На Гомельшчыне пасля скандалу пераможцы «Дажынак» вярнулі імянны трактар

Адна з найлепшых трактарыстак Гомельшчыны Галіна Кажанава, якая праз канфлікт з кіраўніцтвам сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крыўск» страціла працу і імянны трактар «ад Лукашэнкі», дамаглася «аднаўленьня справядлівасьці».

На леташніх «Дажынках» жанчына за працоўныя посьпехі атрымала імянны трактар. Праз канфлікт з кіраўніцтвам гаспадаркі «Крыўск» (Буда-Кашалёўскі раён) і звальненьне яна засталася бяз тэхнікі. Мясцовыя чыноўнікі сьцьвярджалі, што трактар — на балянсе гаспадаркі «Крыўск». Галіна даводзіла: тэхніку ўручылі менавіта ёй і ня мелі права забіраць.

Праз шматлікія публікацыі ў мэдыя пра канфлікт даведаліся ў адміністрацыі прэзыдэнта. Галіне Кажанавай вярнулі імянны трактар і папрасілі вярнуцца на працу.

Адна з крыніц у органах улады распавяла карэспандэнту Свабоды, што гомельскім чыноўнікам «далі па шапцы» з адміністрацыі прэзыдэнта. «Ім было несалодка, скажам так», — заўважыў суразмоўца.

Да Галіны Кажанавай у Крыўск цугам пацягнуліся дэлегацыі з раёну і вобласьці.

— Быў старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкаму Андрэй Гарбачоў і намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Аляксандр Мікалуцкі. Прасілі памірыцца, забыць мінулыя крыўды і вярнуцца працаваць, — распавядала Свабодзе Галіна Кажанава.

Яна пагадзілася. Але знайшла свой трактар у неналежным стане.

— Я так не дамаўлялася, што мой трактар разьбяруць! Так і сказала дырэктару гаспадаркі: «Што гэта такое? Я ж па-чалавечы да вас паставілася, вы мяне прасілі выйсьці на працу!» У хуткім часе прыехаў з аблвыканкаму Аляксандр Мікалуцкі, абяцаў, што трактар будзе адрамантаваны, ён на гарантыі. І прыехалі майстры, давялі яго да толку, — зазначыла трактарыстка.

13 чэрвеня яна пачала працаваць на прэс-падборшчыку. Кажа, што на поле назіраць за яе працай прыяжджалі начальнікі на трох аўтамабілях.

— Але я ім даказала, што ўмею працаваць — і з плугамі, і на камбайне, і з прэсам! Бо дырэктар гаспадаркі спытаўся: «А вы хоць умееце з прэсам працаваць?» Я кажу яму: для чаго так мяне прыніжаеце? Я на ўсім магу працаваць!, — перадае размовы Галіна Кажанава.

Дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крыўск» Андрэй Зубараў пацьвердзіў, што трактарыстка выйшла на працу 12 чэрвеня. Ён таксама пакуль застаецца кіраваць гаспадаркай.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.6 (оценок:14)