Алексіевіч дапамагла шматдзетнай сям’і з Гомля, якой пагражала пастаноўка на ўлік праз хворага сабаку

Нобэлеўская ляўрэатка ў галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч дапамагла грашыма шматдзетнай маці Антаніне Шайнюк з Гомля, чыёй сям’і пагражала пастаноўка на ўлік.

Як паведамляе Радыё Свабода, на падтрымку сям’і пісьменніца даслала 2 тысячы рублёў.

Сям’ю Шайнюк дырэктарка гомельскай школы № 3 Ніна Старажэнка пагражала паставіць на ўлік як сацыяльна праблемную.

Шматдзетная маці была вельмі расчулена тым, што Алексіевіч патэлефанавала ёй, а сёньня даслала грашовы перавод.

«Вялікі дзякуй Сьвятлане Аляксандраўне! Гэта так нечакана для мяне, што яна зацікавілася лёсам маёй сям’і», — кажа Антаніна.

Дапамогу маці скарыстае на пагашэньне пазыкаў і адпачынак дзяцей.

Сьвятлану Алексіевіч уразіла, на чым грунтавала свае пагрозы кіраўніца школы: маўляў, Антаніна, якая адна гадуе чацьвярых дзяцей, несвоечасова сплачвае камунальныя плацяжы, а да таго ж трымае ў кватэры хворую аўчарку, якую пэдагог настойліва раіла ўсыпіць.

Дзеці Антаніны Шайнюк прывязаныя да сабакі, расьлі разам зь ёю. Яны просяць маці не аддаваць сабаку на згубу. Калі зноў прыйдзе камісія дасьледаваць жыльлёвыя ўмовы шматдзетнай сям’і, дзяўчаткі-школьніцы кажуць, што будуць хаваць сабаку, каб правяральшчыкі не пабачылі.

Пра канфліктную сытуацыю распавёў у відэасюжэце гомельскі блогер Арцём Шапараў. Ён стварыў у інтэрнэце групу падтрымкі шматдзетнай сям’і. Неабыякавыя людзі адгукнуліся — сабралі грошы, і сабаку праапэравалі ў вэтэрынарнай лячэбніцы. Сьвятлана Алексіевіч, са свайго боку, таксама падтрымала сям’ю матэрыяльна. Тым часам пісьменьніца штомесяц дапамагае грашыма інваліду трэцяй групы з Гомля Натальлі Васіленцы.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:22)