Аліхаджаеву — што Коржыча ў мэдроце больш няма.

Падсудныя Антон Вяжэвіч, Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі (зьлева направа)

«Ён проста зьнік»

16 жніўня на працэсе апытвалі пацярпелага Міхаіла Казачэнку. Падчас папярэдняга сьледзтва ён расказваў, што ня меў блізкіх адносінаў з Коржычам і нічога ня ведае пра абставіны яго сьмерці. Аднак у судзе ўзгадаў, што выпадкова стаў сьведкам выпіскі Коржыча з мэдроты.

У канцы верасьня Казачэнка ляжаў у мэдпункце, і яго накіравалі ў мэдроту здаваць аналізы. У чарзе на аналізы ён стаяў побач з Коржычам, пачуў, як таму сказалі выпісвацца з мэдроты. Калі Казачэнка выйшаў з памяшканьня, усіх салдат паставілі ў шэраг. Там было чалавек 15. Коржыч стаў у канец шэрагу.

— Пасьля сяржант, ня памятаю ягонага прозьвішча, павёў нас назад у мэдпункт. Гэтага сяржанта няма сярод абвінавачаных. Калі мы прыйшлі на месца, Коржыча з намі ўжо не было. Ён проста зьнік. Сяржант ня бачыў гэтага.

Адным з апошніх з Аляксандрам Коржычам размаўляў яго саслужывец Уладзіслаў Вагера. На судзе ён расказаў, што Коржыч перад выпіскай выглядаў спакойным.

— Па зьнешнім выглядзе Коржыч быў спакойны, — сказаў пацярпелы. — Мы бачыліся 26 верасьня, курылі разам. Коржыч сказаў, што яго выпісваюць і што яму яшчэ баліць сэрца.

Цела Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвальным памяшканьні 3 кастрычніка. Паводле дадзеных сьледзтва, яно знаходзілася там на працягу тыдня. Такім чынам, дзень сьмерці Коржыча можа супадаць з днём выпіскі з мэдроты.

«Коржыч ня мог павесіцца сам»

Ніводзін з апытаных на судзе салдат не казаў, што чуў ад Коржыча пра намер зьдзейсьніць самагубства. Саслужыўцы згадваюць, што пасьля выпіскі з мэдпункту Коржыч, наадварот, пачаў вельмі турбавацца за сваё жыцьцё.

— Я дагэтуль не магу зразумець, як Коржыч мог павесіцца, — сказаў на працэсе Сяргей Шылко. — Чалавек, які так пільна сачыў за сваім здароўем. У яго заўсёды была самая вялікая аптэчка ў роце. Я не магу паверыць, што такі чалавек мог пайсьці і самастойна павесіцца. Я ня веру ў гэта.

Большасьць таварышаў па службе пра сьмерць Аляксандра Коржыча даведаліся ад сьледчых, якія прыйшлі ў казарму аглядаць рэчы загінулага салдата.

— Ад сьледчых мы даведаліся пра гэта, — сказаў Раман Аскерка. — Ніхто з кіраўніцтва часткі нічога нам не казаў і не тлумачыў. У казарму прыйшоў сьледчы і пачаў агляд рэчаў Коржыча. Я ня ведаю, чаму Аляксандар гэта зрабіў.

Потерпевший: «Начальство знало об этом. Смысл ходить жаловаться?»

Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.8 (оценок:13)