13.06.2018
Вольга Хвоін, baj.by
Настасся Зелянкова: «На Купалле, дзе голымі сягалі ў рэчку, мяне не пусціла рэдакцыя»

Журналістка інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Настасся Зелянкова, якая піша пра палітыку ды грамадства, падрыхтавала да выдання кнігу «В постели с белорусом: из истории национального секса».

Замовіць асобнік можна тут. Мы ж паразмаўлялі з Настассяй пра свабодныя норавы беларускіх жанчын ды ейны досвед у полавым выхаванні дзяцей.

«Кніга таму і па-руску, што мне хацелася паказаць не надта зацікаўленым людзям нашу гісторыю праз такую вострую тэму. У нацыянальна свядомых людзей нічога абуджаць не трэба, яны і так усё ведаюць. Гэтая кніга для тых, хто пасля прачытання можа сказаць: «Ого, беларусы крутыя, а мы і не ведалі», — аўтарка пачынае размову адказам на абвінавачванні ў інтэрнэце патэнцыйных чытачоў, падкрэслівае, што ў кнізе сабраныя толькі факты, але ніяк не фантазіі і прыдумкі.

— Ці шмат у беларускай гісторыі было канфліктаў, звязаных з пачуццямі?

— Нямала. Тыя ж дынастычныя шлюбы былі звязаныя з такімі адносінамі. Напрыклад, Ягайла спрабаваў ажаніцца з Ядвігай, калі яна была заручаная з герцагам Аўстрыйскім Вільгельмам. Кажуць, Ядвіга нават з сякераю кідалася да варот Кракаўскага замка, каб сустрэцца з каханым. А потым усё ж яе неяк угаварылі на шлюб з Вялікім каралём літоўскім. Ці апошні Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст Станіслаў Панятоўскі — ён быў каханкам Імператрыцы Кацярыны, а да таго ж меў вялікую колькасць палюбоўніц і пазашлюбных дзяцей, якія пасля бралі шлюб з прадстаўнікі еўрапейскай знаці.

— Якое амплуа у беларускіх жанчын у нашай гісторыі, бо ў падручніках прадстаўленыя досыць прагрэсіўныя асобы — Рагнеда, Еўфрасіння, Бадунова?

— Жанчыны з нашых зямель заўсёды лічыліся актыўнымі і больш свабоднымі. А польскія гісторыкі, напрыклад, увогуле пісалі пра ліцвінак як пра распусных жанчын, якія маюць і мужоў і палюбоўнікаў. Нельга сказаць, што тут адбываліся Садом і Гамора. Проста для палякаў з іх моцным касцёлам, які істотна ўплываў на жыццё, тутэйшыя норавы здаваліся неймавернай распустай. Канешне, няма дыму без агню: былі і пазашлюбныя стасункі, і разводы.

Цікава, што нашыя продкі разводзіліся і з такіх прычын, як халоднае стаўленне жанчыны да мужа ці бяссілле мужа ў ложку.

Вядомы выпадак, калі жанчына сышла ад мужа, бо той быў геем. Размова пра Канстанцыю Сангушку-Рагалінскую, гэта пачатак 18 стагоддзя. Яе першы муж Януш Сангушка быў гомасэксуалам і, нягледзячы на ​​ўсе намаганні сям'і, застаўся абыякавым да прыгажуні жонкі. Усе бацькоўскія грошы Януш марнаваў на палюбоўнікаў, адорваючы сваіх фаварытаў маёнткамі і каштоўнасцямі. Дайшло да таго, што ягоны бацька Павел Сангушка нават загадаў пабіць дубцамі аднаго з кавалераў сына, але дамогся толькі таго, што Януш перастаў відавочна дэманстраваць свае схільнасці.

Канстанцыя пакрыўдзілася на такое абыходжанне і вярнулася дадому. А спроба прымірэння не мела поспеху, бо, вярнуўшыся да мужа, жанчына так і не дачакалася ад яго выканання шлюбных абавязкаў. Жывучы ў асобных пакоях і не атрымліваючы ад мужа нічога, акрамя «добрай раніцы» і «добрай ночы», Канстанцыя ў выніку канчаткова з'ехала і жыла асобна. Пазней яна выйшла замуж за маладога прайдзісвета, ды так і не зведала сямейнага шчасця.

Шматлікія сведчанні пра інтымнае жыццё шляхты можна знайсці ў тагачаснай перапісцы. Эпісталярныя помнікі, якія дайшлі да нашых дзён, — проста скарбніца такой інфармацыі. Да прыкладу, лісты караля Яна Сабескага (17 стагоддзе) да сваёй жонкі Марысенькі. 40 гадоў палкай страсці, 13 дзяцей і 4000 лістоў, у якіх муж і жонка даволі адкрыта апісвалі свае пачуцці.

Напрыклад, ліст караля, дзе ён паведамляў сваёй жонцы пра калмыка, які ў яго служыў і ведаў шмат любоўных пазіцый. Кароль пісаў, што гэты «найраспутнейшы гультай пераўзышоў усіх у мастацтве любові, і французаў, і італьянцаў, і іспанцаў, і туркаў» і рабіць гэта можа на «дванаццаць розных ладоў, чаму навучыўся ў калмыкаў». Далей Сабескі дадаваў: «Гэта ж табе, мая Спадарыня, на добрую ноч, каб было пра што падумаць, чаму вучыцца і да чаго рыхтавацца, і са свайго боку што новага прыдумаць, калі мяне Гасподзь Бог здаровым да сэрца Твайго прывядзе».

Адзначу, я карысталася адкрытай інфармацыяй, падрыхтаванай нашымі гісторыкамі, фалькларыстамі. У кнізе няма маіх фантазій. Мая праца заключаецца ў тым, што я сабрала матэрыялы ды структуравала іх паводле эпох. Напрыклад, пра сэкс грунтоўныя працы пісалі гісторыкі Аляксандр Гужалоўскі — «Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР (1919—1929 гг.)», Наталля Сліж — «Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стст».

— Этнографы адзначаюць, што каталіцкая частка Беларусі стала больш «стэрыльнай», у той жа час як на праваслаўнай тэрыторыі паганства квітнее і дагэтуль.  Ці адбіўся канфесійны падзел на інтымным баку жыцця людзей?

— Калі глядзець па розных перыядах, то ў 16 стагоддзі пра сэкс пісалі і гаварылі нашмат больш, было шмат нявенчаных шлюбаў, у літаратуры было больш фізіялагічных, а не рамантычных апісанняў . У 17-18 стагоддзі, калі царква пачала больш кантраляваць жыццё людзей, момант прыстойнасці стаў больш важным. Я кажу найперш пра дэклараваную культуру.

Але тое ж 18 стагоддзе лічылася векам распусты, бо гісторыкам вядома пра рэдуты, якія ладзіла шляхта. Гэта спецыяльныя платныя балі з танцамі і пачастункамі, часам маскарадамі. Пакуль адны балявалі, іншыя маглі сустрэцца і правесці час у асобных пакойчыках, ключ ад якіх выдаваў за грошы гаспадар дома. Муж не ведаў, што рабіла жонка, тая — чым займаецца ў гэты час муж.

Нездарма Сімеон Полацкі ў сваім вершы “Цуды свету”, узгадваючы пра дасягненні эпохі, разам з адкрыццём Амерыкі, прыдумкай компасу называе лекі ад сіфілісу. Гэта шмат пра што кажа.

— А што адбывалася ў жыцці вяскоўцаў? Грамада была лаяльнай ці наадварот строга кантралявала жыццё людзей?

— Трэба разумець, што шмат што залежала ад культурных традыцый, мясцовасці і гэтак далей. Калі ў адной вёсцы нешта было зафіксавана, то не значыць, што аналагічная традыцыя была і за 300 кіламетраў. Але ў цэлым грамадства жыло ў адным кантэксце.

Мяркуючы па фальклорным крыніцам, побыт нашых продкаў не зводзіўся выключна да функцыі працягу роду. І хай сваю «Камасутру» беларусы не стварылі, але тэхнікай сэксу валодалі не горш за індусаў, пра што не прамінулі згадаць у песнях.

Сядзіць свацця на елі,

Распусціўшы калені.

Або:

Ой, цешча мая, буду развадзіцца —

Твая дочка пада мной плоха шэвяліцца.

Ой, зяць дарагі, штой-та мне не верыцца:

Пад харошым мужыком і браўно шавеліцца.

Але трэба разумець, што такія саромныя прыпеўкі не спявалі ў побыце, пры дзецях, а звычайна сярод дарослых, падчас нейкага радзіннага рытуалу і гэтак далей.

—  Купалле проста сімвал эратызму ў беларускай культуры, у вас былі прыгоды на Купалле?

— Я замужам ужо 17 гадоў! (Смяецца. — Заўвага аўт.). Калі я хадзіла ў школу, то ў народным калектыве мы ладзілі спевы, выступы, вяночкі запускалі, але гэта, канешне, моцна адрознівалася ад таго, пра што я даведалася пазней. А вось на Купалле, дзе голымі сягалі ў рэчку, мяне не пусціла рэдакцыя — пакінулі працаваць.

— А што пісала дарэвалюцыйная прэса датычна тэмы сэксу?

— Газеты актыўна пісалі «пра ГЭТА», хоць не заўсёды так маляўніча і вынаходліва, як аўтары «Мінскага слова» і «Мінскага кур'ера». Напрыклад, прыводзіліся афіцыйныя дадзеныя гарадской управы па пытанні нагляду за прастытуцыяй, у крымінальнай хроніцы распавядалася пра злачынствы на сэксуальнай глебе. Дарэчы, паведамленні аб згвалтаваннях тады былі даволі рэдкімі. Газеты пісалі пра адзінкавыя выпадкі, і то часцей з вёскі. У горадзе ж драматычныя сюжэты звычайна абмяжоўваліся спакушэннем пакаёвак.

Газета «Наша ніва» пісала пра вярбоўку дзяўчат за мяжу для працы прастытуткамі. У №7 за 1913 год у артыкуле пад загалоўкам «Гандляр жывым таварах» паведамлялася пра раскрыццё канала паставак прастытутак з Віцебска ў ЗША:

«У мэбляваных пакоях (гасьцініцы) арэштавалі невядомаго маладога чэлавека, каторы вышуківаў прыгожых маладых дзеўчат нагаварываючы іх на выезд у Амэрыку. Як пасьля ўдалося выкрыць паліціі, ён атпраўляў дзеўчат у Амэрыку у дамы распусты».

Стракацелі газеты і адпаведнай рэкламай. «Голас правінцыі» ў 1907 годзе заклікаў: «Патрабуйце «Спермін» — найлепшы сродак для тых, хто пакутуе палавым бяссіллем, старэчай нямогласцю, істэрыяй».

А газета «Окина» 30 кастрычніка 1907 года на першай старонцы змясціла рэкламу прэзерватываў: «Атрыманыя з Парыжа прэзерватывы — самыя найноўшыя, не рвуцца, без шва, а таксама пласцінкі (засцерагальнікі). Пытацца ў аптэкарскай краме Е.Г. Левітаса па вул. Губернатарскай. Добрыя прэзерватывы («без шва») каштавалі дорага — аж тры рублі за тузін. За гэтыя грошы можна было купіць пару выдатных скураных чаравікаў.

У Мінску існаваў прыватны радзільны прытулак Бенцыона Ёльсана і Майсея Поляка на рагу Падгорнай і Каломенскі вуліц насупраць сучаснага будынка цырка. Там прымалі «сакрэтных» парадзіх, туды багатыя распуснікі, якія закруціць неасцярожны раман з прыслугай, з радасцю сплаўлялі ахвяраў сваіх захапленняў, будучы ўпэўненымі ў ананімнасці.

Што тычыцца парнаграфічнай друкаванай прадукцыі, то на тэрыторыі Беларусі падобныя выданні не выпускалі. Аднак «без клубнічкі» беларусы не заставаліся. Часопісы і паштоўкі, як тады казалі, «у французскім жанры» альбо замаўлялі поштай, альбо куплялі з-пад крыса: у кнігарнях ці ў прадпрымальных дзялкоў. Парнаграфічныя фотаздымкі таго часу адрозніваюцца ад сённяшніх хіба што абстаноўкай і спецыфічнай на сённяшні густ знешнасцю мадэляў. Нічога новага з тых часоў у гэтай вобласці не адкрыта.

«В постели с белорусом»: От «стервозности» лечили эротическим массажем

Вясной 1908 года праз гарадскую прэсу распаўсюдзіліся чуткі пра існаванне «Лігі вольнай любові». Газета «Минский курьер» расказвала чытачам, як адбываюцца сустрэчы таварыства: «Обширная комната. По сторонам у стен 5 кроватей. Разбросанное грязное постельное белье валяется по всей комнате. Посреди ее за столом, уставленным внушительной батареей пивных бутылок, — обширная компания. Все — гимназическая молодежь: юноши и девушки лет 17−19.

Как видно, чувствуют себя здесь все прекрасно. Пиджаки и куртки поскиданы, кофточки расстегнуты. Одна молоденькая девушка совсем сбросила свою блузку, и сползшая рубаха обнажила ее худенькие белые плечи и грудь. Во главе стола — гимназист Алексей. Благодарная внешность помогла ему вовлечь доверчивую молодежь в свой кружок «свободной любви». Кружок организован и делает все, о чем мечтал Алексей… Разговоры смолкли. Стало тихо.

— Ну, деточки мои, — прервал тишину Алексей, — за дело, а то уже поздновато. Возьми себе каждый пару!»

— У вас двое сыноў. Хто займаецца іх выхаваннем? Як адказвалі на першыя пытанні: «Мама, адкуль я ўзяўся?».

— У нашай сям'і няма выразнага падзелу абавязкаў, бо кожны працуе, хоча развівацца. Таму ўсе выхоўваюць. Увогуле дзіцяці нічога нельга “прышчапіць”. Ён паўтарае тое, што бачыць і чуе. Я не помню, каб адмыслова расказвала дзецям пра слупкі і тычынкі. А вось мае бацькі мне расказвалі.

Увогуле ў той час — 1990-ыя гады — пра гэта ўжо было шмат інфармацыі, мама мне прыносіла і кнігу, у якой расказвалася пра развіццё хлопчыкаў і дзяўчынак. А недзе ў маіх 15 год мама павяла на фільм кшталту «Дзікай архідэі». Магчыма, таму я спакойна стаўлюся да тэмы сэксу.

Тут можна падтрымаць выданне кнігі «В постели с белорусом: из истории национального секса»

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.4 (оценок:36)