Абаронцы Курапатаў: Дыялёг з уласьнікам «Поедем поедим» і чыноўнікамі — толькі пасьля спыненьня працы рэстарацыі

Па выніках круглага стала з удзелам кіраўнікоў апазыцыйных палітычных партый і актывістаў прынятая рэзалюцыя, якая дэкляруе агульнасьць падыходаў да дзейнасьці забаўляльнай установы «Поедем поедим» у непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў.

Курапацкая вахта пад сьцягамі Беларусі, Эўразьвязу і ЗША

Як расказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў паседжаньня, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, за рэзалюцыю прагаласавалі 18 чалавек, адзін устрымаўся. Дакумэнт зьмяшчае тры пункты.

Абаронцы Курапатаў гатовыя размаўляць з уласьнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў — пры ўмове спыненьня працы ўстановы.

На момант перамоваў за кратамі не павінна заставацца абаронцаў, якія нясуць штодзённыя вахты пры ўезьдзе на тэрыторыю рэстарацыі.

 Удзельнікі круглага стала выступілі супраць бальшавізма, нацызма, антысэмітызма, патрабуючы публічнага на дзяржаўным узроўні асуджэньня гэтых злачынных ідэалёгій, і настойваюць на шырокім грамадзкім абмеркаваньні далейшай лёсу мэмарыялізацыі Курапатаў.

Апроч партыйных лідэраў і актывістаў курапацкага супраціву, у працы круглага стала таксама бралі ўдзел дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Паводле Рыгора Кастусёва, вызначана, што разам з сузаснавальнікам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам яны будуць наладжваць перамовы з суўладальнікам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам. Дата перамоваў пакуль нявызначаная.

Як нагадаў Кастусёў, першапачаткова акрэсьліць свае пазыцыі бакі зьбіраліся 29 чэрвеня. У той дзень на адкрыцьцё мэмарыялу на месцы канцлягеру ў Трасьцянцы зьехаліся прэзыдэнты Аўстрыі і Нямеччыны, шэраг урадавых дэлегацый. Актывісты разьлічвалі, што яны таксама наведаюць і Курапаты, таму папрасілі бізнэсоўца сустрэцца напярэдадні. Гэта не задаволіла Леаніда Зайдэса, у якога былі ўласныя пляны. У выніку перамовы не адбыліся, а да мэмарыялу даехала толькі польская дэлегацыя.

Адразу ж пасьля ад’езду эўрапейскіх чыноўнікаў пачаліся масавыя затрыманьні актывістаў — за круглы стол папросту не было каго сабраць. Пачакаць пагадзіўся і сам уладальнік забаўляльнай установы: дамовіліся, што перамовы пройдуць, як усе абаронцы Курапатаў выйдуць на волю.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4 (оценок:5)