.

11.07.2018
Сяргей Абламейка, Радыё Свабода
Чаму ня трэба кідацца пад колы наведнікаў рэстарану «Поедем поедим»

Паглядзеўшы ў Фэйсбуку вусьцішнае відэа пра тое, як наведнік рэстарану «Поедем поедим» з кулакамі, матам і крыкамі «У меня там ребёнок» кідаецца на абаронцаў Курапатаў, я задумаўся над пытаньнем, ці вінаваты той, хто ня ведае?

Ёсьць два адказы: максымалісцкі і рацыянальны.

Вінаватыя

Паводле максымалісцкага падыходу, так, вінаваты. Інфармацыі дастаткова, інтэрнэт пакуль уладамі не цэнзуруецца. Калі нехта ня чуў слова «Курапаты» — гэта яго ўласная праблема. Гэта паказьнік інтэлектуальнага і культурнага разьвіцьця асобы і маркёр той інфармацыйна-культурнай прасторы, у якой чалавек жыве, якую выбірае.

Можна сказаць і больш жорстка: жыць у Беларусі і ня ведаць пра Курапаты — гэта сьвінства ва ўсіх сэнсах.

Невінаватыя

Паводле рацыянальнага падыходу, людзі, якія ня ведаюць пра Курапаты, невінаватыя. Яны невінаватыя ў тым, што ўлада ўсяляк замоўчвае гэтую праблему, дазваляе там будаўніцтва камэрцыйных аб’ектаў, не стварыла мэмарыялу, перасьледуе абаронцаў і наагул пагарджае беларускай гісторыяй.

Паводле гэтага падыходу, неабазнаныя людзі невінаватыя нават у тым, што ня трацяць апэтыт каля могілак. Якая гісторыя, якое грамадзтва, такая і мараль.

Пры гэтай уладзе сытуацыя ня зьменіцца

Людзі маюць права ня ведаць. А тыя, хто ведае, маюць права пагарджаць іншымі за няведаньне — права маюць, але ня будуць. Ім не дазволяць іх веды і культура. Абазнаны здольны зразумець неабазнанага.

24 гады інфармацыйна-інтэлектуальнай пустэчы ў Беларусі вытварылі асаблівы тып людзей (або не далі стварыцца новаму, закансэрваваўшы «саўка»). Той, хто ведае, разумее, што неабазнаным веды, інфармацыю трэба ў галаву ўбіваць — у школе, у вучэльні, у тэхнікуме і ВНУ, па тэлебачаньні, па радыё і ў газэтах. Убіваць ня тое што кожны год — кожны дзень.

Гордыя сваёй колішняй перамогай над нямецкім фашызмам (якую Васіль Быкаў называў насамрэч паразай) неабазнаныя ня пойдуць спраўляць патрэбу да Вечнага агню і не паставяць там мангал для смажаньня шашлыкоў. Павага да тога месца ім загнана ў галаву назаўсёды.

Спажыўцы інфармацыі маюць права быць толькі яе спажыўцамі. Таму ім трэба ўбіваць і ўбіваць у галаву веды пра Курапаты і пра іншыя болевыя пункты беларускай гісторыі. Магчыма некалі так і будзе. Цяпер гэтага няма.

Цана памяці і бяспамяцтва

Памяць пра Курапаты і тых, хто там ляжыць, вартая нашых ахвяраў. Але хай гэта будуць ахвяры вольнага часу, інтэлекту, вынаходлівасьці, грошай і маральнай сілы.

І хай гэта ня будуць ахвяры фізычныя. Неабазнаныя спажыўцы інфармацыі з добрым апэтытам ня вартыя траўмаў Ніны Багінскай і Леаніда Кулакова. Гэтыя людзі нам дарагія сваёй актыўнасьцю, прыстойнасьцю і ахвярнасьцю. Яны героі — але геройства іх сёньня мала хто ацэніць.

Як мала хто ацэніць і пасадкі на суткі тых лідэраў і актывістаў, якія на волі могуць зрабіць значна больш з дапамогай негвалтоўнага і разумнага супраціву.

Што рабіць

На маю думку, абаронцам Курапатаў лепш ня кідацца пад колы машын наведнікаў злашчаснага рэстарану і не перашкаджаць іх руху.

Варта проста стаяць збоку і старацца мірна і годна патлумачыць сваю пазыцыю.

Амаль ніхто сёньня ўжо рэальна ня ведае, што ў 1990-я гады былі два афіцыйныя расьсьледаваньні пракуратуры, якія цалкам пацьвердзілі — у Курапатах ляжаць дзясяткі тысяч ахвяр сталінскага тэрору.

Трэба надрукаваць вялікім накладам і раздаваць брашуры з акуратнымі статыстычнымі дадзенымі — 510 магіл па 50-60 чалавек у кожнай (мінімальна 30 тыс. ахвяр), з жудаснымі здымкамі з раскопак, на якіх прастрэленыя чарапы і рэчы забітых: акуляры, гузікі, расчоскі, чаравікі.

Можна надрукаваць буклетам артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці» або вытрымкі з кніг пра Курапаты. Можна надрукаваць і водгукі вядомых людзей пра «Поедем поедим».

Стаяць збоку, раздаваць наведнікам, напрыклад, калі тыя ўжо ад’яжджаюць. Магчыма, наступным раз і не прыедуць.

А можа і ня толькі «не прыедуць». Можа яны яшчэ і зразумеюць жорсткае правіла гісторыі: шанаваць і памятаць пра Курапаты трэба для таго, каб яны не паўтарыліся.

Бо там ляжаць ня толькі людзі з добрай памяцьцю, але і з дрэннай.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:30)