.

13.06.2018
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода
«Міністэрства культуры ва ўсім вінаватае» — аўтарка праекту зон аховы Курапатаў тлумачыць, дзе парушаны закон

За два месяцы ўсю забудову рэстарана «Поедем поедим» можна проста перанесьці ў іншае месца на кальцавой, — кажа гісторык архітэктуры Вольга Кукуня.

— Ужо б кармілі ўсю кальцавую! Але яны гэтага чамусьці ня хочуць. З маніякальнай упартасьцю вось тут (у Курапатах. — РС) ім трэба.

Узьлесьсе Курапатаў і агароджа рэстарацыі

Гісторык архітэктуры і рэстаўратарка Вольга Кукуня разам з Тацянай Косьціч распрацоўвалі праект зон аховы Курапатаў, які быў зацьверджаны пастановай Міністэрства культуры № 15 ад 12 мая 2004 году.

Менавіта гэтыя межы зон аховы парушыў забудоўшчык рэстарана «Поедем поедим». У 2012 годзе гэта пацьвердзілі Міністэрства культуры і Генэральная пракуратура. Але незаконныя пабудовы засталіся на месцы. Бо Міністэрства культуры вырашыла закон зьмяніць: у новым праекце яно зьменшыла зоны аховы, якія зацьвердзіла пастановай ад 1 сьнежня 2014 году. Так раней нелегальныя пабудовы рэстарана «Поедем поедим» сталі легальнымі.

Радыё Свабода дагэтуль чакае ад Міністэрства культуры адказу на запыт, чаму ў пэрыяд з 2012 па 2014 год ведамства не рабіла захадаў, каб вынесьці незаконныя пабудовы зь дзейных на той час зон аховы.

А пакуль мы запыталіся ў Вольгі Кукуні пра яе стаўленьне да праблемы.

— Міністэрства культуры вінаватае ва ўсім, — адразу кажа Вольга Кукуня. — Я гэтую сытуацыю з рэстаранам увогуле не разумею. Зрабілі б яны на пару кілямэтраў убок. Там жа хапае месца, каб пабудаваць рэстаран. Гэта наўмыснае дзеяньне.

У праекце Кукуні-Косьціч зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці на адрэзку мяжы з рэстаранам складалі 150 мэтраў. У новым праекце яны зьменшаныя да 50 мэтраў.

Ахоўная зона Курапатаў паводле праекту Тацяны Косьціч і Вольгі Кукуні 2003 году

Вольга Кукуня тлумачыць, што калі рабілі праект, улічвалі відавыя пункты і ўмовы захавальнасьці помніка. Паколькі на час распрацоўкі на гэтай тэрыторыі ўжо была заправачная станцыя, зрабілі шырыню 150 мэтраў. Калі б яе не было — шырыня зон аховы магла б быць яшчэ большая.

— У нас у галаве не было, што хтосьці можа пабудаваць там нешта забаўляльнае, лазьні, яшчэ нешта, — дзівіцца яна.

— Вялікую ролю ў апазнавальнасьці гэтага комплексу граюць крыжы. Чым раней ты іх бачыш, набліжаючыся да месца, тым мацнейшы вобраз, — тлумачыць аўтарка праекту. — Я калісьці Бабін Яр праяжджала ў Кіеве. Я ня ведала, што ён там, але мяне кожны раз ахопліваў жудасны стан. І мы гэтым кіравалася: лепшы відавы пункт, і каб проста так машыны не спыняліся там. Раней там і вогнішчы палілі, шашлыкі.

— Ня месца там народу гуляць проста так. А што ўжо казаць пра тое, каб лазьні будаваць, вячэраць, абедаць...» — кажа яна.

Вольга Кукуня зьвяртае ўвагу, што прадстаўлены імі праект зацьвердзілі цалкам і ён меў законную сілу.

Тэрыторыя рэстарацыі на фоне курапацкіх крыжоў

У пастанове Міністэрства культуры ад 12.05.2004 гаворыцца, што схема зон аховы зацьверджаная на пэрыяд «да распрацоўкі горадабудаўнічага праекту стадыі Дэталёвы плян».

Гэта дазволіла прадстаўнікам Міністэрства культуры называць законна дзейныя на той момант зоны аховы «часовымі» на грамадзкіх абмеркаваньнях новага праекту. «Локшынай на вушы» называе гэты аргумэнт Вольга Кукуня.

— Быў праект, і па праекце было 150 мэтраў, — кажа яна. — Закон парушаны.

— Ахоўныя зоны вызначаюць Дэталёвы плян, а не Дэталёвы плян вызначае ахоўныя зоны, — тлумачыць Вольга Кукуня. — Галоўнае ва ўсіх сытуацыях з помнікамі — гэта ахоўныя зоны. Яны вызначаюць рэжымы, а не наадварот. Калі б было наадварот, то ў ахоўных зонах увогуле сэнсу няма. Спасылацца на гэты плян сьмешна і непісьменна.

Дзеяньні Міністэрства культуры ў галіне рэстаўрацыі Вольга Кукуня ацэньвае як непрафэсійныя.

— Глядзіце, 2012 год (у якім Міністэрства культуры і Генэральная пракуратура зафіксавалі парушэньне заканадаўства. — РС.). Цяпер 2018-ы. Што за гэты час Міністэрства культуры зрабіла? Дабівалася зносу гэтай пабудовы і пераносу ў іншае месца? Не! Гэтая арганізацыя займалася тым, каб перарабілі праект (зон аховы — РС). Займаліся тым, каб зрабіць горш і пакінуць тое, што было зроблена горш, — абураецца Вольга Кукуня.

Паводле яе, нават калі было выяўлена парушэньне, забудову можна і трэба было перанесьці. Зрабіць гэта, кажа яна, вельмі проста.

— Гэта ж ня тое, каб зьнесьці іх і спаліць. Усё разьбіраецца, пераносіцца на новае месца па кальцавой. Там ня так і шмат аб’ектаў харчаваньня, — кажа яна. — Усталявалі б усё гэта за два месяцы і ўжо кармілі б усю кальцавую. Але яны гэтага чамусьці ня хочуць. З маніякальнай упартасьцю вось тут ім трэба. Я гэтага не разумею.

— Там жа ня камень, не бэтон, звычайныя бярвёны. У каго такая нянавісьць да Курапатаў?! — задаецца яна пытаньнем.

Каб выправіць сытуацыю, мяркуе Вольга Кукуня, найперш трэба падаць запыт у пракуратуру, каб даведацца, на падставе чаго быў зроблены новы праект і зьменшаная тэрыторыя зон аховы.

— Новы праект зон аховы магчымы тады, калі знойдзеныя новыя дакумэнты, матэрыялы, якія сьцьвярджаюць, што гэтая тэрыторыя раней была забудаваная, — тлумачыць яна. — Але там забудовы ніколі не было. Новыя зьвесткі ў тых, хто перарабіў праект, не зьявіліся. Я ня бачу, чым можна давесьці, што тут была мяжа вёскі ці жылі людзі.

Але ня толькі гэта турбуе гісторыка архітэктуры. Для Вольгі Кукуні ў Курапатах ёсьць яшчэ адно балючае месца.

— Я лічу, што помнікі, якія яны (улады. — РС) зьбіраюцца ўзводзіць, не патрэбныя, — кажа яна. — Трэба захаваць поле, празь якое ішла «дарога сьмерці». Захаваньне поля і лесу, сьветлага і цёмнага — гэта ж апошняе, што яны бачылі, калі іх туды прывозілі. І крыжы, якія там стаяць. З крыжамі камусьці выдатная ідэя прыйшла. Больш нічога ня трэба.

— Тыя хлопцы, якія там стаяць і ахоўваюць цяпер, гонар ім і хвала, — кажа Вольга Кукуня.

Паводле гісторыка архітэктуры і рэстаўратаркі Вольгі Кукуні, парушэньне заканадаўства ў дачыненьні да Курапатаў вельмі шкоднае ў маштабах усёй краіны.

— Калі цяпер яны ня будуць пакараныя за тое, што зрабілі, гэта спрэс па ўсёй Беларусі пойдзе, — кажа Вольга Кукуня. — Што «так можна, толькі гэта будзе столькі каштаваць». «Вось гэты чалавек можа зрабіць вось так, што ахоўную зону ўвогуле прыбяруць». Вось у гэтым уся трагедыя. Яны гэтага ніяк не зразумеюць. Не ўкладаецца ў іх, што гэта нельга. Нельга гэтаксама, як нельга забіваць. І гэтага ня трэба нікому даводзіць.

Как выросло поколение, которое не страшат кресты под окнами ресторана

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:34)