19.07.2018
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода
Ці можна было захаваць жыцьцё нападніку з Заслаўя?

Думкі былых міліцыянтаў.

Ці была неабходнасьць забіваць жыхара Заслаўя, які 18 ліпеня ўзяў у закладнікі ўласную дачку, ці мо варта было працягваць перамовы? Адказваюць генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб і падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.

Мікалай Казлоў: «У нас хутчэй выберуць самы жорсткі варыянт»

— Цяжка сказаць, калі там ня быў. Інструкцый на гэты выпадак я ня ведаю, зь імі знаёмяць толькі службы, якія на гэтым спэцыялізуюцца. Але мне бачыцца, што забіць у такой сытуацыі — самае простае, кажа Мікалай Казлоў.— Гучыць рэзанансна: ліквідавалі — значыць адвялі пагрозу. Зь цягам часу нюансы забудуцца і застанецца толькі, што зьнішчылі тэрарыста, які ўзяў чалавека ў закладнікі. А разьбірацца, ці быў ён сапраўды тэрарыстам, ужо ніхто ня будзе.

Мікалай Казлоў не выключае, што «ліквідацыя» зламысьніка была апраўданая:

— Там я ня быў, не магу сказаць дакладна. Але тое, што ў нас пры кожным зручным выпадку будуць страляць, гэта для мяне без сумневу. Бо калі разьбяруцца, то можа аказацца, што гэта нейкая гульня, балаўство чалавека. А калі застрэлілі, дык ужо дакладна не балаўство. А гучыць добра: ліквідацыя, справаздача, выратавалі. Рыхтуйцеся да ўзнагароды.

Паводле Мікалая Казлова, час, які прайшоў паміж пачаткам захопу і яго разьвязкай, міліцыянты мусілі патраціць у тым ліку на высьвятленьне асобы злачынцы, каб ацаніць рэальнасьць пагрозы закладніку ды іншым людзям.

— На яго ж у міліцыі былі зьвесткі. Усё трэба падняць, ацаніць, наколькі сур’ёзныя ўчынкі ад яго варта чакаць, ацаніць яго цяперашні стан, ці можа ён сапраўды зрабіць тое, чым пагражае. Магчыма, сапраўды такі нестабільны чалавек, з прыпадкамі, можа, быў у наркатычным стане ці яшчэ якім. Нюансаў можа быць шмат. Але не асабліва веру, што зусім не было ніякай магчымасьці зь ім дамовіцца, бо ўсё ж гэта звычайны чалавек, хай і былы крымінальнік.

Да таго ж ён узяў у закладнікі не чужога чалавека, а дачку. Таму мне больш бачыцца такое: краіна ў нас спакойная, ніякіх тэрактаў, як у Расеі, не адбываецца, а адпаведныя службы трэнуюцца, ім трэба рапартаваць пра посьпехі. Тым больш міністар унутраных спраў Шуневіч усёй апэрацыяй камандаваў.

Мечыслаў Грыб: «Інструкцыі заўсёды казалі, што спачатку трэба абясшкодзіць»

— Апошніх інструкцый я ня ведаю, але паводле тых, што мне былі вядомыя, трэба было да апошняга весьці перамовы, — мяркуе Мечыслаў Грыб. — Каб і закладнікі не пацярпелі, і падазронага таксама старацца не забіваць.

Іншая рэч, як гэта ўдасца? І тут справа нават ня ў тым, што ён ня быў узброены агнястрэльнай зброяй. Бо ў яго была ўсё ж халодная зброя. Нож таксама зброя. Тут важна найперш, каб не было пагрозы закладніку. Калі ёсьць, дык тады апраўданая рызыка, што пойдуць на ліквідацыю.

Але і пры гэтым інструкцыі заўсёды казалі, што спачатку трэба абясшкодзіць, то бок параніць, каб ня мог супраціўляцца. А ліквідаваць — гэта ўжо самы апошні варыянт, калі нічога іншага не застаецца».

Мечыслаў Грыб адзначыў тое, што з захопнікам у Заслаўі вяліся працяглыя перамовы, але ці дастаткова доўга і прафэсійна?

— Як яны дзейнічалі, правільна ці не правільна, прафэсійна ці не, мне адсюль цяжка ацаніць. Бо ня ведаю, якая была сытуацыя. Бачу, што спробы яны рабілі, вялі зь ім дзьве гадзіны перамовы. Але раней бывалі выпадкі, памятаю, калі і тры гадзіны, і суткамі вялі перамовы, пра нешта дамаўляліся, высьвятлялі, нешта давалі на патрабаваньне, але рабілі ўсё, каб жыцьцё захаваць. Чаму цяпер за 2 гадзіны ўсё вырашылі закончыць? Для мяне гэта пытаньне.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:10)