Крэдыт стаў апошняй кропляй. У Гомлі знайшлі павешаным 47-гадовага мужчыну
Жыхара Гомля знайшлі павешаным на турніку ў двары. Асноўная вэрсія — суіцыд.
Сябры Івана* ў шокавым стане. Адзін зь іх выказаў Свабодзе сваё меркаваньне пра прычыны верагоднага самагубства.
— Нявыплачаныя даўгі банку, жонка падала на развод, прымусовае, праз суд, высяленьне з бацькоўскай кватэры. На гэтым настойвала жонка ягонага таты. Пасьля гэтага куды яму было — у бяздомныя? — сказаў Ігар*, адзін зь сяброў нябожчыка.
«Набіраў на дамафонах кватэры сяброў — але нікога не было»
Іван загінуў у суботу 21 ліпеня. Потым знаёмыя ўзгадалі, што ў дзень трагедыі бачылі мужчыну ў двары, дзе жылі яго сябры.
Быў моцны дождж. На вуліцы нікога не было, апроч самотнага мужчыны. Ён хадзіў і хадзіў туды-сюды з чырвоным файлам у руках — там былі дакумэнты, у тым ліку крэдытныя дамовы і карта растэрміноўкі. Па ёй у мужчыны былі нявыплачаныя даўгі, на якія набегла вялікая пеня.
— Ня ведаю, як так сталася? — кажа Іванаў сябра Ігар.— Ці зоркі так сышліся, ці ўсё ў сьвеце склалася супраць яго. У Ігара было шмат сяброў. І ён усім заўсёды дапамагаў. Шырокая, адкрытая душа — нікому не адмаўляў! І яму б ніхто не адмовіў у дапамозе. Але зноў жа — так склалася, што ён нядаўна згубіў пашпарт і тэлефон. У выніку нікому зь сяброў ня мог патэлефанаваць. Хадзіў па двары і набіраў на дамафонах кватэры сяброў. Якраз так склалася, што нікога не было дома. Ён шукаў, шукаў каго-небудзь — і нікога ў той дзень не сустрэў!
У суботу Іванавы сябры былі хто на лецішчы, хто на рыбалцы, хто ў гаражы.
Івана знайшлі павешаным на турніку ў суседнім двары. Па словах сябра, ён зьняў крыжык, напісаў перадсьмяротную запіску, склаў усё ў чырвоны файл.
— Ён напісаў, што слабак. Хоць гэта няпраўда! Ён заўсёды быў моцным чалавекам. Напісаў, што ня можа сплаціць крэдыты, што праблемы з жонкай, бацькам, мачыхай... Прымусовае высяленьне праз суд. Напісаў, што дзеці ўжо дарослыя. Прасіў ва ўсіх прабачэньня, — кажа сябар.
Апошнія дні начаваў у сваім аўтамабілі
Сябра кажа, што Іван быў тройчы жанаты. Ад першых двух шлюбаў было трое дзяцей. Яны ўсе дарослыя, маюць добрую адукацыю, працуюць.
— Першай жонцы ён пакінуў кватэру. Сам прапісаўся да бацькі. Маці яго рана памерла — ад анкалёгіі. Нядаўна бацькава жонка, выходзіць, яго мачыха, пачала працэс па прымусовым высяленьні Івана з роднай кватэры. Куды яго было высяляць? У бяздомныя? З трэцяй жонкай ён жыў на найманай кватэры. Нядаўна жонка падала на развод, — кажа Ігар.
Апошнія дні Іван начаваў у сваім аўтамабілі. 17 ліпеня ў суд паступіла заява ад сваякоў Івана — пазоў «аб прызнаньні не набыўшым права валоданьня і карыстаньня жылым памяшканьнем». Праз чатыры дні мужчына пайшоў з жыцьця. Позва ў суд прыйшла яму ўжо пасьля сьмерці.
«Мы б сплацілі хуценька ўсе яго даўгі!»
Найбольш Ігару не дае спакою той факт, што адной з прычын самагубства Івана сталі крэдыты.
— Каб мы ведалі тады... Каб ён папрасіў дапамогі, сустрэўся з намі — мы б хуценька скінуліся і сплацілі ўсе яго даўгі, усю тую карту растэрміноўкі. У яго і радня заможная — дапамаглі б усе яму. Але ў той дзень Іван застаўся адзін, — бядуе Ігар.
На пахаваньні было шмат людзей. Шматлікія сябры, аднаклясьнікі, аднакурсьнікі з каледжу і ўнівэрсытэту, дзе вучыўся Ігар, прыйшлі зь белымі ружамі.
Сьледчы камітэт паведаміў, што праводзіць праверку па факце самагубства жыхара Гомля 1971 году нараджэньня.
* Імёны з этычных меркаваньняў зьмененыя.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное