.

10.07.2018
Iгар Карней, Радыё Свабода
У Беларусі зьявілася расейскае піва «Навічок»

Зьяўленьне ў беларускай гандлёвай сетцы гатунку піва «Навічок» вытворчасьці расейскай кампаніі Alaska Brewery выклікала бурнае абмеркаваньне ў інтэрнэце.

Скрыншот са старонкі з апісаньнем гатунку піва Novichok на сайце кампаніі Alaska Brewery

Як піша беларускі сайт пра піва, многія спажыўцы выказаліся пра неэтычнасьць продажу напою з такой назвай.​

Гатунак «​нэрвова-паралітычны»​

«Навічок» зьявіўся на фоне гісторыі з атручваньнем аднайменным рэчывам у красавіку 2018 году ў Вялікай Брытаніі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. Брытанскія спэцслужбы заявілі, што расейцы былі атручаныя «Навічком» і абвінавацілі Маскву ва ўжываньні хімічнай зброі. Пасьля працяглага лекаваньня Скрыпалі былі выпісаныя са шпіталя.

У чэрвені 2018 году ад такога ж рэчыва пацярпела ангельская сямейная пара. Нягледзячы на стараньні мэдыкаў, Дон Стэрджэс памерла 8 ліпеня. Спэцыялісты брытанскай хімічнай лябараторыі Porton Down пацьвердзілі, што абое пацярпелыя таксама былі атручаныя «Навічком».

Бровар Alaska Brewery ў апісаньні піўнога гатунку праводзіць наўпроставыя паралелі сваёй назвы з атрутным рэчывам: «Чароўны густ зацягвае вашыя рэцэптары і сьвядомасьць у нэрвова-паралітычную нірвану. Строга засакрэчана. Трамп ня зможа нічога даказаць».

Блогер: «У сучаснай Расеі начыста адсутнічае мараль» ​

Карыстальнікі інтэрнэту абураюцца беспрынцыповасьцю расейскага вытворцы і ставяць нэгатыўныя ацэнкі на старонцы кампаніі. Беларускі блогер Radjesh Chou, які зьвярнуў увагу карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Facebook на зьяўленьне гэтага піва ў Беларусі, выказаў сваё стаўленьне ў камэнтары Свабодзе.

— Я лічу гэта крайняй праявай цынізму. Гэта як калі б назваць піва «Цыклён Б», а на этыкетцы намаляваць кучу трупаў з Асьвенціма. Таксама, мусіць, было б цікава. У сучаснай Расеі начыста адсутнічае якая-небудзь мараль, прычым я кажу як пра дзяржаву, так і аб асобных грамадзян, якім магло прыйсьці ў галаву стварыць падобны прадукт. І ўжо тым больш, я не хацеў бы бачыць гэты апафэоз ідыятызму ў сябе на радзіме», — сказаў блогер.

Менскі бар: «Я абавязкова прыбяру гэтае піва або сама вып’ю»

Дырэктарка менскага бару Cheer Bear, у якім заўважылі піва «Навічок», заявіла Свабодзе, што замаўляла піва сама і ня думала пра аднайменную атруту — звычайна бар замаўляе ўсе навінкі, што пастаўляе кампанія «Бірштат» (у прайс-лісьце на сайце кампаніі ёсьць прадукцыя бровару Alaska, але няма менавіта «Навічка»).

— Калі вы пастаянна шукаеце нейкія падпольныя сэнсы ў этыкетках, гэта вашыя праблемы, — дадала дырэктарка бару Cheer Bear, якая назвалася Веранікай. — Сувязь з атрутай, спробы забойства… Я абавязкова прыбяру гэтае піва або сама вып’ю, каб, калі што, усё паклалася на мяне.

Расейскі бровар: «Лічым сваю іронію дарэчнай»

Тым часам Alaska Brewery выступіла з заявай у адказ на крытыку свайго новага крафтавага гатунку. У ёй адзначаецца, што ў траўні выйшаў гатунак піва пад назвай Novichok, які ў Расеі «не сустрэў ніякага нэгатыву».

— Рэакцыя на назву была ад «добра» да «ніяк». Рэакцыя правільная і лягічная. Іронія, якую нехта ацаніў, а хтосьці не. Цяпер наша піва разышлося па Менску. І што пачалося? Нас, як і ўсю Расею, пачалі вінаваціць у атручваньнях, якіх не было. Афіцыйна гаворым, што лічым сваю іронію дарэчнай зь дзьвюх прычынаў. 1) Мы верым, што Расея ня мае дачыненьня да „забойстваў“ у Брытаніі, а Novichok — гэта фэйк заходніх СМІ. 2) Мы жывём у свабоднай краіне і нам дазволена іранізаваць нават з палітыкі. І мы ганарымся гэтым.

Alaska Brewery сьцьвярджае, што пасьля «атакі» з боку беларускіх СМІ многія падпісчыкі дасылаюць асабістыя паведамленьні са словамі падтрымкі, але мэнэджэры просяць выказацца ў сацыяльных сетках публічна, каб быць пачутымі.

— Нам патрэбна ваша падтрымка! — падсумоўвае расейскі вытворца піва «Навічок».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.6 (оценок:25)