15.08.2018
Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва
Журналісты «СБ» Крат і Рудзь, якія радаваліся затрыманню калег, — хто яны такія і адкуль узяліся

«За сітуацыяй вакол тутбая я назіраю не без некаторай злараднасці … Можа, яны (рэдактарка TUT.by Марына Золатава і аглядальніца БелаПАН Таццяна Каравянкова — Рэд.) цалкам сабе сімпатычныя дамы і вельмі прыемныя і зручныя ў побыце» — гэтыя хамскія словы напісаў журналіст «Советской Белоруссіі» Дзмітрый Крат у сваім фэйсбуку.

Абмеркаванне гэтага і наступнага яго допісаў сабрала пад 500 каментароў. Інтэрнэт-супольнасць абурылася выказваннямі Крата, затое яго рашуча падтрымаў іншы супрацоўнік «Советской Белоруссіі» — Раман Рудзь.

Рэфлексаваць на гэтую тэму пара праўладных журналістаў не спыніла дагэтуль: «Добра, калі ёсць сябра, моцнае плячо, на якое можна абаперціся», — раздае падзякі калегу Крат за тое, што той ухваляе яго хамства і адгаворвае выбачацца.

Хто такія гэтыя Рудзь і Крат? «Наша Ніва» распытала знаёмых гэтых журналістаў «Советской Белоруссіі».

Раман Рудзь (злева) і Дзмітрый Крат на адпачынку, фота з фэйсбука

47-гадовы Раман Рудзь — рэдактар аддзела расследаванняў. Пад «расследаваннямі» трэба разумець не пошук раней невядомых значных фактаў, а мастацкае перапісванне інфармацыі, атрыманай ад сілавікоў.

Вядома, што Рудзь нарадзіўся ў Расіі. «Дзяцінства правёў у Манголіі, бацькі з Украіны, жыве ў Беларусі», — паведамляе пра яго сайт sb.by.

Раман Рудзь, фота з сацсетак

У журналістыку Рудзь прыйшоў з грузчыкаў, у 1990-ыя працаваў у моцнай дэмакратычнай газеце «Знамя юності». Адметна, што туды яго ўзялі без вышэйшай адукацыі, якую Рудзь так і не атрымаў.

Як ён трапіў у «ЗЮ» узору 90-х?

«Тады яго ўзялі як маладога перспектыўнага аўтара. Вядома, што рэдакцыя была тады прагрэсіўная, дэмакратычная. Можна сказаць, што і ён такім быў. Рудзь пісаў пра крымінал. Ягоны прыклад — гэта сведчанне таго, як дзяржаўная журналістыка дэфармуе асобу», — разважае адзін з сяброў рэдкалегіі тагачаснай «ЗЮ».

«Рудзь прыйшоў у дэмакратычнае выданне, быў маладым рэпарцёрам, пісаў пра крымінал, здарэнні. Асабліва не выказваўся. Калі здарыўся путч, то яго адправілі пісаць пра гэта, ёсць нават яго фота на фоне барыкад.

Як я цяпер успрымаю, то ў некаторых рэпліках можна было ўгледзець нейкую антыбеларушчыну. Напрыклад, ён з асуджэннем хмыкаў пра тое, што вось, маўляў, «цяпер і фільмы на беларускую мову перакладаць пачнуць». Гэта было ў 1990-х. А потым нашыя сцежкі разышліся. Калі ён перайшоў у «СБ», то асаблівага здзіўлення не было. Камусьці з нашых ён казаў, што піша пра крымінал, а ўсю палітыку Якубовіч бярэ на сябе. Праўда, годзе ў 2006-м ён усё ж напісаў нешта брыдкае пра апазіцыю. Было відавочна, што ніхто яго не прымушаў, сам палез. Ягонае падзенне я звязваю з тым, што ён не адчувае сябе ацэненым як мае быць. Імаверна, ён хоча быць большым, чым ёсць, больш пісаць, быць публіцыстам, а яму не даюць. Таму ён рэалізоўваецца ў фэйсбуку, пішучы розныя брыдкасці», — расказвае адзін з былых калег Рудзя.

Менавіта Рудзь у 2017-м атрымаў задачу напісаць ананімны выкрывальніцкі тэкст пра «Белы легіён». Праўда, рэдактары ягоны тэкст перапісалі ўшчэнт, інакш бы «рэдакцыя не вылезла з судоў».

Рудзь радзей выказваецца на палітычныя тэмы. Затое ў сваіх калонках хваліць Сталіна і наракае, што цяпер жыве ў незалежнай Беларусі, а не ў Савецкім Саюзе:

«Я б з задавальненнем вярнуўся да ранейшага дэфіцыту, калі б мне гарантавалі вяртанне прыемнага пачуцця, што я з'яўляюся грамадзянінам вялікай краіны».

У публіцыста ёсць праблемы са здароўем.

«Ён баіцца аскладненняў хваробы, баіцца застацца без грошай, баіцца ўсяго», — кажуць яго калегі.

Жонка Рудзя таксама працуе ў «Советской Белоруссіі». 43-гадовая Юлія Васілішына падпісаная на сайце выдання як спецыяльная карэспандэнтка. Сям'я гадуе дачку.

Іншага публіцыста — 43-гадовага Дзмітрыя Крата — з ягоным сябрам Рудзем аб'ядноўвае тое, што і ён таксама гадаваўся за межамі Беларусі. Нарадзіўся ва ўкраінскай Горлаўцы, вучыўся там і ў расійскім Благавешчанску, а таксама ў сувораўскай вучэльні на краі Азіі — ва Усурыйску.

Па ўсім Савецкім Саюзе Дзмітрый катаўся ўслед за бацькам Аляксандрам, той быў танкістам. Прычым род Кратаў паходзіць менавіта з Горлаўкі — гэта горад каля Данецка.

З Беларуссю перасячэнне сям'і было эпізадычным — бацька вучыўся ў Баранавічах у медыцынскай вучэльні. Тым не менш Дзмітрый вырашыў паступаць менавіта ў Мінск.

Яго адукацыя — Мінская вышэйшая ваенна-палітычная агульвайсковая вучэльня.

Крат пачынаў вучыцца яшчэ за часамі СССР, а выпускаўся ў незалежнай Беларусі.

Павел Якубовіч узяў яго ў «Советскую Белоруссію» яшчэ ў 2000 годзе. Спачатку Крат пісаў пра эканоміку, пасля пераключыўся на палітыку. І з цягам часу стаў галоўным суправаджаючым Лукашэнкі. У яго шмат узнагародаў за журналісцкую дзейнасць — ад урада, ад праўладнага Беларускага саюза журналістаў.

Дзмітрый Крат. Фота УКантакце

Адданасць справе Крат пастаянна дэманструе ў сваіх артыкулах.

«Да моманту, калі Саннікаў, застаючыся на імправізаванай трыбуне, заклікаў натоўп штурмаваць Дом урада, мы з фотакорам былі на яго ганку. Долі секунды на ацэнку сітуацыі. Спрацаваў, хутчэй, інстынкт. На цябе нясецца раз'юшаны чалавечы статак», — пісаў Крат пра Плошчу-2010.

«А хто яшчэ вякне аб падтасоўцы і фальсіфікацыі, так Чарнамырдзін вельмі даходліва калісьці сказаў: ідзіце на х**», — адзначаў публіцыст у сваім фэйсбуку пасля чарговых выбараў у Беларусі.

Крат ганарыцца, што мае два аднолькавыя гадзіннікі ад Лукашэнкі: іх ён з разбежкай у некалькі гадоў атрымаў «за плённую працу».

Людзі, якім даводзілася перасякацца з Кратам, кажуць, што «раней ён такім не быў».

«Усё сваё журналісцкае жыццё ён працаваў у СБ, — кажа экс-калега. — Але справа ў тым, што сама СБ не ўвесь час была такой, як у апошнія гады. Некалі яна не была такой жорсткай і крытычнай: палітыка была палітыкай, а астатняе… Працавалі людзі, якія мелі погляды на існуючую сітуацыю і шыльдачка Адміністрацыі прэзідэнта на ўваходзе ні да чаго не абавязвала. Што там цяпер адбываецца… наколькі я разумею, іх змушаюць выказваць погляды, калі яны хочуць там працаваць. Што сказалі па БТ — тое рэтранслюйце і вы, раней такога абсалютнага супадзення думак не было. І калі я цяпер чытаю яго, то жахаюся. Калі мы па маладосці працавалі разам, то ён быў нармальным хлопцам, а цяпер як іншы чалавек. Я думаю, што гэтая трансфармацыя людзей адбывалася сінхронна з трансфармацыяй медыя. Я то яшчэ сумняюся і спадзяюся, што гэта ўсё ён робіць пад прымусам».

Яшчэ адзін былы калега сказаў, што пра Крата яму «няма чаго сказаць добрага, а кепскае і не хочацца».

Хведар Нюнька: «Iснуючая сістэма не выхоўвае патрыётаў Беларусі»

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 2.9 (оценок:65)