Беларусы на Гаваях: «Сярэднестатыстычны амэрыканец зарабляе 4 тысячы даляраў. І што?»

«Радыё Свабода» распавяло пра гісторыю праграміста Паўла і бухгальтара Настасьсі з Рэчыцы, якія 10 гадоў таму пераехалі ў Ганалулу, сталіцу Гаваяў. За акіянам у іх зьявілася папаўненьне — сын Тэадора-Фёдар.

Настасься з сынам

«Гэта была блакітная мара майго мужа, — кажа Настасься Яфімава. — Але ў нейкім сэнсе ён сам падмануўся. Калі ехаў, думаў, што трапіць у ідылію з рэклямы батончыка „Баўнці“ — самотная выгнутая пальма, белы пясок, празрысты атол. Аказалася, што дарма нават шукаць такую карцінку. Так, пэйзажы ўнікальныя, але абсалютна іншая прыгажосьць: усё вельмі зялёнае, акіян зіхаціць пад промнямі сонца. Проста райскі клімат: круглы год каля 25 градусаў — цяплей летам, трохі халадней зімой. Ніколі ніякай задушлівай гарачыні, заўсёды сьвежы ветрык».

Такая ідылія, калі ня ўмешваецца прыродны форс-мажор. Некалькі апошніх месяцаў архіпэляг не пакідае навінавых стужак: на Вялікім востраве пачаў вывяргацца вулькан Кіляўэа. Губэрнатар штату Гаваі абвясьціў геатэрмальны раён Пуна зонай стыхійнага бедзтва, прэзыдэнту ЗША накіраваны запыт аб дапамозе.

Фантаны лавы б’юць на дзясяткі мэтраў і разьліваюцца на кілямэтры навокал, лік зьнішчаных і пашкоджаных пабудоваў набліжаецца да тысячы. А яшчэ нядаўна вулькан быў адным з улюбёных турыстычных аб’ектаў, кажа Настасься.

Лава з вулькану Кіляўэа разьліваецца на кілямэтры навокал. 10 чэрвеня 2018 году

«Пры ўсёй сваёй спэцыфіцы гэта, канечне, Амэрыка, — кажа беларуска. — Інфраструктура, дарогі — вялізны аб’ём працы. Нават малыя астравы, дзе 50 тысяч жыхароў, уладкаваныя з размахам. Гэтага не было б, каб не амэрыканцы. Праўда, ключавое слова тут „было“, бо за паўстагодзьдзя мала што абнаўлялася і памалу прыходзіць у заняпад. Хоць штат павінен быць найбагацейшы. Па-першае, базы ВМФ, якія плацяць за пастой. Па-другое, турыстычнае месца, дзе крута адзначыць вясельле ці юбілей. Па-трэцяе, японскія грошы. Японцаў незьлічоная колькасьць, усё пад іх прыстасавана — ад крамаў да інфармацыйных указальнікаў. На адным з астравоў нават мэрам абраны „свой чалавек“. Як кажуць, узялі Гаваі бяз Пэрл-Харбара».

Ганалулу вытрыманы ў стылістыцы іншых амэрыканскіх гарадоў

Этнічны склад насельніцтва Гаваяў у найноўшы час зьмяніўся кардынальна: амаль з 1,5 мільёна чалавек толькі 150 тысяч адносяць сябе да карэнных жыхароў. Найбольш тут азіятаў і патомства ў шлюбах зь імі — 900 тысяч, або 60% (японцы, філіпінцы, кітайцы). Астатнюю долю ў рознай прапорцыі дзеляць белыя амэрыканцы, мэтысы, афраамэрыканцы, эўрапейцы.

«У мужа свая ІТ-фірма, некалькі супрацоўнікаў таксама зь Беларусі. Мужчына зь Віцебску ўжо атрымаў амэрыканскае грамадзянства. Дзяўчына з Пружанаў — палітуцякачка. Ну, і яшчэ аднаму хлопцу з Гомля адмовілі. А так каго толькі з нашых шыротаў не сустрэнеш. Шмат расейскамоўных жонак маракоў на вайсковай базе. Пазнаёміліся з украінскай парай: даўно зьехалі ў ЗША, ён кантрактнік на караблі, яна не працуе. Паступова ўтварылася цэлая грамада. Летась адкрылася ўзбэцкая кавярня „Шаўковы шлях“, можна замовіць ня толькі плоў, а і боршч, галубцы, пельмені, усю савецкую кухню. Там і тусуюцца».

Жыцьцё тут, паводле Анастасіі Яфімавай, як і ў іншых штатах, годнае, але ў раскошы не купаюцца — нават з улікам добрых заробкаў мужа. Падатковыя, страхавыя адлічэньні, па беларускіх мерках, проста шалёныя.

«Зьнешне ўражвае: сярэднестатыстычны амэрыканец зарабляе 4 тысячы даляраў. І што? У Паўла 35% заробку ідзе на падаткі. Беларус фыркае на 13%, а тут траціну плаціш — і нават дарогу ня хочуць адрамантаваць. Плюс найманае жыльлё, аўтакрэдыт, страхоўка. Мэдстрахоўку паднялі на 30%, 1000 даляраў на сям’ю. Калі абурыліся — адкуль такая інфляцыя — патлумачылі: зашмат трацім на тых, у каго яе няма. То бок плацім за сябе і яшчэ за пяцёх. Дашкольныя ўстановы платныя, ад 800 даляраў толькі пачынаюцца. А дзіцё ў садку да 15.00, далей наймай няньку. 200 даляраў у краме — з пустым вазком выйдзеш. Гэта ў Беларусі поўны багажнік наб’еш».

Сьціплы прадуктовы набор пацягнуў на 65 даляраў

Апошнім часам на Гаваях істотна паболела расейскамоўных — і ня толькі з самой Расеі. Як кажа Настасься Яфімава, калі яшчэ 10 гадоў таму сустрэць постсавецкага чалавека было вялікай рэдкасьцю, то цяпер прысутнасьць адчувальная — паводле апошняга перапісу, блізу 5 тысяч. Некаторыя нават не абцяжарваюць сябе пошукам працы, задавольваюцца дапамогай па беспрацоўі.

«Адзін наш знаёмы шмат гадоў жыве на дапамогу, — кажа Настасься. — Мала таго, часта працаваць проста нявыгадна. Недзе ўладкуесься — трэба плаціць мэдстрахоўку, якая каштуе шалёных грошай, давядзецца ўтрымліваць жыльлё. А так за кошт дзяржавы. Ён і разважае: дык а навошта працаваць? Вось і стымулююць да лайдацтва. Гэта першае. Па-другое, вакол шмат бяздомных. Для іх тут сапраўдны рай, сьцягваюцца з усіх штатаў. Ніхто не ганяе, сядзяць на тратуарах, разьбіваюць цэлыя гарадкі на пляжах — далей за Ганалулу сапраўднае паселішча бяздомных. А яшчэ шмат псыхічна неўраўнаважаных».

Ці параіла б беларуска Гавайскія астравы тым, хто цяпер на працоўным ды геаграфічным раздарожжы? Ці тое гэта месца, дзе будзеш адчуваць сябе па-сапраўднаму камфортна?

«Да эміграцыі трэба быць гатовым, а мару выпакутаваць, — кажа яна. — Усьведамляць, што ты найлепшы ў прафэсіі, за якую ўзяўся. Калі не, то апошнім возьмуць і першым выкінуць. Нават з улікам таго, што белы мігрант у сьвеце азіятаў. Перад тым як пакаваць чамаданы, лепш зьезьдзіць на разьведку. Ведаю дзяўчыну з Чыкага, якая прыяжджае на Гаваі перажыць зіму. Але каб увесь час — не, кажа, сумна. Круглы год адно і тое ж. У Беларусі радуесься сонцу, дажджу, сьнегу, а тут без разнастайнасьці. Акіян — так, але да ўсяго прызвычайваесься, пару разоў — і хапае. Вы калі прыедзеце на два тыдні ў адпачынак, больш прыемнасьці атрымаеце ад акіяну, чым мы. Дык ці варта запароць сваю мару, паехаўшы жыць?»

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 2.3 (оценок:44)