.

11.07.2018
Андрусь Гаёвы, Наша Ніва
Як на Тураўшчыне людзі з лесу грошы носяць

Сапраўднае чорнае золата Палесся — гэта не нафта.

Сапраўднае чорнае золата Палесся з’яўляецца штогод у сярэдзіне лета ў лесе і расце на маленькіх кусціках. Але за пару месяцаў яно дазваляе палешукам зарабіць грошай столькі, колькі праца ў мясцовых калгасах і школах не дасць і за год. У лясах Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» саспелі чарніцы…

«Штодня сплачваю людзям па 8 тысяч даляраў»

Валерый Карамян жыве ў вёсцы Азяраны Жыткавіцкага раёна. Гэта якраз паміж Туравам і лясным масівам Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Валерый — індывідуальны прадпрымальнік. У яго ёсць некалькі парнікоў, дзе ён вырошчвае агуркі і памідоры. Але зараз «парніковымі» справамі ён мае час займацца недзе пару гадзін — да 11 раніцы. Потым у яго двары ажыятаж. Валерый прымае чарніцы ад іншых вяскоўцаў.

— Сёння цана ўпала. Раптам аптавікі, якім я здаю, скінулі закуп з 4,5 рубля за кілаграм да 3,7. У выніку і я вымушаны знізіць цану. Учора яшчэ браў па 4,2, а сёння буду браць па 3,5, але цана то падае, то расце, у залежнасці ад розных чыннікаў — коштаў у Расіі і Еўропе, колькасці здадзеных ягадаў, — кажа Валерый.

У яго ў навакольных маленькіх вёсачках яшчэ восем пунктаў прыёму. Там ягады прымаюць ягоныя людзі.

— А я з 11 раніцы да вечара прымаю тут, у Азяранах, а потым паўночы езджу па іншых вёсках збіраць тое, што напрымалі там. А потым вязу, здаю на аптовыя фірмы, якія ўжо займаюцца далейшай перапрацоўкай — ачышчаюць, фасуюць, замарожваюць. Такія ёсць у Петрыкаве, Любані, Старобіне. Я звычайна здаю ў Старобін. Штодня па 4 з лішкам тоны. Атрымліваецца, я штодня плачу сваім землякам, якія збіраюць і здаюць мне ягады, па 8 тысяч даляраў. Людзі задаволеныя. Зараз вёскі на Палессі пустыя. Усе ў лесе. Сем’ямі.

Паўдня ў лесе — і 170 рублёў у кішэні

Пакуль мы размаўляем з Валерыем у хаце, туды заходзіць жанчына:

— Хадзем! Прывезлі табе багата!

— А вы ведаеце, што цана ўпала? Па тры пяцьдзясят сёння бяру. Паедзьце спытайце ў Сашы. Мо ён яшчэ не расчухаўся ды па-старому прымае, то яму здасцё.

— Ды вы ўсе вушлыя! Калі ў цябе ўпала, дык і ва ўсіх так будзе. Падымецца — дык падымецца. Чаго ездзіць?! Хадзі прымай.

У двары Валерыя — вялікі будынак, збіты з дошак, які ён называе «ангарам». Там ён і прымае, і захоўвае ягады да таго, як везці аптавікам. Тут ужо стаіць цэлая сям’я. Аляксандр з маці і дачкой прывезлі поўныя тры вялікія лубяныя кашалі, у Тураве і Азяранах на іх кажуць «шані», ды яшчэ і два вядзерцы. Разам — больш за 40 кілаграмаў. Пасля таго, як ягады ўзважылі і запісалі вагу ў адмысловы спіс, іх высыпаюць у пластыкавыя скрыні і настае час разліку. Аляксандр з сям’ёй атрымлівае амаль 170 рублёў.

— Я з паловы на сёмую ў лесе. Разам з маці, і дачка дапамагае. Жонка на працы — не атрымліваецца ў яе, а так бы і яна з намі ў ягады ездзіла. А што рабіць? Грошы ж трэба! А дзе іх яшчэ заробіш, як не цяпер у лесе?! Калі ведаеш мясціны ўраджайныя, дык набярэш хутка. Але сёлета ўраджай сярэдні. Апошнія колькі год хвойнікі сохнуць, нейкія жукі іх ядуць, павыразалі кругом дзялянкі — лепшыя ягаднікі. Але ж засуха колькі год была, то і ягад не было асабліва. А сёлета чарніцы цвілі адменна, я думаў ягад будзе — не збяром. Аж нешта не так і багата іх. Але ж зарабіць можна, калі не ленавацца.

Пакуль Валерый разбіраўся з Аляксандрам і ягонай сям’ёй, у двары ўжо пачынае ўтварацца чарга. Хто з вёдрамі, а хто і з пластыкавым пакетам. Хлопец, які прынёс ягады ў пакеце, атрымлівае 20 рублёў і кажа, што ідзе назад у лес, да вечара яшчэ прынясе.

Камарыны піск і людскія воклічы

У лесе каля вёскі Бярэжцы сапраўды шматлюдна. З-за дрэваў і кустоў то там, то там бачныя яркія адзенні збіральнікаў чарніцаў — сінія, чырвоныя, белыя плямы. Каб не згубіцца ў лесе. А яшчэ людзі час ад часу пераклікаюцца, галёкаючы адно аднаму. А там, дзе пакінуты абед і куды патрэбна будзе вярнуцца, каб не згубіць тое месца, на галінках вісяць альбо нейкія прадметы вопраткі, альбо пакеты набраных чарніцаў. Ягад шмат, людзі стараюцца ўхапіць як паболей. Таму, набраўшы вёдры, перасыпаюць ягады ў пакеты і ідуць з вядром збіраць яшчэ.

— Я ў лес паехаў роварам а чацвёртай гадзіне, — распавядае жыхар Бярэжцаў Мікола Румянцаў. — Сёння вырашыў далёка не перціся, бо нейкае надвор’е ненадзейнае — нібы на дождж, хмарна. Але пакуль неба трымаецца, то во збіраю. Ягад трохі е. Толькі суха ў нас было, дык яны драбнаватыя. Але дарма — набіраю. Рэкорд сёлетні быў у мяне — 36 кілаграмаў за дзень. 147 рублёў тады атрымаў. Не ведаю, ці доўга сёлета яны будуць, у траўні было цёпла, дык яны рана пайшлі. А летась я здаў апошні раз чарніцы 31 жніўня, і адразу пераключыўся на журавіны.

— Камары не даюць браць ягаду, — наракае Алена, якая прыехала з сяброўкай у лес пад Бярэжцы з Турава. — Калі б сонца, дык яны не так, а сёння пахмурна стала, то абляпляюць, пішчаць — нерваў не стае! Ды й дробныя тут ягады нейкія. Трэба прасіць дзядзьку Колю, каб завёў, дзе большыя. Нам жа ж толькі на варэнне набраць, мы не здаваць.

Камары і сапраўды вакол і ўсюды. Пішчаць над вухам, лезуць у твар, кусаюць за рукі. Гэта, мусіць, самае непрыемнае ў зборы чарніцаў. Сам жа працэс збору тут ў асноўным «механізаваны» — спецыяльныя грэбні, праз якія прапускаюць чарнічны кусцік, зрываюць адразу ўсе ягады адным рухам. Мясцовыя завуць іх «камбайнамі».

Адзін ягаднік прадэманстраваў такі «камбайн» цалкам драўляны, выраблены яшчэ ягоным прадзедам у першай палове мінулага стагоддзя. Больш сучасныя грэбні з дроту, металічныя. І хаця іх выкарыстанне афіцыйна забароненае, людзі не разумеюць, што ў іх кепскага.

— Чарнічнік яны не рвуць, — апраўдваюцца яны.

— Не трэба мяне фатаграфіраваць, не бачыце — я ж «камбайнам» бяру. Хочаце, каб яшчэ якія інспектары мне штрафу далі?! — абураецца адна кабета.

Магчыма, і так — сёння розных прыродаахоўных інспекцыяў створана столькі, што пальцаў аднае рукі не хопіць, каб пералічыць. А для палешукоў чарнічны сезон насамрэч год корміць.

Ягады і грыбы ў былым запаведніку збіраць дазваляецца, акрамя асабліва запаведнай зоны, у якой цяпер пакінулі толькі верхавыя балоты ў самым цэнтры масіву. А тыя грабёнкі палешукі прыдумалі не цяпер, калі чарніцы пачалі скупляць камерцыйныя фірмы, а значна раней. Бо збор чарніцаў у лесе — сапраўды цяжкая праца. Але вартая таго!

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:7)