15.07.2018
Тарас Шчыры, by.tribuna.com
Галоўны тай-баксёр краіны пра свае дзяцінства: «Усе навокал былі бандытамі»

12-разовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў правёў падрабязную экскурсію па мясцінах дзяцінства.

12-разовы чэмпіён свету па тайскім боксе і вакаліст панк-гурта Brutto Віталь Гуркоў цяпер жыве ў сваёй кватэры каля станцыі метро «Маладзёжная».

Але большую частку свайго жыцця ён правёў на ўсходнім ускрайку сталіцы – у старым і суворым мікрараёне Сцяпянка, куды не ганяе выпіць смузі з мафінам рафінаваная мінская моладзь, і дзе наўрад ці сустрэнеш замежнага вандроўніка.

Тут пераважна жывуць адстаўныя вайскоўцы, пенсіянеры, рабочыя, а значную частку краявіду складаюць вежы-шматпавярховікі, прыватны сектар і cумныя, пакоцаныя часам армейскія пабудовы. Гуркоў адправіўся ў Сцяпянку разам з Тарасам Шчырым і правёў падрабязную экскурсію па мясцінах дзяцінства.

Родны лом, вул. Крынічная, 1а

Да сярэдзіны мінулага стагоддзя Сцяпянка з’яўлялася дробнай кропачкай на мапе. Але неўзабаве населены пункт каля аднаіменнай чыгуначнай станцыі пачаў разрастацца, і з часам ператварыўся ў буйны закрыты ваенны гарадок з аэрадромам, стадыёнамі і Домам афіцэраў.

Акрамя таго, у Сцяпянцы размярковаўлі зямельныя надзелы пад прыватную забудову. Адзін з такіх, каля самай Мінскай кальцавой аўтадарогі – на вуліцы Крынічнай, – атрымаў дзядуля Гуркова па матчынай лініі.

З часам сюды з вёскі Басценавічы, славутай старадаўнімі праваслаўнымі абразамі, пераехаў тата Віталя. Маці працавала швачкай на «Алесі», бацька – верхалазам у другім мантажным упраўленні Мінска.

У Сцяпянцы маладыя і пазнаёміліся. У мясцовай радзільні 27 сакавіка 1985-га з’явіўся на свет будучы баец.

Mitsubishi Гуркова спыняецца наўпрост каля вялікага светлага будынка, завешанага квадратнымі і прамакутнымі кандыцыянерамі. У адкрытым двары стаіць некалькі іншамарак.

– Уся Сцяпянка некалі падзялялася на тры зоны, – выходзячы з аўто, кажа Віталь. – Гэта абнесены плотам ваенны гарадок, куды проста так патрапіць было немагчыма.

Працавала некалькі КПП, на якіх праглядалі асабістыя дакументы і запісвалі нумары аўтамабіляў. А яшчэ былі Геалогія – раён каля навуковага інстытута, і Ліпкі – прыватная забудова, адкуль паходжу я.

На вуліцы Крынічнай сям’я Гурковых пражыла да 2005 года, пакуль не прадала дом і не пераехала ў вёску Дубаўляны. Ад старой забудовы амаль нічога не засталася.

Цяпер тут офісы, а раней на гэтым месцы стаяў двухпавярховы дом з белай цэглы і «ламаным» дахам. Каля дома знаходзілася лазня, для якой малы Віталь калоў дровы.

Раслі вішня і слівы, быў парнік, дзе Гурковы вырошчвалі памідоры і агуркі. Каля МКАД ляжала бульбяное поле, быў невялічкі садок, дзе летам можна было збіраць грушы. Цяпер родны дом Гуркова існуе толькі ва ўспамінах. Не засталося ніводнага дрэўца – уся тэрыторыя цалкам заасфальтаваная.

У родных Ліпках Віталь бавіў шмат вольнага часу: хадзіў па малако да суседзяў, набываў хлеб у аўталаўцы і, безумоўна, сваволіў. У дзяцінстве будучы чэмпіён, нягледзячы на добрае выхаванне, наогул лічыўся бэдбоем, і сваякі сяброў часам не надта хацелі адпускаць дзяцей гуляць разам з ім.

– Яны лічылі, што я іх зводжу, – тлумачыць тайбаксёр. – Мы зрывалі пад корань баршчавік і біліся ім, маглі пайсці гуляць і апынуцца ў суседнім Азярышчы, у музеі камянёў, поўзалі ў акопах, ганялі на палігон, у вайсковыя часці, маглі пайсці на варожую тэрыторыю з роварам і вярнуцца без яго, альбо без кола, катафотаў і пырскавікоў. Альбо ў нас іх здымалі, альбо мы. Усё залежала ад таго, каго было больш.

– Так ты быў у дзяцінстве бандытам? – пытаюся ў Віталя.

– Не. Проста ўсе навокал імі былі. Ці ўсе з іх жывыя? Нехта сядзеў у турме, памёр, загінуў праз алкаголь, аднак былі і тыя, хто стаў сапраўдным майстрам сваёй справы.

Мне аднойчы далі тэлефонны нумар чалавека, які мог адрамантаваць машыну. Сказалі, што яго імя Андрэй. Калі я прыехаў, пазнаў у ім галоўнага хулігана нашай школы. Але ён з часам змяніўся, выправіўся і стаў вельмі добрым спецыялістам.

Мы зноў сядаем у машыну і з’язджаем уніз па Крынічнай – да чыгункі, дзе Гуркоў любіў патусіць з сябрамі.

Хлопцы не толькі разглядвалі электрычкі і таварнякі. Часам іх вабіла іншае.

– Мы на рэйкі клалі манеты і банкі з-пад Pepsі, якія расплюшчваліся пад коламі. А яшчэ клалі ўздоўж рэек шыфер, і калі па ім праносіўся цягнік, шыфер літаральна выбухаў з гукам: «Та! Та! Та!»

Непадалёк ад чыгункі раней знаходзілася невялічкае футбольнае поле. Тады пляцоўка была вельмі запатрабаванай, але цяпер, па словах Гуркова, пазарастала і ніхто там не гуляе. Менавіта на гэтым полі пачалася і скончылася футбольная кар’ера Віталя.

– Мне тады было гадоў шэсць. Нехта з суседзяў сказаў бацьку: «Схадзі і паглядзі, як твой у футбол гуляе». Ён і пайшоў. Мяне як самага малодшага паставілі ў браму. Падчас гульні лаяўся больш, чым старэйшыя.

Бацька пачуў, адцягаў мяне за вуха, і я пасля зразумеў, што футбол – гэта не маё. Тата быў суровым, і прылятала ў дзяцінстве мне за ўсе правіны.

Гуркоў распавядае, што яшчэ ў дзяцінстве пачаў востра адчуваць несправядлівасць і не пераносіў крадзяжы, крыўды і абразы. І за сваю пазіцыю яму аднойчы моцна прыляцела – ад сваіх жа аднакласнікаў.

– У нашым лесе, на тэрыторыі аэрадрома, знаходзіўся пажарны рэзервуар з вадой. Басейн. І мы летам там часта плёскаліся сваёй школьнай кампаніяй, пакуль нас не праганялі. А ў кожнай кампаніі ёсць хлопчык, якога ўсе крыўдзяць, бо ён слабейшы і не можа даць адпор.

Быў і сярод нас такі. І калі аднойчы з яго пачалі здзекавацца, я не вытрымаў і заступіўся. У выніку біўся супраць чатырох. Мяне проста гадзіну аднакласнікі піналі, качалі па лесе, смяяліся і абражалі. Я нічога зрабіць не мог. Пачынаў біцца з адным, як да мяне адразу падляталі двое другіх. Прыйшоў дамоў у сіняках. Пасля такога пакутаваў не фізічна, а псіхалагічна – бо мяне валтузілі, а я нічога не мог зрабіць. Але пасля я іх амаль усіх па адным павылоўліваў. Проста сустракаў па дарозе, нічога не казаў, падлятаў, біў і рушыў далей. Калі не мог проста адлупіць, браў палку і херачыў.

Адзін з іх, напрыклад, ехаў на ровары, смяяўся з мяне. Дык я яго проста штурхнуў, ён паваліўся, і я з ім ужо далей вырашыў справы. Чаму я гэта рабіў? Не дараваў подласці. Яны не мелі рацыю, і іх учынкі на той момат характарызавалі іх як людзей.

Сярэдняя школа №183, вул. Геалагічная, 63

Пра вучобу Гуркова ў школе ёсць цікавая гісторыя. Бацькі збіраліся адправіць яго ў першы клас у сямігадовым узросце, але Віталь даведаўся, што яго сябрук Алег збіраецца ісці з шасці – добра лічыў і ўмеў чытаць па складах.

Тады хлопчык упершыню ўключыў рэжым нонканфарміста і паставіў бацькоў перад выбарам – альбо я іду вучыцца з Алегам, альбо наогул у школу не пайду. Маці і бацька вырашылі з маленькім бунтаром не спрачацца.

Але 1 верасня Віталь даведаўся, што яны з Алегам будуць вучыцца ў розных класах. У рэшце ён адмовіўся ісці ў новы клас і дэманстратыўна падараваў кветкі настаўніцы свайго сябра. Што рабіць, маці прыйшлося дамаўляцца аб пераводзе ўпартага сына.

Родная школа Гуркова знешне нічым не адрозніваецца ад астатніх – той жа трохпавярховы прамакутнік, усё тая ж белая цэгла. Хаця, як прызнаецца суразмоўца, за апошні час школьную тэрыторыю нядрэнна добраўпарадкавалі і аднавілі стадыён.

Пабудавалі школу ў 1970-м і падагналі адкрыццё да 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна. А каб памяць пра правадыра засталася назаўжды непарушнай, на фасадзе будынка чырвонай цэглай выклалі яго знакамітую цытату: «Вучыцца, вучыцца і вучыцца!» Гуркоў з цікаўнасцю абыходзіць школу, каб даведацца, ці захавалася выказванне, але нічога не заўважае – словы проста замазалі. Затое за шыбамі сённяшняй распранальні ён пазнае свой першы клас.

– Добра памятаю, калі мне нешта не падабалася, я ўздымаўся і падыходзіў да акна. Настаўнік мне казаў: «Гуркоў, сядай на месца!» А я адказваў: «Не, вы нешта нецікавае расказваеце. Там сабака бегае. Я лепш у акно пагляджу».

Віталь прыгадвае, што асаблівыя стасункі ў яго склаліся з выкладчыкам АБЖ, які, напрыклад, расказваў вучням, дзе хавацца, калі на чыгунцы здарыцца тэхнагенная катастрофа.

– Гэта быў ваенны чалавек са сваім дрэс-кодам і нормамі паводзінаў. Мы спачатку насілі школьную форму, а пасля яе не стала, і ўсе апраналіся так, як хацелі. А тады акурат з’явіўся падзел на нірваністаў, прадзіджыстаў, кіслотнікаў, гранджаў...

Пачалі прадавацца балахоны з назвамі гуртоў, джынсы засоўвалі ў берцы. А калі ў цябе была касуха, то наогул лічыўся модным чэлам. Папулярнымі сталі розныя фенькі.

Я быў нефармалам, насіў байку «Кино».  А паводле правілаў бяспекі настаўніка АБЖ, нам нельга было насіць фенькі, ланцужкі, пярсцёнкі. Але даводзілася шукаць кампрамісы, бо ён наогул не хацеў нічога разумець, і насіць звычайную вопратку.

У метрах 20 ад школы Гуркоў заўважае белую пабудову, у якой пазнае стары кабінет працы. За ім пачыналася дарога да варожай СШ №182.

– У той школе навучаліся пераважна дзеці вайскоўцаў, а ў нас – пралетарыят. Да таго ж у 182-ю не прымалі цыганоў, якія жылі ў прыватным сектары, і іх усіх накіроўвалі да нас.

Гэта як у ЗША, дзе ёсць школы для чорных і белых. Мы былі школай для «чорных». Але толькі нямногія з цыганоў хацелі вучыцца. Калі разумелі, як зарабляць грошы, для іх гэтага было дастаткова, і яны кідалі школу.

Мы часта біліся з хлопцамі са 182-й. Паўсюль. Нават у нас на прыступках. Аднак выходзіў дырэктар, і ўсе разбягаліся.

Маці хацела, каб Віталь у будучыні стаў міліцыянерам, а таму пасля дзевяці класаў яго прынялі ў школу з фізкультурна-прававым ухілам. Але cын не хацеў быць праваахоўнікам.

Практыка ў адным са сталічных РУУС гэтае жаданне толькі ўзмацніла. У выніку Віталь вярнуўся ў родную школу, чым быў вельмі ўсцешаны.

Так мара маці пра міліцыянера ў сям’і засталася толькі марай. Пасля школы Гуркоў паступіў у БДУФК, дзе атрымаў дыплом менеджара па турызме.

Воданапорная вежа, вул. Карвата

Галоўнай архітэктурнай дамінантай і сімвалам Сцяпянкі Гуркоў лічыць старую ваданапорную вежу, якая знаходзіцца на ўзгорку літаральна ў пяці хвілінах хады ад школы. Вежа была заўжды замкнёная і патрапіць наверх было нерэальна.

Затое хлопцы аблюбавалі другі архітэктурны аб’ект літаральна ў некалькіх кроках ад ваданапоркі. У 1982-м з аэрадрома Бабровічы ў Сцяпянку даставілі спісаны буйны савецкі знішчальнік СУ-7Б і ўсталявалі яго як помнік.

З часам пляцоўка каля яго стала цэнтрам культурнага жыцця раёна. Вакол самалёта ладзілі канцэрты армейскія гурты, адзначалі Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці і другія святы. Толькі дзеці не бачылі ў помніку ніякай мастацкай каштоўнасці.

– Гэта цяпер люк звараны, а раней мы лазілі ў кабіну пілота і салон самалёта. Там усе сцены былі распісаныя, і па надпісах можна было даведацца, хто лох, а хто не :). Сядзелі там, пакуль дарослыя не праганялі.

Вакол знішчальніка, уздоўж шэрага плота, знаходзіцца доўгая жоўтая газавая труба, з якой адкрываецца від на новабуды па вуліцы Сувязістаў.

А калісьці замест іх стаялі прыватныя дамкі, расла алыча, якую па дарозе ў школу зрываў з сябрамі Гуркоў. Ну а на гэтай трубе быў яшчэ адзін тусіч.

– Мы набывалі некалькі пляшак разліўнога піва «Жыгулёўскае», палову хлеба, каб пад’есці, і сядзелі тут, адпачывалі. Відаць, што за гэтыя гады тут нічога не змянілася.

Класічнае месца адпачынку, – кажа Віталь і паказвае на пустыя бутэлькі і смецце, што валяецца ўздоўж трубы. – Мы тут сядзелі некалькі гадзін, нас ніхто не чапаў, і мы разыходзіліся. А яшчэ тут непадалёку ляжаў вялікі камень. І калі мне ляніва было ісці дадому, хацелася пагуляць, я сядаў на гэты камень і выконваў дамашку. Суседка пасля казала маці: «Ідзі і паглядзі! Твой ляжыць на камяні і робіць хатняе заданне».

Філіял 14-й цэнтральнай раённай паліклінікі, вул. Карвата 14

Праз дарогу ад самалёта стаіць стары адрамантаваны будынак. Цяпер тут філіял паліклінікі, а раней у ім месціліся прамтавары. З той старой крамай Гуркова звязвае ўспамін пра першы камерцыйны досвед.

– Там прадавалася ўсё што заўгодна. І аднойчы, напэўна, у шостым ці сёмым класе я ўбачыў у краме кнігу Sex Pistols. Never mind the Bollocks.

Не ведаю, як яна там апынулася, але за грошы, якія мне давалі на школьныя абеды, я скупіў усе асобнікі і прадаваў пасля знаёмым нефармалам. Каштавала кніга, магчыма, 30 капеек, а збываў па 3 рублі. Тусіў пасля нядрэнна :).

Старая крама ў Сцяпянцы захавалася літаральна ў ста метрах ад паліклінікі. Гуркоў кажа, што неяк нядаўна зайшоў туды і ад настальгіі так расчуліўся, што ледзь не пусціў слязу, бо нічога з яго дзяцінства там не змянілася.

– Я ў той краме патрапіў калісьці ў дзіўную сітуацыю. Матуля паставіла мяне ў чаргу, а сама адышла. І нейкая жанчына запыталася: «Дзяўчынка, ты апошняя?» – «Я хлопчык!» Мне тады гадоў шэсць было.

А ўсё з-за того, што старэйшых братоў у мяне няма – ёсць толькі сёстры. Бацькі зараблялі няшмат, грошы эканомілі. І мне даводзілася насіць тое, што ёсць. На мне ў той момант была нейкая дзявочая куртка і шапка з белым пампонам. І зразумець, хто гэта стаіць перад табой, было немагчыма.

Гурток «Юны фотааматар», вул. Карвата, 85

У дзяцінстве Гуркоў захапляўся фатаграфіяй і год наведваў адмысловы гурток. Месціўся ён на першым паверсе звычайнага пяціпавярховіка. Будынак захаваўся і дагэтуль, а вось ніякага фотагуртка ўжо няма – памяшканні аддалі пад звычайную кватэру.

– Заняткі праводзіў Анатоль Міронавіч. Файны дзядзька. Класічны фатограф у маім успрыманні, з зачасаным назад хаерам. Ён распавядаў цікавыя рэчы, вадзіў нас на фотавыставы, на практычныя заняткі ў Батанічны сад, парк, а пасля мы праяўлялі здымкі.

У кожнага з нас быў фоцік. Мне бацькі набылі звычайны «Элікон», і пасля, калі я запісаўся на адзінаборствы, здымаў на яго хлопцаў, трэніроўкі.

Падчас заняткаў быў перапынак, і дзеці выбягалі на вуліцу. Адной з улюбёных забавак Гуркова і яго таварышаў была гульня «Цар гары», якую ладзілі на вялізных бетонных плітах.

Сэнс яе ў тым, каб ускараскацца наверх і скінуць апанента. Віталь аднойчы так перастараўся, што прыяцель уляцеў наўпрост у сасну, ад чаго зарабіў сабе страсенне.

Але былі і больш мірныя гульні. Гуркоў, напрыклад, любіў рабіць з палак, якія збіраў у блізкім лесе, цацкі – зброю.

– Калі ты знаходзіў пластыкавую банку з-пад кількі, яе можна было прымацаваць да палкі, і атрымоўваўся амерыканскі кулямёт Thomson. Гэта лічылася вельмі крута, – прыгадвае Віталь.

Сцежка ад дома, дзе знаходзіўся гурток, вядзе да невялічкага штучнага азярца. Цяпер яно нагадвае нейкае высахлае балота, парослае чаротам, дзе жывуць качкі, а раней сажалка была глыбокай.

Хлопцы майстравалі плыты або каталіся на ільдзінах. Затое цяпер тут паставілі альтанкі, і ў выхадны можна прыгатаваць шашлыкі.

Кажуць, гэтая лесапаласа – улюбёнае месца адпачынку жыхароў Сцяпянкі.

Вайсковы стадыён, вул. Карвата

Наш гід прыгадвае, што амаль усё спартыўнае жыццё віравала на стадыёне вайсковага гарадка, што знаходзіцца на водшыбе – сярод разбітых і пакінутых казармаў.

Калісьці тут працаваў армейскі спарткомплекс, у якім былі залы для заняткаў боксам і барацьбой. На стадыёне можна было пагуляць у баскетбол альбо паганяць мяч на вялікім полі.

– У спарткомплексе працавалі нейкія трэнеры, але яны нам нічым не дапамагалі. Проста сачылі, каб нічога не здарылася.

Віталь дадае, што ідэя заняцца спортам перадалася яму ад бацькі, які захапляўся лыжамі, футболам і лічыў, што хлопец абавязкова павінен умець адціскацца.

Сам Гуркоў прыйшоў займацца тайскім боксам, таму што хацеў абараніць сябе. Ён захапляўся маляваннем, няблага ляпіў цацкі з гліны і не думаў, што будзе прафесійным спартсменам, а ў выніку стаў 12-разовым чэмпіёнам свету па тайскім боксе.

Судзячы па трыбунах старога стадыёна, ён калісьці быў даволі неблагім, але цяпер знаходзіцца ў запусценні. Час ад часу тут практыкуюцца выратавальнікі-спартоўцы і гуляюць у рэгбі. Па словах Гуркова, мясцовая каманда «Сцяпянка 300» прымала тут неяк неблагую каманду з Масквы і перамагла.

Дом афіцэраў, вул. Карвата

Пры саветах вайсковы бамонд Сцяпянкі – тут размяшчаўся буйны полк сувязі – любіў бавіць час у Доме афіцэраў. На першым паверсе была актавая зала, у якой ладзілі канцэрты і армейскія сустрэчы. Тут быў свой харавы калектыў, якім калісьці кіраваў славуты дырыжор Генадзь Цітовіч.

Самадзейны гурток нават збіраўся паставіць першую ўкраінскую оперу «Запарожац за Дунаем» Сямёна Гулак-Арцёмаўскага, аднак не атрымалася.

Ну а цяпер Дом афіцэраў нагадвае дэкарацыі для фільма жахаў: разбітыя шыбы, замураваныя праёмы, аблезлыя сцены. Будынак нават не збіраюцца рэканструяваць – яго хочуць знесці. Але Гуркоў памятае Дом афіцэраў іншым – дзеючым.

– Памятаю, як тут працавалі гурткі. На трэцім паверсе быў вайсковы інтэрнат, а на першым – актавая зала, у якой паказвалі кіно. Я сюды ўпершыню схадзіў на кінасеанс. Гэта было напачатку 1990-х.

У актавай зале стаяў тэлевізар, відзік і так паказвалі кіно. Фільм называўся «9 смерцяў ніндзя». А вось танцы, памятаю, адбываліся ў Ліпках. Бацькі дазволілі двум сынам правесці ў гаражы вечарыну. Яна так спадабалася, што туды пачалі прыходзіць людзі. Іх было так шмат, што не ўсе змяшчаліся ў гаражы.

Праз пэўны час бацькі сказалі хлопцам, што дыскатэка забірае шмат электраэнергіі.

Выхад знайшлі – пачалі прадаваць квіткі :). Ну а музло ставіў хлопец Андрэй. Ён быў фанатам Джэксана, умеў добра падрабляць яго хаду і меў добрую фанатэку.

Нефармальныя тусоўкі адбываліся таксама ў гаражы ў Сашы, сябра Гуркова. Хлопцы сабралі панк-гурт і ладзілі рэпетыцыі. Гэта пасля Гуркоў нават граў у хардкор-гуртах, а пачыналася ўсё ў звычайным гаражы.

Віталь вырашае зазірнуць на старую рэпетыцыйную кропку, але так нікога на месцы і не заспявае.

– Ударную ўстаноўку нам замянялі каністры. Адзіная нармальная гітара была ў Сані. Ён і граў лепш за ўсіх. Астатнія гітары мы выразалі на ўроках працы. Канцэртаў тут не было. Быў звычайны рэпетэцыйны схадняк без піва – мы ж у чалавека дома гралі :).

13 гадоў таму Віталь пераехаў з бацькамі ў Дубаўляны, але па-ранейшаму з цеплынёй расказвае пра Сцяпянку і прызнаецца, што ганарыцца тым, што нарадзіўся менавіта тут. І напрыканцы дзеліцца атмасфернай гісторыяй.

– Я неяк паркаваўся на вуліцы Багдановіча. Выязджала машына, і я вырашыў пачакаць, каб заняць яе месца. Яна выехала напалову морды і спынілася. Нават не зразумеў, што адбываецца. Тым часам у ёй апусцілася пасажырское шкло. Я сваё таксама прыпусціў, і ўбачыў таўставатага мужычка, які нагадаў мне героя з фільма «Мальчышнік у Вегасе». Ён сказаў: «Ну, здравствуй, Гура», і мяне ў той момант нібыта токам працянула. Бо Гура – мая выключна сцяпянкаўская мянушка.

Не пазнаў гэтага чалавека, падумаў пра сябе: «Што наогул адбываецца?!» А ён глядзіць і кажа: «Ты ж са Сцяпяначкі?» Адказваю: «Так». Ён тады паглядзеў, навёў на мяне ўказальны палец, падміргнуў, шкло закрылася, і машына з’ехала. «Ты ж са Сцяпяначкі» – прыгадваю гэтыя словы з усмешкай. Вось такія справы.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:17)